спрыт, ‑у, М спрыце, м.
1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.
2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.
3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.
2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.
3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.
4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́лькі, Р мн. столькіх, займ. і сто́лькі, прысл.
1. займ. і прысл. указальнае. Абазначае іменна такую колькасць чаго‑н.; названая, вызначаная колькасць. — Блакіціна нябесная! — крычыць Шарэйка. — Колькі неба над лугам, столькі і лугу!.. Што значыць волявольная — калгас! Брыль. І хто гэта выдумаў столькі анкет? Панчанка. / у знач. наз. сто́лькі, ‑іх. Зноў столькіх прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму [Міканору] аднаму трэба. Мележ. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. На вазе не цягнула столькі, колькі на бязмене. Лобан.
2. займ. і прысл. азначальнае. Абазначае такую вялікую колькасць чаго‑н.; так многа, так доўга. [Петракоў:] Мы заўладалі чыгункай на працягу 10 кіламетраў. Столькі крыві нам каштавала... Кучар. — Дзе ты столькі забавіўся? — папракнула здзіўлена маці. Пальчэўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Усю зіму возяць .. [на Нёман] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.
3. прысл. меры і ступені. У такой ступені, настолькі, так. Столькі .. [Таццяна] перахварэла з-за яго, столькі перажыла!.. Часам і сама яна цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. Уперадзе таксама ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Ён столькі ж паважаў яе, колькі любіў.
•••
Не столькі..., колькі... — не так..., як...
Столькі і столькі — ужываецца замест паўтарэння колькасці, разавасці, цаны.
Столькі..., колькі і... — як..., так і...
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сустрэ́ча, ‑ы, ж.
1. Спатканне з кім‑, чым‑н. пры руху з розных бакоў. І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Бядуля. Сумеўся, бо часта ўспамінаў [Юра] выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў. Карпаў. // Сход, сумеснае знаходжанне дзе‑н. для абгаварэння чаго‑н. або ў сувязі з прыездам, прыходам каго‑н. Сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. □ Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданьскімі пісьменнікамі. Пестрак. // Спартыўнае спаборніцтва. Таварыскія сустрэчы па хакею. □ [Вадзім:] — Шкада, што цябе не было на сустрэчы. Паглядзеў бы, як я два мячы забіў, пад самую перакладзіну. Асіпенка. Абвясціў свісток суддзі, Што канец сустрэчы. Гілевіч. // Паядынак, бітва. На месцы .. сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар. Колас.
2. Спатканне, часцей умоўленае, дзвюх або некалькіх асоб. Назначылі час сустрэчы [дзед Талаш і Папас] і разышліся. Колас. Паўлік ішоў павольна, бо дома яго чакала таксама сустрэча не з радасных. Краўчанка. Наступная сустрэча адбылася праз тыдзень, на .. кватэры [Наташы]. Шчарбатаў.
3. Падрыхтаваны прыём каго‑, чаго‑н.; урачыстасць з прычыны надыходу, прыбыцця каго‑, чаго‑н. У канцы пералічваліся абавязкі, якія бярэ на сябе атрад, рыхтуючыся да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Якімовіч.
•••
Да сустрэчы — да спаткання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.
2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. □ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.
3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.
4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.
2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.
3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».
4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.
•••
Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́длівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.
2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.
3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.
4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.
1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.
2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.
4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.
3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)