ШВЕЙЦА́РСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,

пераход рас. войск на чале з А.В.Суворавым з Паўн. Італіі праз Альпы ў Швейцарыю і Аўстрыю 21.9—8.10.1799 у час вайны 2-й антыфранц. кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і інш.) супраць Францыі. У адпаведнасці з англа-аўстр. стратэг. планам пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 яго войскі (21,5 тыс. чал., у т. л. 4,5 тыс. аўстрыйцаў) былі накіраваны ў Швейцарыю, каб адтуль пасля злучэння з рас. корпусам ген. А.​М.​Рымскага-Корсакава (24 тыс. чал.) і аўстр. войскамі наступаць на Францыю. Сувораў пайшоў у Швейцарыю самым кароткім шляхам — праз Альпы, якія лічыліся амаль непраходнымі для войск. З цяжкімі баямі ён авалодаў перавалам Сен-Гатард і Чортавым мостам (праз р. Рэйс) і выйшаў да Люцэрнскага воз., дзе даведаўся пра разгром франц. арміяй ген. А.​Масены корпуса Рымскага-Корсакава і акружэнне сваіх войск утрая пераўзыходзячымі франц. сіламі. Ратуючы сваю армію ад разгрому, Сувораў павёў яе на У. Ён спалучаў абыходы з франтальнымі ўдарамі, выбіў франц. атрады з шэрагу перавалаў, пераадолеў бездарожны хрыбет Панікс і вывеў свае гал. сілы (15 тыс. чал.) разам з 2800 палоннымі у Аўстрыю. Ш.п. — выдатны прыклад паспяховых манеўраных баявых аперацый у гарах супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка.

Літ.:

Данилов А. «Русский штык прорвался сквозь Альпы!» // Армия. 1999. № 5.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА Леанід Вікенцьевіч (н. 1.3.1944, в. Сакаўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (2003). Скончыў БДУ (1970), дзе і працаваў (выкладчык, дацэнт, нам. дэкана гіст. ф-та). З 1981 дырэктар Дома навукі і культуры ў Варшаве, саветнік Пасольства СССР у Польшчы. З 1986 дацэнт, праф. Мінскай Вышэйшай парт. школы (з 1990 Ін-т паліталогіі і сац. кіравання). З 1989 старшыня т-ва «Беларусь—Польшча». З 1993 гал. рэдактар час. «Беларуская мінуўшчына», адначасова з 1996 заг. кафедры дыпламат. і консульскай службы БДУ. Даследуе гісторыю пасляваен. Польшчы і інш. краін Цэнтр. Еўропы, міжнар. адносіны. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручнікаў, даведнікаў і навуч. дапаможнікаў «Крыжовы шлях» (1993), «Беларусазнаўства» (1997), «Чыны, рангі, званні. Пратакольнае старшынства ў Беларусі і за мяжой» (1998). «Асновы дыпламатыі. Дыпламатычная служба» (2001), «Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі» (2003) і інш.

Тв.:

Мировая социалистическая система: Даты, факты, коммент. Мн., 1986 (разам з В.​В.​Бянькоўскім);

Испытание на прочность: О-во польско-сов. дружбы: становление и развитие. Мн., 1989;

Испытание властью: Уроки и выводы из деятельности ПОРП. Мн., 1991;

Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Новая социал-демократия. Трансформация левой партии в Польше. Мн., 2001;

Политическое развитие Польши в 70—80-е гг. XX в. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

самаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Мажны, дзябёлы. Я ўглядаюся ў партрэт Пятра Мацвеевіча. Плячысты, самавіты асілак з пышнай барадой. Мехаў. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан. Чыгрынаў. // Разм. Адкормлены, важкі (у адносінах да рыб і пад.). Па чаротах цішыня такая, Толькі ўсплёскі самавітых рыб. Броўка.

