1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа.«Весці».// Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам.Юргелевіч.
2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў!Шамякін.// Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма.Ленін.// Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.
3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце.Крапіва.// Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтваСССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.Александровіч, З.Астапенка, А.Астрэйка, С.Баранавых, П.Броўка, П.Галавач, Ю.Гаўрук, А.Звонак, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, А.Салагуб, Я.Скрыган, В.Таўлай, П.Трус, М.Чарот, С.Шушкевіч, Х.Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.Бэндэ, А.Кучар, М.Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач.Вял.Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
Да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941. Дыярама ў Музеі абароны крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АБАРО́НА сістэма агульнадзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мірныя і ваенныя часы ў мэтах засцярогі насельніцтва ад зброі масавага паражэння і інш. сродкаў нападу праціўніка, або выратавальных ці неадкладных аварыйна-аднаўленчых работ у ачагах паражэння і раёнах стыхійных бедстваў. Грамадзянская абарона набыла асаблівае значэнне ў сувязі з праяўленнем і развіццём ракетна-ядзернай і інш. зброі масавага паражэння. У 1950—60-я г. грамадзянская абарона створана ў большасці буйных дзяржаў. У СССР грамадзянская абарона створана ў 1961 на базе мясц. проціпаветр. абароны (МППА), заснаванай у 1932. У Рэспубліцы Беларусь захавалася структура былой агульнасаюзнай грамадзянскай абароны. Паводле Палажэння аб грамадзянскай абароне, зацверджанага Вярх. Саветам у 1991, грамадзянская абарона Рэспублікі Беларусь арганізуецца на ўсёй тэр. краіны паводле тэр.-вытв. прынцыпу. Агульнае кіраўніцтва грамадзянскай абароны ажыццяўляе Савет Міністраў, непасрэднае — МУС (з 1994; да гэтага сілы грамадзянскай абароны падпарадкоўваліся Мін-ву абароны). Адказнасць за грамадзянскую абарону на месцах нясуць выканкомы Саветаў дэпутатаў, мін-вы, ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца нач. грамадзянскай абароны. Пры іх ствараюцца штабы грамадзянскай абароны, якія штодзённа займаюцца пытаннямі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння. Штаб грамадзянскай абароны рэспублікі ўзначальвае міністр унутр. спраў.
У сучасных умовах на грамадзянскую абарону краіны ўскладзены наступныя задачы: засцярога насельніцтва ад вынікаў стыхійных і экалагічных бедстваў, буйных аварый і катастроф, прымянення праціўнікам сродкаў паражэння ў ваен. час; каардынацыя дзеянняў органаў кіравання краіны па прагназаванні, папярэджанні і ліквідацыі вынікаў гэтых бедстваў, аварый і катастроф; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ у ходзе ліквідацыі вынікаў надзвычайных сітуацый і ў ачагах паражэння; стварэнне і падтрыманне ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння, сувязі; арганізацыя назірання і кантролю за радыяцыйным, хім., бактэрыял. становішчам; удзел у ажыццяўленні мер, накіраваных на павышэнне функцыянавання аб’ектаў і галін эканомікі ў экстрэмальных умовах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр.Зах. Беларусі — ў 1950-я г.
Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г.асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс.чал., маюць 7512 тыс.га зямель, у т. л. 3717 тыс.га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.
Да арт.Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),
старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).
Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр.ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л.т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.
І.М.Каранеўская (архітэктура).
Да арт.Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.Да арт.Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.Да арт.Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́О ЦЗЭДУ́Н (26.12.1893, в. Шаашань, правінцыя Хунань, Кітай — 9.9.1976),
кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў пед. вучылішча ў г. Чанша (1918). У 1920 далучыўся да камуніст. руху, заснаваў у г. Чанша т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). З 1921 сакратар Хунаньскага к-таКПК. Чл.ЦККПК (1923—25, з 1928), Палітбюро ЦК (з 1933). У час Кітайскай рэвалюцыі 1924—27 узначальваў Камісію ЦККПК па сял. руху; выказаў тэзіс, што рухаючай сілай рэвалюцыі ў Кітаі з’яўляецца сялянства, а не пралетарыят. Пасля перавароту Чан Кайшы ўзначаліў у 1927 паўстанне «восеньскага ўраджаю» ў Хунані. У 1928 сумесна з Чжу Дэ стварыў у гарах Цзінганшань 4-ы корпус кіт. Рабоча-сял. чырвонай арміі, яго паліткамісар. Старшыня ЦВК і Савета нар. камісараў Кіт.Сав. Рэспублікі (1931). У 1934—35 кіраваў паходам Чырв. Арміі на Паўн. Захад Кітая. Сакратар ЦККПК (1935), старшыня ЦККПК (з 1943). На 7-м з’ездзе КПК (1945) «ідэі Мао Цзэдуна» былі абвешчаны асновай ідэалогіі КПК. Пасля абвяшчэння 1.10.1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР) старшыня Цэнтр.нар. ўрадавага савета КНР і Нар.-рэв.ваен. савета КНР. З 1954 старшыня КНР і Дзярж.к-та абароны КНР. З 2-й пал. 1950-х г. абвінаваціў кіраўніцтваСССР у «рэвізіянізме», і пагоршыў адносіны з СССР. У 1958 абвясціў курс «трох чырвоных сцягоў» і палітыку «вял. скачка». Пасля правалу «вял. скачка» пакінуў пасаду старшыні КНР (1959). У 1966 пачаў «культурную рэвалюцыю», у ходзе якой пазбавіўся ад сваіх паліт. апанентаў у КПК і ўрадзе. На 9-м з’ездзе КПК абвешчаны яе пажыццёвым старшынёй (1969).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1952—53.
Літ.:
Бурлацкий Ф.М. Мао Цзе-дун: «Наш коронный номер — это война, диктатура...». М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,
кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт.кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж.вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л.БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦКВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦККПСС у 1957 скасаваў П.а.
ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш.Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш.ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл.Партызанская зона).
П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл.Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтвапартыз. рухам у Вял.Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр.СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.
У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл.Тэрарызм).