дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСФЕ́РА (ад гідра... + сфера),
сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв.ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн.км³, з іх 1338 млн.км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн.км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн.км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн.км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн.км³ у атмасферы і каля 0,001 млн.км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн.км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв.ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНДУ́Н,
правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт.м.Пл. 197,4 тыс.км². Нас. 62,8 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц. — г.Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-растудз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson),
рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс.км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р.Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАВА,
гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс.ж. (1997).
У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс.чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каляв. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх.Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс.га, у т. л. 45 тыс.га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр.каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс.га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс.га) і балоты (больш за 17 тыс.га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пнеўрап.ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.