БУ́ФЕРНЫЯ РАСТВО́РЫ,

растворы, якія падтрымліваюць пастаяннае значэнне вадароднага паказчыка (pH), акісляльна-аднаўляльнага патэнцыялу ці інш. характарыстык пры змяненні саставу ці канцэнтрацыі. Найб. пашыраны водныя кіслотна-асноўныя буферныя растворы: растворы слабай к-ты ці асновы са сваёй соллю, напр. воцатнай к-ты CH3COOH і яе натрыевай солі CH3COONa. Значэнне pH гэтых раствораў амаль не мяняецца пры змяненні канцэнтрацыі яго кампанентаў або пры дабаўленні невял. колькасці моцнай к-ты ці шчолачы. Выкарыстоўваюцца ў хім. аналізе для правядзення рэакцый пры пэўных значэннях pH. Буферныя растворы адыгрываюць важную ролю ў жывых арганізмах (напр., у крыві пастаянства pH падтрымліваецца буферны раствор з карбанатаў і фасфатаў) і ў захаванні ўрадлівасці глебы (гл. Буфернасць глебы).

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),

пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.

Л.​В.​Круглоў.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кулі́са 1 ’плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой’ (ТСБМ). Запазычанне з франц. coulisse ’тс’ праз рус. кулиса ’тс’.

Кулі́са 2 ’бор, парослы мохам і папараццю’ (Сцяшк. Сл.), ’прасека ў лесе’ (Бяльк., Яшк.), ’заезджаная паласа як сродак захавання глебы’, ’паласа лесу паміж дзялянкамі’ (ТСБМ). Магчыма, недакладна вызначана першае значэнне: «Сʼонʼна ў кулисʼе, мабыцʼ, шмат грыбоў нарасло, дажджы прайшлʼи». Ілюстрацыя можа адпавядаць другому значэнню. Да куліса 1?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Е́жа ’тое, што ядуць і п’юць, прадукты харчавання’ (ТСБМ). Рус. ежа ’тс’, укр. їжа ’тс’, серб.-харв. је̏ђа, славен. jeja ’тс’, польск. jedzą, славац. jedza, н.-луж. jěza ’тс’, прасл. ědja. Знайсці дакладную адпаведнасць за межамі слав. моўнай глебы цяжка. Толькі для прасл. ěda, ědь мы знаходзім балтыйскія і іншыя індаеўрапейскія паралелі (параўн. адпаведна літ. ė́da, ė̃dis). Таму насуперак Трубачову (Эт. сл., 6, 40–41) ědja з’яўляецца славянскай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слой прям., перен. слой, род. сло́я м., пласт, род. пласта́ м.;

ве́рхние слои́ по́чвы ве́рхнія слаі́ (пласты́) гле́бы;

широ́кие слои́ населе́ния шыро́кія пласты́ (слаі́) насе́льніцтва;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дэграда́цыя

(п.-лац. degradatio = знішчэнне)

паступовае пагаршэнне, страта ранейшых добрых якасцей, заняпад (напр. д-ыя глебы, д-ыя культуры).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

се́йсміка

(ад гр. seismos = землетрасенне)

раздзел фізікі, які вывучае ваганні глебы якой-н. мясцовасці, схільнасць дадзенай тэрыторыі да землетрасенняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,

летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусі найб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).

Л.​В.​Круглоў.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́Я ПАЛО́СЫ,

ахоўныя лясныя насаджэнні ў форме стужак. Ствараюцца: на палях, пашах, у садах і па іх межах; уздоўж каналаў, дарог, яроў, упоперак схілаў, пры фермах; сярод сховішчаў, гасп. пабудоў, вял. масіваў хвойных лясоў (проціпажарныя ліставыя Л.п.). Маюць прыродаахоўнае, асяроддзеўтваральнае, рэкрэацыйнае значэнні. Ахоўваюць глебу ад эрозіі, аслабляюць вецер, прадухіляюць заносы, паляпшаюць сан. рэжым вадаёмаў, размеркаванне снегу, гідралагічныя ўмовы мясцовасць, водны, тэмпературны рэжымы глебы; павышаюць урадлівасць глебы, ураджайнасць с.-г. культур. Выкарыстоўваюцца ў агралесамеліярацыі. Характарызуюцца ахоўнай вышынёй і зонай уплыву на асяроддзе. Эфектыўнасць і біял. ўстойлівасць Л.п. залежаць ад іх складу, памераў, узросту і канструкцыі.

Літ.:

Орловский В.Б., Поджаров В.К., Воробьев В.Н. Защитное лесоразведение в Белоруссии. Мн., 1980;

Поджаров В.К. Полезащитные лесные полосы на торфяно-болотных почвах. Мн., 1983.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)