СІПАКО́Ў (Янка) (Іван Данілавіч; н. 15.1.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1997). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Вожык» (1960—73), «Маладосць» (1973—93), выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (1993—97). З 1997 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1953. Першы зб. вершаў «Сонечны дождж» (1960). Паэт пераважна лірычнага складу, актыўны ў пошуках самавызначэння, спалучэння творчай традыцыі і наватарства. Аўтар зб. «Лірычны вырай» (1965), кніг паэзіі «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), у якіх паглыбленае асэнсаванне гістарызму і гуманізму, паэт. эксперыменту на сумежжы сілаба-танічнага верша і верлібра. Гармонія зместу і формы, стылявая выразнасць у этапным творы «Вечаславянскіх балад» (1973, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1976, дап. выд. 1998). Трывога за лёс зямлі і чалавека на ёй у зб-ках «У поўдзень, да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). У вянку санетаў «Жанчына» тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых дачыненняў. Аўтар зб. нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), кнігі прозы «Крыло цішыні» (1976). Аповесці «Крыло цішыні» (1974) і «Усе мы з хат» (1975) вызначылі лірычную стыхію і «перакрыжаваную» ў часе кампазіцыю наступных яго празаічных твораў (кнігі «Жанчына сярод мужчын», 1980; «Спадзяванне на радасць», 1983; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990). У аповесці «Жыві як хочацца» (1979), апавяданнях праблемы сучаснага горада, духоўны свет інтэлігента. Развівае ў бел. л-ры жанры прытчаў (зб. «Тыя, што ідуць», 1993), паэм у прозе («Ахвярны двор», 1991). Аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), гіст. апавяданняў, цыклаў мініяцюр, а таксама зб-каў гумару «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). На бел. мову пераклаў асобныя творы Ду Фу, А.​Пушкіна, А.​Блока, Т.​Шаўчэнкі, Р.​Тагора, А.​Міцкевіча, А.​Туманяна, А.​Цэрэтэлі, В.​Хлебнікава, Э.​Межэлайціса і інш., паасобныя песні карэла-фінскага эпасу «Калевала». Выдаў кн. перакладаў «Лісце травы» У.​Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты смутку» Ф.​Прэшэрна (1987), «Вершы ў прозе» І.​Тургенева (1994), зб. «На волю птушку выпускаю» (1989).

Тв.:

Вочы ў вочы: Выбр. паэзія. Мн., 1978;

Сад людзей: Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1985;

Выбр. тв. Т 1—2. Мн., 1995—97;

Падары нам дрэва. Мн., 1997.

Літ.:

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983;

Кабаковіч А. Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;

Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;

Лысенка А. Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Янкі Сіпакова Мн., 1986.

А.​Ф.​Лысенка, І.​У.​Саламевіч.

Я.Сіпакоў.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),

ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л. шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў склад паліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам. міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.

На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр. с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг. арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.

Літ.:

Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;

Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;

Корнеев Л.А. Классовая сущность сионизма. Киев, 1982;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998;

Лакер В. История сионизма: Пер. с англ. М., 2000.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.​Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.​Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.​Станкевіч, С.​Кабыш, А.​Марговіч, У.​Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.​Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.​Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.​Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.​Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ,

збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.

М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.​А.​Белялюбскага, Дз.​І.​Жураўскага, С.​В.​Кербедза, Л.​Ф.​Нікалаі, Я.​А.​Патона, Р.​П.​Перадзерыя, Л.​Дз.​Праскуракова, Ф.​С.​Ясінскага; Э.​Фрэйсінэ (Францыя), Р.​Маяра (Швейцарыя) і інш.

Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.​Г.​Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст. Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.​Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).

Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.​Тэлфард, А.​Дэрбі, Дж.​Уілкінсан, Р.​Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.​Б.​Альберці, Б.​Аманаці, у Швейцарыі І.​У.​Грубенман, у ЗША В.​Роблінг і яго сын Дж.​А.​Роблінг, Дж.​Фінлей, на Украіне Я.​А.​Патон.

На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р. Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.​Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.​Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл. даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.

Літ.:

Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].

І.​І.​Леановіч, Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Карлаў мост у Празе. 1357.
Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.
Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.
Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.
Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. □ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. □ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. □ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́ць 1 ’пэцкаць’ (жытк., Арх. ГУ; ТС), польск. kalić ’пэцкаць’, ’брудзіць’, ’муціць’, славін. kalac ’пэцкаць, брудзіць’ каш. kalëc, в.-луж. kalić ’муціць’, ’запырскваць’, н.-луж. kaliś ’муціць (ваду)’, ’пэцкаць’, чэш. kaliti ’пэцкаць’, ’муціць’, славац. kaliť ’брудзіць’, ’муціць’ славен. kalíti ’муціць’, серб.-харв. ка́лити ’брудзіць, муціць’. Праслав. вытворнае ад каlъ (гл. кал), дзеяслоў па ‑iti‑.

