растворы каўчукоў у арган. растваральніках (бензіне, аліфатычных, араматычных, хларыраваных вуглевадародах і інш.).
Падзяляюць на 2 асн. групы: гумавыя кляі, якія не вулканізуюцца (растворы каўчуку натуральнага, каўчукоў сінтэтычных, гутаперчы), утвараюць клеявыя злучэнні ў выніку выпарэння растваральніку; гумавыя кляі, што вулканізуюцца (у іх састаў уваходзяць вулканізуючыя рэчывы), утвараюць больш трывалыя клеявыя злучэнні, чым гумавыя кляі першай групы. У залежнасці ад т-ры ўтварэння клеявога злучэння адрозніваюць гумавыя кляі гарачай (пры 140—150 °C) ці халоднай (пры 25—30 °C) вулканізацыі. Выкарыстоўваюць пры зборцы і рамонце гумавых вырабаў, у вытв-сці прагумаваных тканін, для мацавання гумы да металу, дрэва, шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮРЗА́ (Vipera lebetina),
змяя сям. гадзюкавых. Пашырана ў Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на некат. астравах Міжземнага м. Жыве ў сухіх перадгор’ях, цяснінах, па схілах гор і далінах рэк, у вінаградніках, садах. Падвід (V.l. schweizeri), які жыве на а-вах Эгейскага м., занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка зверху шаравата-пясчаная або карычнявата-чырвоная, уздоўж спіны папярочна выцягнутыя цёмна-бурыя або аранжавыя плямы. Па баках цела больш дробныя цёмныя плямы. Галава аднатонная. Бруха светлае, у дробных цёмных плямках. Яйцажывародная, адкладвае да 43 яец. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, дробнымі птушкамі. Укус гюрзы можа быць смяротным. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Ру цывільным праве,
пагадненне дзвюх ці больш асоб пра ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў (пазыка, купля-продаж, даручэнне, падрад і інш.). Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь дагавор можа быць заключаны ў вуснай, пісьмовай або натарыяльнай форме. Дагавор павінен адпавядаць абавязковым для яго ўдзельнікаў правілам, устаноўленым законам і інш. прававымі актамі, што дзейнічаюць на момант яго заключэння. Некаторыя віды дагавора патрабуюць рэгістрацыі ў адпаведных дзярж. органах (напр., належна аформлены дагавор куплі-продажу жылога дома павінен быць зарэгістраваны ў выканаўчым к-це мясц. Савета дэпутатаў). Дагавор набывае сілу з моманту яго заключэння. Парадак заключэння і выканання дагавора рэгулюецца грамадзянскім кодэксам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ І АБМЕЖАВА́ННІ ВЫПРАБАВА́ННЯЎ А́ТАМНАЙ ЗБРО́І 1963,
міжнароднае шматбаковае пагадненне, у якім удзельнічаюць больш за 100 дзяржаў, у т. л. і Рэспубліка Беларусь. Падпісаны у Маскве 5.8.1963 першапачатковымі ўдзельнікамі — Вялікабрытаніяй, ЗША і СССР. БССР падпісала дагавор 8.10.1963, ратыфікавала яго 26.11.1963. Дагавор забараняе праводзіць выпрабавальныя выбухі ядз. зброі і інш.ядз. выбухі ў атмасферы і за яе межамі, у т. л. ў касм. прасторы, пад вадой, у тэр. водах і ў адкрытым моры, і ў інш. асяроддзі, калі такі выбух пацягне за сабой выпадзенне радыеактыўных ападкаў за межамі тэр. дзяржавы, пад юрысдыкцыяй ці кантролем якой гэтыя выбухі праводзяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,
міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,
травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.
У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙСНЫ ТА́НЕЦ,
танец, які ўвасабляе развіццё дзеяння балетнага спектакля; гал. выразны сродак сюжэтнага балета. У 18—19 ст.наз. па д’аксьён. Як аснову балетнага спектакля яго распрацоўвалі Ж.Ж.Навер, Ш.Дзідло, Г.Анджаліні. У канцы 19 — пач. 20 ст. паняцце Дз.т. стала больш шырокім і пачало ахопліваць усе разнавіднасці танца, які развівае дзеянне, у адрозненне ад дывертысментнага танца (гл.Дывертысмент), які выяўляе не дзеянне, а стан, і пантамімы, што раскрывае дзеянне, але не танц. сродкамі. Узоры Дз.т. стварылі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, Р.Захараў, Л.Лаўроўскі, В.Чабукіяні і інш., на Беларусі — А.Дадышкіліяні, В.Елізар’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАГА КАНА́ЛА АБАРО́НА 1944,
абарона Дняпроўска-Бугскага канала фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партыз. злучэнняў у Вял.Айч. вайну ў лют.—сак. 1944.
Гітлераўскае камандаванне групы армій «Цэнтр» вырашыла ачысціць раён паміж р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам ад партызан, каб прадухіліць іх злучэнне з часцямі Чырв. Арміі. Для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партыз. сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс.чал.Больш за месяц (з 21.2.1944 па 31.3.1944) партызаны вялі баі з вял. групоўкай праціўніка, гэтым істотна дапамаглі Чырв. Арміі, якая вяла тут наступленне. У в. Зарэчка Драгічынскага р-на ў гонар бел. партызан пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎЖЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.