прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змярцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, стаў мёртвым (пра клеткі, тканкі, часткі цела). Змярцвелыя тканкі. Змярцвелая рука. / Пра расліны, лісце. Змярцвелае лісце на дрэвах.

2. перан. Нерухомы, застылы, пазбаўлены жыцця. Кірыла быў хваравіты, на дзіва непрыгожы хлопец, са змярцвелым худым тварам. Лупсякоў. Хвіліну .. [хлопчык] стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Быкаў. // Апусцелы, заціхлы. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяспло́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Няздольны даваць патомства; які не дае патомства.

2. Неўрадлівы. Бясплодная глеба. □ Бясплодныя пустыні, дзе нічога не можа расці, пазбаўлены і металу і вугалю. Шахавец.

3. Які не дае вынікаў; бескарысны. Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачамі навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае гармоніі ў сваіх абрысах, афарбоўцы; пазбаўлены прыгажосці. Непрыгожы дом. Непрыгожая тканіна. // Непрыемны па свайму гучанню (пра голас, музыку, гукі і пад.). Непрыгожы голас.

2. Які мае непрывабную знешнасць (пра чалавека). Зрэшты, фройляйн была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару. Брыль. І назваць.. [Эльзу] непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Чарнышэвіч.

3. Заганны, несумленны, нядобры. Непрыгожы ўчынак. Непрыгожая гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нястро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нязграбную, няскладную постаць. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Нікановіч.

2. Пазбаўлены стройнасці, мілагучнасці. Словы, спачатку прыглушаныя, нястройныя, рабіліся ўсё выразней, гучней. І вось яны зліліся ў магутную песню. Лынькоў.

3. Бязладны, хаатычны; неарганізаваны. Танкісты шумліва, нястройным гуртам накіравалася да шасэ. Мележ. Брычка ехала па праспекце, а за ёю па бруку, па тратуарах ішоў нястройны трохтысячны натоўп. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уні́клівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пазбягае прама і адкрыта выказваць свае думкі. // Непрамы, пазбаўлены шчырасці. Уніклівы адказ.

2. Які глыбока ўнікае ў сутнасць справы; дапытлівы. Не было больш цярплівага, памяркоўнага «экскурсавода», быў начальнік будоўлі: патрабавальны, уніклівы чалавек, якому да ўсяго ёсць справа. Дадзіёмаў. [Рыбак] гутарыць з дзецьмі, якія абступілі яго лодку, і ахвотна, цярпліва адказвае на іх бясконцыя, уніклівыя запытанні. В. Вольскі. // Праніклівы. Уніклівая думка чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),

эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна ​2/3 ад узроўню 1990.

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н, Канстанцінас (Kōnstantinos),

імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.

Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл. Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.

Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.​Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр. Квітка) Рыгор Фёдаравіч

(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес. т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;

Рус. пер. — Проза. М., 1990.

Літ.:

Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;

Луцький Ю.Д. Драматургія Г.​Ф.​Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 30.9. 1917, г. Яраслаўль, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна пры Т-ры імя Я.​Вахтангава (1939), з 1946 у трупе гэтага т-ра. У 1964—84 гал. рэжысёр, з 1989 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра на Таганцы. З 1953 выкладае ў тэатр. вучылішчы імя Шчукіна. У 1984—89 быў пазбаўлены сав. грамадзянства. Сярод роляў: Моцарт («Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна), Цяцін («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Крыс («Усе мае сыны» А.​Мілера) і інш. Адзін з рэфарматараў сав. т-ра, стваральнік яркіх, палітычна і палемічна вострых спектакляў. У рэжысёрскай практыцы кіруецца ідэямі Вахтангава, У.​Меерхольда і Б.​Брэхта. Сярод пастановак «Добры чалавек з Сезуана» Брэхта (1963), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева (1971), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1972), «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава (1977), «Дом на набярэжнай» паводле Ю.​Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» (1982, 1988) і «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.​Пастэрнака і твораў рус. паэзіі (1993) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)