СІКО́РСКІ Сяргей Іванавіч (11.9.1907, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 28.4.1960),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу Беларусі (1937), Вышэйшыя курсы палітсаставу (1941), ВПШ пры ЦКВКП(б) (1949). З 1930 на парт. і сав. рабоце, са снеж. 1939 сакратар Брэсцкага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 1941 арганізатар партыз. руху на Віцебшчыне, з ліст. 1942 упаўнаважаны ЦККП(б)Б па Брэсцкай вобл., з крас. 1943 сакратар Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, камандзір Брэсцкага партыз. злучэння. Пасля вайны сакратар Баранавіцкага абкома КП(б)Б, нам. міністра сельскай гаспадаркі БССР, 1-ы сакратар Магілёўскага абкома КПБ, міністр унутр. спраў БССР. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—54, Вярх. Савета СССР з 1954. Чл.ЦККПБ з 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),
дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл.Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.Я.Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РКІН Віктар Іванавіч (9.12.1889, в. Дзякоўскае Тутаеўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1902—05 чл. арг-цыі анархістаў-камуністаў на Пуцілаўскім з-дзе (Пецярбург). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (1915—17). У 1918 старшыня зах.абл.ЧК (г. Смаленск), са студз. 1919 старшыня ЧКБССР, адначасова ў сак.—крас. 1919 старшыня Мінскага гарсавета. З мая 1919 на чэкісцкай рабоце ў Паволжы, з 1921 у сістэме Наркамата шляхоў зносін СССР. З 1935 нач. службы Днепра-дзвінскага параходства ў Гомелі. Дэлегат I з’езда КП(б)Б (снеж. 1918), I Усебел. з’езда Саветаў (лют. 1919). Чл.ЦБКП(б)Б, ЦК КП(б)ЛіБ, ЦВКБССР і Літ.-Бел. ССР. У 1937 арыштаваны і выязной сесіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СІЧ (Mesić) Сціпе (н. ў 1935),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Харватыі, юрыст. Скончыў Заграбскі ун-т. За ўдзел у «харвацкай вясне» 1971 (выступленні студэнтаў і інтэлігенцыі з патрабаваннем дэмакр. рэформ у тагачаснай Югаславіі) засуджаны на 2 гады турэмнага зняволення. Адзін з заснавальнікаў (1990) і ген. сакратар партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасць (ХДС, лідэр — Ф.Туджман), якая выступала за незалежнасць Харватыі. З крас. 1990 кіраўнік урада Харватыі, адначасова з жн. 1990 чл.калект. кіруючага органа — Прэзідыума Югаславіі, з ліп. 1991 яго апошні старшыня. Праводзіў курс на распад Югаславіі, 5.12.1991 адкліканы з Прэзідыума харвацкім парламентам. З 1991 прэм’ер-міністр, з 1994 старшыня ніжняй палаты Сабора (парламента) незалежнай Харватыі. У знак пратэсту супраць аўтарытарных метадаў кіравання прэзідэнта Туджмана выйшаў у 1994 з ХДС і стварыў партыю Незалежныя дэмакраты Харватыі. Прэзідэнт Харватыі з 18.2.2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц.акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-таРСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.Ф.Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ Стафан (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),
военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.