ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л. галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш. хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.

Ф.М.Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ГІН у супраціўленні матэрыялаў, від дэфармацыі, які праяўляецца ў скрыўленні восі або пасярэдняй паверхні цела (бэлькі, бруса, пліты, абалонкі і інш.) пад дзеяннем знешняй сілы ці т-ры. У адносінах да прасцейшых цел (напр., бруса) велічыня скрыўлення ў межах пругкасці залежыць ад велічыні выгінальнага моманту і жорсткасці цела.

Адрозніваюць выгіны: просты, або плоскі (знешнія сілы ляжаць у адной плоскасці); складаны (выклікаецца сіламі, што дзейнічаюць у розных плоскасцях); касы (прыватны выпадак складанага выгіну); чысты (дзеянне толькі выгінальных момантаў); папярочны (дзейнічаюць таксама і папярочныя сілы). У інж. практыцы разглядаюцца таксама падоўжныя і падоўжна-папярочныя выгіны. Разлікі на выгіны (у т. л. трываласці матэрыялаў на выгіны) робяць пры праектаванні машын, механізмаў, інж. збудаванняў, даследаванні сістэм будаўнічай механікі.

М.К.Балыкін.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,

Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр. Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.

Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр. ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве, аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫ́ЛІЙ (лац. Beryllium),

Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6·10​−4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.

Серабрыста- шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445·10​3 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТКІН (Сяргей Пятровіч) (17.9.1832, Масква — 24.12.1889),

рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыкахірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).

Тв.:

Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СЬМЯН (Leśmian; сапр. Лесман; Lesman) Баляслаў

(каля 1878, Варшава — 5.11.1937),

польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус. перыяд. друку. Заснавальнік эксперым. Маст. т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Мінкін.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Блішчьшскі. Мн., 1994;

Рус. пер. — Стихи. М., 1971.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУНО́Ў (Анатоль Аляксеевіч) (н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.

А.А.Леановіч.

А.А.Лагуноў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАТКО́ВАЙ ПАДСТА́ВЫ ПРЫ́НЦЫП, дастатковай падставы закон,

прынцып логікі, паводле якога палажэнне лічыцца сапраўдным, калі яно грунтуецца на пераканаўчых падставах. Фактычна з’яўляецца асновай усіх лагічных тэорый старажытнасці, сярэднявечча і новага часу; як асобны прынцып сфармуляваны Г.Лейбніцам. Мае аналогію з прычыннай залежнасцю аб’ектыўных з’яў. Калі ў аб’ектыўным свеце ўсякая з’ява, дзеянне і інш. мае прычыну, то ў пазнанні сапраўднасць усякай думкі павінна быць абгрунтавана. У дэдукцыйных разважаннях і тэорыях за дастатковую падставу прымаецца даказанае выказванне або сукупнасць такіх, з якіх лагічна вынікае выказванне, якое абгрунтоўваецца. Закон выражае ўласцівасць доказнасці лагічна правільнага мыслення. У аксіяматычных сістэмах і падобных да іх строгіх лагічных пабудовах Д.п.п. патрабуе забеспячэння пераканальнасці выказванняў тэорыі, што разглядаюцца ў якасці яе тэарэм.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)