Калі́ць 2 ’бяліць, рабіць пабелку’ (тураў., Выг.; гом. КЭС; петрык., Мат. Гом.; кам., Сл. паўн.-зах., ТС). Укр. палес. калити ’мазаць сцяну глінай’, польск. kalić ’бяліць’, славац. kaľiti ’бяліць (сцены)’. Беларускае быццам бы толькі палескае, статус іншых фіксацый не вельмі ясны, наўрад ці правамерна рабіць дапушчэнне аб праславянскім характары слова. Бел. інавацыя відавочная — на базе семемы ’мазаць глінай’, ад kaliti > kalъ (гл. кал). Утварэнне, паралельнае да каліць 1 (параўн.).

Калі́ць 3 ’гартаваць’ адзначана толькі форма калытыся ’гартавацца’ (драг., Жыв. сл.). Статус слова няясны, гэта палескі кавальскі тэрмін і не выключана, што ён запазычаны з суседніх моў. Рус. калить ’гартаваць’, чэш. kaliti, славац. kaliť, славен. kaliti, серб.-харв. ка́лити, макед. кали, балг. каля ’гартаваць’. Праславянская семантыка па-рознаму разумеецца даследчыкамі, існуюць розныя погляды на сувязі слав. лексемы і як вынік былі прапанаваны розныя этымалогіі. Паводде Бернекера, 1, 476, прасл. kaliti суадносіцца з ірл. calath, кімр. calad ’цвёрды’, лац. callum, callus ’мазоль’ і да т. п.; Мее (BSL, 14, 373) шукае сувязі з рус. колеть ’цвярдзець’; Ваян (RÉS, 19, 112) лічыць, што слав. kaliti — паралельнае з герм. *köljan ’ахалоджваць’. Былі і іншыя прапановы, сярод якіх найбольш абгрунтаванай і прынятай у некаторых новых слоўніках з’яўляецца версія аб сувязі слова з прасл. kalъ, гл. спец. Махэк, LF, 65, 314–315. Паводле гэтай версіі, генетычная сувязь лексем відавочная, паколькі ў традыцыйнай (даўняй) ганчарнай вытворчасці цвёрдасць надаецца напальваннем. Такая думка была падтрымана Слаўскім. 2, 29, аднак неабходна адзначыць, што сам Махэк₂ (236) адмовіўся ад ранейшай прапановы і прыняў фактычна версію Бернекера. Сумненні таксама ў Машыннага (JP, 39, 1959, 2). Трубачоў (Эт. сл., 9, 124) вельмі ўпэўнена мяркуе аб эвалюцыі семантыкі ’апускаць металічны выраб у ваду, у раствор гліны’ > ’гартаваць’.

Калі́ць 4 ’напальваць’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. калить ’тс’, наўг. і інш. ’грэць і да т. п.’. Можна разумець як вытворнае ад каліць 3, семантыка зразумелая, паводле геаграфіі — інавацыя ў рус. і часткова бел. гаворках.

