арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прэ́сны1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр.при́сний, рус.пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск.przasny ’няквашаны, свежы’, чэш.přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац.presný ’тс’, серб.-харв.пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен.présen ’свежы; няквашаны’, балг.пре́сен ’тс’, макед.пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл.*prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ.prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням.frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.
Прэ́сны2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр.жытом.прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг.пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).
Прэ́сны3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),
род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід.псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл.Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст.арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.
Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш.Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш.Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.
На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк.рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял.Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж.акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац.акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;
Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.
Г.Р.Куляшова.
Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
каза́ць1, кажу, кажаш, кажа; незак.
1.што, без дап. і сазлучн. «што». Выказваць у вуснай форме якія‑н. думкі, меркаванні; расказваць, гаварыць. Казаць праўду. Не казаць ні слова. Казку казаць. □ — Што сынку, што? — са слязамі ў вачах казаў.. дзядзька Кандрат.Брыль.— Сымон Чарнюк казаў, што тут скарб захаваны, — пацвердзіў Язэпка.Бядуля.Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.Прыказка.//перан.; каму-чаму. Выклікаць, абуджаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу.Колас.
2.безас.(уформе3ас.мн.). Ходзяць чуткі, пагалоскі; гавораць. І кажуць, ледзь ранак расісты Абудзіць дубровы Палесся, Да сябра свайго сувязіста Той голуб ляціць з паднябесся.Нядзведскі.
3. Абавязваць, загадваць. /уперан.ужыв.Сумленне кажа рабіць так.
4.перан. Сведчыць аб чым‑н., указваць на што‑н. Усмешка гэтая выразна казала аб тым, што Аленка нічога не мела, б, каб паганяцца за Сцёпкам.Колас.Сама [Ліда] і не чула б.., што сушыла смага, што галодная; сама не чула б, дык кажуць аб гэтым грудзі.Брыль.
•••
Добра кажаш (узнач.пабочн.) — сапраўды.
І не кажы(це)! — выражае поўную згоду з гаворачым: так, безумоўна.
Казань казаць — гаварыць павучальна і дакучліва.
Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш — загадзя не зрабіўшы, не хваліся.
Няма чаго казаць — ужываецца для выказвання згоды, салідарнасці з кім‑н.: сапраўды, на самай справе.
Што (тут і) казаць — нічога не скажаш, няма чаго гаварыць; праўда. — Ды што тут казаць, — падтрымаў Макара Аўдзеевіча млынар.М. Ткачоў.
Што (як) ні кажы — нягледзячы ні на што, як бы там ні было.
Як кажуць; як той казаў (узнач.пабочн.) — як прынята гаварыць. Пагаварылі крыху ды асталіся, як кажуць, пры сваіх інтарэсах.Бажко.На стале будзе, як той казаў, і паранае, і варанае.Васілёнак.
каза́ць2, кажу, кажаш, кажа; незак., што і чаго.
Разм. Паказваць. Цяпер на вуліцу і носа не кажы: будуць дражніцца.Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр.поса́д, рус.поса́д ’род або круг снапоў’, том.насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск.posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен.pósad, násad, nasàd, серб.-харв.на́сад, макед.насад ’тс’. Прасл.posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).
Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр.посад, рус.посад, ст.-рус.посадъ, польск., ст.-польск.posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,
найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.
Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. У паэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.
У бел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.
Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. У зах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. У цэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.
Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.
Літ.:
Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;
Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,
профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.
Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст.археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл.Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм. культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.
На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял.Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж.Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст.Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр.солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав.слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав.слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл.дыял.*vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав.слапъ ’хваля’, чэш.slap ’парог на рацэ’, серб.-харв.сла̑п, славен.slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг.слап ’хваля’, макед.слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл.*selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е.*sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр.палес.совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел.соўпаць(ца)) < прасл.*sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл.*solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен.slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв.slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен.slapéti ’сцякаць уніз’, укр.солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав.слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел.асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл.*solp‑ і *slop‑, параўн. польск.osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел.изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус.изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск.izba ’пакой’, в.-луж.jstwa, stwa ’тс’, н.-луж.śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб.jåzbă ’гасціная’, чэш.jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац.izba ’тс’, славен.ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв.уст.ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг.и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед.дыял.изба, визба ’склеп’. Ст.-слав.истъба ’пакой’, ст.-рус.истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл.*jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм.*stuba (ст.-в.-ням.stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл.stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц.étuve, італ.stufa, ісп.estufa, праванс.éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > ŭ яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл.*ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав.*jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.