АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),

раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.​Р.​Бейтса і М.​Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,

тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.​Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКІ ІНСТЫТУ́Т ПАВІТУ́Х, Беластоцкая школа павітух,

спецыяльная мед. ўстанова ў Беластоку ў 1802—37 (з перапынкам у 1807—11), дзе рыхтавалі павітух (акушэрак). З 1811 тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся тэарэт. дысцыпліны: анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, ход і анамаліі цяжарнасці, механізм акта родаў, догляд немаўлят і інш. Практычныя навыкі набываліся ў працэсе 4-месячнай практыкі ў радзільных аддз. мед. устаноў. У 1802—07 ін-т выпусціў 90 павітух. Выпускніцы накіроўваліся ў Беластоцкую вобласць, Гродзенскую, Мінскую і Валынскую губ.

Я.​М.​Цішчанка.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),

англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.​П.​Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РКЛІЙ (лац. Berkelium),

Bk, штучны радыеактыўны хім. элемент з групы актыноідаў. Назва ад г. Берклі (ЗША), дзе атрыманы (1949). Ат. н. 97; вядома 10 ізатопаў з масавым лікам 240—251 (акрамя 241). Найб. доўгаіснуючыя ​247Bk (перыяд паўраспаду 1380 гадоў, α-выпрамяняльнік), ​249Bk (перыяд паўраспаду 314 сутак, β-выпрамяняльнік).

Серабрыста-белы метал, tпл 980 °C, вельмі рэакцыйназдольны. Атрымліваюць у ядз. рэактарах апрамяненнем плутонію, амерыцыю і кюрыю нейтронамі. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях адз. фізікі і радыяхіміі. Высокатаксічны, ГДК у паветры 5,9∙10​−4 Бк/л.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНІ́ЦКІ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 7.11.1938, г. Фергана, Узбекістан),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н., праф. (1989). Скончыў БДУ (1960), дзе і працаваў. З 1978 у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ, адначасова з 1995 у БДУ. Навук. даследаванні па хіміі фатаграфічных працэсаў і хім. каталізе. Адзін з аўтараў новага метаду атрымання паліхромных (шматкаляровых) адлюстраванняў на галагенсярэбраных фотаслаях. Аўтар кн. «Карціны з каляровых нітак і цвікоў» (1995).

Тв.:

Особенности формирования рутениевых катализаторов путем пиролиза резинатов (у сааўт.) // Журн. физ. химии. 1994. Т. 68, № 2.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТЫ́ЧНЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,

прылады для ўзбуджэння акустычных хваляў. Найб. пашыраны электраакустычныя пераўтваральнікі, дзе эл. энергія пераўтвараецца ў энергію ваганняў цвёрдага цела (выпрамяняльнага элемента), якое выпрамяняе акустычныя хвалі (напр., п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, электрамагн., электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі); выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі, ультрагукавой тэхналогіі, мед. дыягностыцы, кантрольна-вымяральных прыладах. Газадынамічныя і газаструменныя акустычныя выпрамяняльнікі, заснаваныя на пераўтварэнні энергіі струменя газу або вадкасці ў энергію акустычных ваганняў пры перыядычным перарыванні або ўзаемадзеянні яго з цвёрдымі перашкодамі, выкарыстоўваюцца ва ультрагукавой тэхналогіі і сігналізацыі.

А.​Р.​Баеў.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАХАБА́Д,

горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.

Алахабад. Рэлігійны фестываль «Кумбх-мела».

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ШАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (1530 ? — 1561),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. З канца 1540-х г. адзін з кіраўнікоў Выбранай рады. У 1550-я г. давераная асоба цара Івана IV Грознага, кіраваў унутр. і знешняй палітыкай дзяржавы. Пры ўдзеле Адашава да Расіі далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы. У 1560 пасланы ваяводам у Лівонію. Прыхільнік экспансіі на У і Пд, Адашаў быў супраць актывізацыі Лівонскай вайны 1558—83. Трапіў у няміласць да цара, зняволены ў Юр’еве (цяпер Тарту), дзе і памёр.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІШЧУ́К (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 10.8.1934, г. Томск, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. Вучылішча (1956), дзе працаваў. З 1989 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваў геам. тэорыю ўзгаднення, на падставе якой вырашаны шэраг задач праектавання радыётэхн. канструкцый і сістэм з аптымальнымі энергет. характарыстыкамі ў рознай паласе частот.

Тв.:

Радиоприемные устройства РЭС. Мн., 1984 (разам з Р.​П.​Чугуновым);

Радиоприемные устройства радиоэлектронной техники. М., 1992 (у сааўт.).

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)