Калі́ць 5 ’прабіраць, выгаворваць’ (Юрч.). У іншых бел. гаворках адпаведнікаў як бынцам няма. Рус. раз., уладз., сарат., арханг. калить ’лаяць, сварыць; сварыцца’, вяц. ’рабіць каму-небудзь строгую заўвагу’. Статус беларускага слова няясны, яно магло трапіць у бел. усх. гаворкі разам з рус. перасяленцамі. Аднак не выключана, што тут незалежныя ўтварэнні; на базе калить ’каліць’ утвораны рус. лексемы, а бел. — або па той жа семантычнай мадэлі, або ў выніку развіцця семантыкі ’знеслаўляць’ (< ’пэцкаць’) > ’выгаворваць’, параўн. бел. тур. каляць ’знеслаўляць’ і ’пэцкаць’ (да кал). Больш верагоднай уяўляецца першы варыянт тлумачэння, параўн. семантычную паралель у рус. маск. жечь ’лаяць, сварыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ш, какош ’хвошч, Equisetum’ (мазмр., З нар. сл.). Адпаведнікаў у іншых мовах з такім значэннем не знаходзіцца. Можна суаднесці з даўняй слав. назвай курыцы kokošь. Матыў намінацыі не вельмі відавочны, паколькі асобныя віды расліны (E. arveuse, E. sylvaticum, E. palustre) у аспоўных дэталях адрозніваюцца паміж сабой. Апрача таго, сярод хвашчоў ёсць ядомыя і атрутныя віды. Не выключана, што тут перанос па знешняму падабенству або ў выніку пераносу заойіма як тэрміна. Параўн. серб.-харв. кокошка ’расліна Sedum telcphium’ (параўн. бел. зайцава капуста, зайчыкава капуста), ’Capsella’, чэш. kokoška (няяснае для Махэка, Jména rostl.63), рус. кокушка (у прамым значэнні ’зязюля’?), ’шышка, (’яйка’, ’шарык у каньку даху’, ’разнавіднасць верацяна’), серб.-харв. кокотка ’клубок, наматаны на спецыяльнае прыстасаванне’ і інш. Не выключана таксама, што назва — вынік трансфармацыі больш шырока вядомага какошнік ’Calla palustris’; перанос назвы — паводле функцыі расліны (калі абедзве ўжываліся як корм для жывёлы і раслі ў блізкіх умовах). Гэта, аднак, малаверагодна па той прычыне, што знешне расліны не падобныя (няма і агульных сінонімаў, якія б пацвердзілі такую думку). Адносна этымалогіі прасл. kokoš. Гл. какошка 1.

Како́ш 2, коко́ш ’бэлькі’, кошка ’тс’ (Маш.), kokoše ’вільчык’ (Тарн.), какашына ’дзве дошкі (або жэрдкі), якія прыбіваюцца да лат з абодвух бакоў франтона’ (мазыр., Нар. сл.), какошкі, какошыны. У рус. мове кокошина ’гак, які падтрымлівае латак для сцёку вады на даху сялянскага будынка’ (з пам. «зап.», не выключана, што гэта бел. лексема). Іншыя паралелі: бел. курыца, рус. курица ’доўгі гак, высечаны з нятоўстага дрэва з коранем, які падтрымлівае скаты і латакі даху’, наўг. і інш. ’кроквы’, куричина ’кроква на хаце з гачкападобным выгінам на ніжнім канцы для падтрымкі латака, ската даху’ (пск. і інш.), (цвяр., пск., наўг. і інш.) ’драўляны крук па канцы кроквы’, кура, куры (арханг.) ’доўгая тоўстая жэрдка, на якой трымаецца латак’. Да значэння ’вільчык даху’ параўн. рус. кочет, кочетина ’жэрдка або дрэва, загнутае з аднаго боку або з часткай кораня, якое ўтрымлівае салому на даху’ (шуйск., уладз., іван. і інш.), какора, кокша, петухи і інш., што сведчыць не толькі аб ужыванні заонімаў як тэрмінаў, але і аб складаных працэсах узаемаўплываў, калькавання, магчыма, збліжэння лексем і трансфармацыі структуры да поўнай амафаніі. Таму цяжка меркаваць аб часе ўтварэння гэтых слоў і аб архетыпах. Беларуская лексіка выглядае як старая — захаванне даўняй лексікі ў тэрміналогіі з’яўляецца звычайным. Аднак не вельмі ясна. Бел. кокаш з’яўляецца незалежным ужываннем заонімаў у якасці тэрміна (перанос назвы як вынік супастаўлення характэрных адзнак птушкі — лапы, кіпцюры) або тут калька з вандроўнага тэрміна. Аб магчымасці незалежнага ўтварэння параўн. польск. kokoszka ’бэлька, якая злучае кроквы’ і меркаванні Слаўскага, 2, 339 (аспрэчваецца магчымасць калькі з ням. Hahnenbalken, нягледзячы на тое што ёсць у гаворках яўна запазычанне hambalek, hembalak). Ням. паралель ва ўсякім разе пацвярджае складанасць праблемы, параўн. яшчэ рус. пск. куричина ’бэлька, якая падтрымлівае столь, рама’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕСПРАЦО́ЎЕ,

сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.

К.​Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.​Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.

Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс. чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс. чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс. Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.

У.​А.​Салановіч.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.​Г.​Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант. л-ра, філасофія, творчасць У.​Шэкспіра, Ф.​Г.​Клопштака, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай ў 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. муз. культуры.

Літ.:

Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр. Т. 2, 12. М., 1954, 1957;

Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;

Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;

Климовицкий А. О творческом процессе Л.​Бетховена. Л., 1979;

Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;

Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.

Л.​А.​Сівалобчык.

Л. ван Бетховен. Мастак І.​К.​Штылер.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)