род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.
Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЖСКІ КО́РПУС,
прывілеяваная ваенна-навуч. ўстанова ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст.Засн. ў 1759 у С.-Пецярбургу. Рыхтаваў да ваен. і дзярж. службы дзяцей знаці (гал. чынам прыдворных саноўнікаў і афіцэраў гвардыі), якія атрымлівалі прыдворнае званне пажоў і камер-пажоў (у іх абавязак уваходзіла выкананне даручэнняў членаў імператарскай сям’і). У 1807 пераўтвораны ў навуч. ўстанову тыпу кадэцкіх карпусоў. Выпускнікам П.к. прысвойваўся чын падпаручніка, і яны карысталіся пераважным правам службы ў гвардыі і спец. войсках; непрыгодныя да ваен. службы атрымлівалі цывільны чын 10, 12, 14-га класаў. Выхаванцамі П.к. былі: І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі), І.Ф.Паскевіч, А.М.Радзішчаў і інш.Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.к. скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Мікалай Пракопавіч) (19.5.1909, с. Сарагожскае Ляснога р-на Цвярской вобл., Расія — 4.8.1976),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Калінінскую сав.парт. школу (1931), у 1937—39 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. З 1932 на камсам. і парт. рабоце ва Ушачах, Рудзенску. У пач.Вял.Айч. вайны ў тыле ворага кіраўнік патрыят. падполля ў Рудзенскім р-не, арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад (з сак. 1943 брыгада) «Беларусь». Пасля вайны на парт. рабоце ў Барысаве, Баранавічах, у апараце ЦККП(б)Б, СМБССР. Чл.ЦККПБ у 1949—52. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Захар Філімонавіч) (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр.к-таКПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКЕ́Т (франц. parquet),
габляваныя драўляныя планкі (клёпкі) для насцілу падлогі, а таксама само пакрыццё такой падлогі. Робіцца з дубу, буку, ясеню, клёну, бярозы, грабу і інш., мастацкі П. — з драўніны каштоўных парод (арэху, чырвонага дрэва). Вызначаецца прыгожым выглядам, даўгавечнасцю, нізкай цепла- і гукапранікальнасцю.
Бывае шчытавы (мае аснову і пакрыццё з клёпак, наклееных на аснову), наборны, або мазаічны (з планак, падабраных па рысунку і наклееных вонкавым бокам на трывалую паперу), штучны (з асобных планак, прыклееных да асновы) і з паркетных дошак (рэйкі з папярочна наклеенымі планкамі). Пасля насцілу П. націраюць воскам, масцікай ці пакрываюць спец. паркетным лакам. Аддзелка паркетнай падлогі — струганне, цыкляванне і націранне, робіцца паркетастругальнымі, паркеташліфавальнымі і электрапалацёрнымі машынамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯСТЫ́Т (ад перы... + грэч. osteon косць),
запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасляінфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ, лік π,
лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.
Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg х у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр.Архімед (3 ст. да н.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.