АПЯРЭ́ННЕ самалёта, аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), Т- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХАРЫ́Я,
аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя), распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́РКА, каяк,
вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал. або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКО́Н
(італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),
канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,
частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт. горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн.км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс.км², без Прыпяці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІХАНЯ́Н Ісак Сямёнавіч
(7.2.1876, Душэты, Грузія — 15.3.1946),
армянскі акцёр. Нар.арт. Арменіі (1923) і Грузіі (1941). З 1897 працаваў у Баку, Тбілісі, Растове-на-Доне. Адзін з арганізатараў (1921) 1-га Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). З 1922 у Тбіліскім арм. т-ры. Сярод роляў: Пэпа (аднайм. п’еса Сундукяна), Элізбараў («З-за гонару» А.Шырванзадэ), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),
рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.
Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт.азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ШКА Антон Антонавіч
(1.2.1913, в. Балочычы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1971),
бел. пісьменнік. Пасля педкурсаў пры Слуцкім пед. тэхнікуме (1931) настаўнічаў. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1941). Служыў урачом у арміі. Друкаваўся з 1932. Выйшлі кн. аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969). Асн. тэма творчасці — жыццё і баявыя подзвігі лётчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯГЕНЕ́З
(ад а... + біягенез),
утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.І.Апарыну і Дж.Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш.арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.