2. Паважны, салідны. Быў.. [Вяржбіцкі] мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты. Гарэцкі. // Удумлівы, самастойны. Косця ўдумлівы, не па гадах самавіты. Зарыцкі. // Упэўнены, спакойны. Непаспешлівыя, самавітыя рухі [Юркі] выклікалі зайздрасць. Карпаў.

3. Поўны хараства, прыгажосці, самабытнасці. Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Колас.

4. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны. Аздобленыя аканіцы на вялікіх светлых вокнах, бляшаныя, ярка пафарбаваныя дахі, багатыя агароджы вакол сядзіб — усё сведчыла аб тым, што тут жывуць гаспадары моцныя, самавітыя. Новікаў. Гаспадар ён [Варонін] быў самавіты, не любіў, калі яго заданне марудна выконвалася. Грамовіч.

5. Моцны на слых, галасісты. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. Чорны.

6. (з адмоўем «не»). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой‑н. якасці. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая. Кулакоўскі. Схованка.. была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата. Быкаў. Зіму, перагаравалі разам з дзедам, а вясною перабраліся ў няхай не вельмі самавітую на выгляд, але сваю хату. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.​Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.​Хадкевіча. У 1623 Я.​Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.​Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.​Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.​Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.​Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Голантарктычная біягеаграфічная вобласць. Уваходзіць у царства Натагею. Займае тэр. Пд Паўд. Амерыкі (Пд Аргенціны і Чылі) разам з архіпелагамі Вогненная Зямля, Хуан-Фернандэс, а-вы Фалклендскія, Кергелен, Кразе, Паўд. Георгія і інш. Больш як палавіна відаў флоры і фауны — эндэмікі.

Відавы склад раслін характэрны для стэпаў (пампасаў), паўпустынь і пустынь, з перавагай злакаў, кактусаў, азарэлы, болаксу і інш. Шмат лішайнікаў і мохападобных. Есць 10 эндэмічных сям. кветкавых раслін. Вільготныя лясы з паўд. бука трапляюцца пераважна на архіпелагах Вогненная Зямля і Чылаэ. Фауна даволі бедная. Тыповыя прадстаўнікі сярод наземных млекакормячых — вікунья, гуанака, грызуны нутрыя, шыншыла, віскаша, мара, тука-тука, цэналеставыя сумчатыя пацукі і мышы і інш.; з марскіх млекакормячых—ластаногія (марскі леапард, паўд. марскі слон і інш.), кіты. Сярод птушак эндэмічныя прадстаўнікі атр. пінгвінападобных, а таксама белыя сяўцы, калібры, тынаму, чарнашыі лебедзь і інш. Сярод паўзуноў—ігуаны, вужападобныя змеі і інш., з земнаводных — рынадэрмы, свістуны і інш. Прэснаводныя рыбы прадстаўлены пераважна відамі з атр. карпападобных (сям. харацынавыя), ласосепадобных (сям. галаксіевыя) і інш. З наземных беспазваночных характэрны шэраг эндэмічных жукоў-жужаляў, нагахвостак-калембал, матылёў і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Патагонская біягеаграфічная вобласць. Тыповыя прадстаўнікі фауны: 1 — свістун пяціпальцы; 2 — чырок оклендскі; 3 — тынаму вохрыстагаловы; 4 — тука-тука; 5 — мара; 6 — віскаша.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАЛО́ГІЯ (ад грэч. topos месца + ...логія),

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці тапалагічных прастораў і розных падмностваў (фігур) у гэтых прасторах. Уласцівасці фігуры наз. тапалагічнымі, калі яны захоўваюцца пры тапалагічных адлюстраваннях. Напр., тапалагічныя ўласцівасці: замкнёнасць лініі, наяўнасць краю ў паверхні і інш.

