вы́бух, ‑у, м.

1. Хімічная рэакцыя з імгненным вылучэннем энергіі, якая суправаджаецца моцным гукам, успламяненнем і выклікае разбуральныя дзеянні. Выбух дынаміту. Выбух гранаты. Ядзерны выбух.

2. Выбуховая хваля. У гэты момант магутны раскацісты выбух скалануў вагон. Паслядовіч.

3. перан. Раптоўнае праяўленне якога‑н. дзеяння ці пачуцця. Рэвалюцыйны выбух. Выбух смеху, абурэння. □ Прамова скончана. У зале Выбух воплескаў, як шквал. А. Александровіч.

4. Форма скачкападобнага пераходу якой‑н. з’явы ад старой да новай якасці.

5. Імгненны выхад струменю паветра пры вымаўленні некаторых зычных гукаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.

2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вшество ср. навіна́, -ны́ ж.; (новизна) навізна́, -ны́ ж.; (нововведение) новаўвядзе́нне, -ння ср.; (новый порядок) но́вы пара́дак; (новый обычай) но́вы звы́чай; (новое дело) но́вая спра́ва;

введе́ние техни́ческих но́вшеств увядзе́нне тэхні́чных наві́н;

люби́тель вся́ких но́вшеств ама́тар усяля́кай навізны́ (усяля́кіх новаўвядзе́нняў, усяля́кай но́вай спра́вы).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сістэ́ма, -ы, мн. -ы, -тэ́м, ж.

1. Пэўны парадак у правільным размяшчэнні і сувязі частак чаго-н., у дзеяннях.

Прывесці ў сістэму выпісаныя прыклады.

Працаваць па правільнай сістэме.

С. выхавання падрастаючага пакалення.

2. Форма арганізацыі чаго-н.

Дзяржаўная с.

Выбарчая с.

3. Спалучэнне заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, ведаў і пад.), якія складаюць нешта цэласнае, адзінае.

С. поглядаў вучоных 19 ст. Нервовая с.

Гукавая с. беларускай мовы.

Педагагічная с.

Філасофская с. (вучэнне). С. аўтамабільных дарог.

Меліярацыйная с.

4. Грамадскі лад, фармацыя.

Сацыялістычная с.

Капіталістычная с.

5. Сукупнасць арганізацый, блізкіх па сваіх задачах, або ўстаноў, аб’яднаных у адзінае цэлае.

С. органаў народнай асветы.

6. Прылада, канструкцыя.

Машына новай сістэмы.

7. Тое, што стала звычайным, рэгулярным заняткам (разм.).

Стала сістэмай для вучняў пачынаць рабочы дзень з фізічных практыкаванняў.

|| прым. сістэ́мны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

На- — часц. для ўтварэння вышэйшай ступені параўнання: набольш ’найбольш’ (Нас., ТС), на́болі, на́боля ’больш за ўсё’ (Рам.), намилейший ’самы мілы’ (Карскі 2–3, 50; віцебск.), ст.-бел. напервей ’спачатку’, наболей ’найбольш’, наболший (Скарына); параўн. рус. на́больший, польск. nalepszy, nawyszszy, кашуб. nólepši, чэш. nálepší, návyšší, náprvé, славен. námlajši. Прасл. *na‑ > якое Зубаты (I, 1, 52) атаясамлівае з выклічнікам *na (гл. на 2), што ўзыходзіць да ўказальнай часціцы; Фасмер (3, 33) лічыць яго ідэнтычным прыназоўніку *na (гл. на 1) і ўсх.-слав. узмацняльнаму na‑ (рус. на́крепко, на́скоро). Ва ўсіх слав. мовах мае архаічны характар, актыўна выцясняецца паходзячай ад яе больш новай формай наі‑ (гл. най-); у прыватнасці, на польскай тэрыторыі формы з наі‑ распаўсюджваюцца з боку Беларусу гл. Дэйна, Atlas polskich innowacji dialektalnych. Warszawa, 1981, к. 77. Гл. таксама Карскі 2–3, 50; ESSJ SG, 2, 433–435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ri (з tirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + танальнасць),

адсутнасць класічнай танальнасці ў музыцы. Тэрмін узнік на пач. 20 ст. для абазначэння новай дысанантнай, заснаванай на 12-тонавасці музыкі, пазбаўленай класічнай мажора-мінорнай цэнтралізацыі.

Новая сістэма кампазіцыі, якая кампенсуе адсутнасць класічных танальных сувязяў і засцерагае музыку ад гукавой анархіі, распрацавана аўстр. муз. тэарэтыкам А.​Шонбергам (гл. таксама Дадэкафонія, Серыйная тэхніка). Над абгрунтаваннем прынцыпаў дысанантнай музыкі з 1950-х г. працавалі І.​Руфер (Германія), Ю.​Халопаў, М.​Тараканаў (Расія) і інш. У 1980-я г. разам з атанальнасцю ўзнікла паняцце атанікальнасці як асаблівай танальнай структуры без рэальна выяўленай тонікі, але з відавочнымі танальнымі сувязямі. Атанікальнасць вылучае 4 тыпы (станы) танальнасці: лунаючую, пераменную, шматзначную і знятую.

На 12-тонавасці засн. многія творы бел. кампазітараў Дз.​Смольскага, С.​Картэса, В.​Войціка, Р.​Суруса, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага і інш., дзе кантраст танальных і атанальных эпізодаў служыць для рэалізацыі асаблівай маст. задумы.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,

маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.​Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).

В.​Вячорка.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́НДЭ (Лукаш Апанасавіч) (1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.​І.​Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.​Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.​Купалы і Я.​Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

І.​Э.​Багдановіч.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),

аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз. т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф. арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.​Мёрыке» (1888), «Вершы І.​В.​Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.​Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).

Літ.:

Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;

Коннов В. Песни Гуго Вольфа. М., 1988.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)