Асновы Т. закладзены Л.Эйлерам, Ж.А.Пуанкарэ, Ф.​Гаўсдорфам. Значны ўклад у развіццё Т. зрабілі рус. матэматыкі П.С.Аляксандраў, С.П.Новікаў, Л.С.Пантрагін, П.​С.​Урысон і інш. На пач. Т. вывучала тапалагічныя ўласцівасці фігур, пазней — адвольныя неперарыўныя адлюстраванні. Адна з асн. задач Т. — класіфікацыя неперарыўных адлюстраванняў і вылучэнне з іх класаў з патрэбнымі ўласцівасцямі, напр., з уласцівасцю мець нерухомы пункт. У Т. вылучаюць самастойныя кірункі, якія адрозніваюцца аб’ектам і метадам даследаванняў. У агульнай Т. вывучаюць звязнасць, кампактнасць, метрызавальнасць тапалагічных прастораў, а таксама зменнасць гэтых паняццяў пры неперарыўных адлюстраваннях прастораў. Разам з алгебрай агульная Т. з’яўляецца асновай тэарэтыка-мноствавых метадаў у матэматыцы. Алгебраічная тапалогія звязана з вывучэннем тапалагічных прастораў і іх неперарыўных адлюстраванняў з дапамогай алг. аб’ектаў (гомамарфізмаў, груп, кольцаў). Дыферэнцыяльная Т. вывучае алг. мнагастайнасці (гл. Алгебраічная геаметрыя) сродкамі матэм. аналізу і алг. Т; кускова-лінейная Т. — паліэдры (мнагаграннікі) і іх кускова-лінейныя адлюстраванні.

Літ.:

Александрян Р.А., Мирзаханян Э.А. Общая топология. М., 1979;

Фоменко А.Т., Фукс Д.Б. Курс гомотопической топологии. М., 1989;

Топология. Мн., 1990.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядэнка.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».

3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў славу або варты славы; славуты. Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. Айчына наша, Родны край Саветаў, Нашчадкаў гордых Слаўная зямля. Хведаровіч. У калгасе нашым Янка — Слаўны баяніст, Камсамолец працавіты, — Добры трактарыст. Журба. Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў! Звонак. Вітаю, як прыход вясны, Дзень слаўнай гадавіны! Смагаровіч. // Які праславіўся чым‑н. Яны [людзі] на арбітах сусветных Слаўны жыццём без багатых і бедных. Куляшоў.

2. Які выклікае прыхільнасць; сімпатычны, харошы. І доўга потым мы ўспаміналі зычлівую ўсмешку гэтага слаўнага хлопца. Лынькоў. [Міхайлаў:] — І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам. Карпаў.

3. Разм. Які дае задавальненне; прыемны, добры. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Бялевіч. Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну. Гілевіч.

•••

Славен бубен за гарамі — невядомае заўсёды здаецца добрым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нача́льнік ’хто кіруе, загадвае чым-небудзь’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), параўн.: nastaulaju naczalnikam nad waŭkami (Пятк. 2, 144), укр., рус. нача́льник ’тс’, польск. naczélnik ’хто стаіць на чале, кіраўнік, правадыр’, чэш. načelnik ’тс’, славац. načelnik, славен. načelnik, серб.-харв. на́челник, балг. нача́лник, макед. началник. Са ст.-слав. начѧльникъ ’правадыр, кіраўнік’ ад начѧло ’пачатак’, параўн. рус. под нача́лом ’пад кіраўніцтвам’; для шэрагу славянскіх моў дапускаецца змяшэнне асноў načęti, načьnǫ ’пачаць’ і čelo ’лоб, пярэдняе месца’ (гл. чало), параўн. на чале, польск. na czele, славен. na čelu ’на першым месцы, пад кіраўніцтвам’, гл. Бязлай, 2, 210; Махэк₂, 97 і інш.; параўн. таксама польск. naczelnik ’павязка на лоб; рамень у вуздэчцы, што знаходзіцца на ілбе ў каня’, якое разам з naczelnik ’загадчык, кіраўнік, камандзір’ выводзяць ад czoło, гл. Брукнер, 80; Варш сл., 3, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)