ла́вачка ​1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​1 (у 1 знач.). [Сынклета Лукічна] ўзышла на ганак з разьбянымі слупкамі-калонкамі і з лавачкамі па баках. Шамякін.

ла́вачка ​2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​2. Заглянуць у лавачку.

2. перан. Разм. Неадабральны, недазволены занятак, пачынанне; група ўдзельнікаў гэтага занятку, пачынання. Завёў лавачку. Гэта адна лавачка.

•••

Закрыць лавачку гл. закрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малакасо́с, ‑а, м.

Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. — Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сіва, ‑а, н.

Разм.

1. Густая або вадкаватая маса, ліпкая сумесь з чаго‑н. У круглай яме топчацца двое коней, месячы гліну. Усё ідзе ў гэта месіва — і салома з.. стрэх, і пацяруха ўсякая, і кастрыца... Брыль. // Глыбокая ліпкая гразь на дарозе. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. Мікуліч.

2. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.). У празрыстай лёгкай сіняве загойдалася чорнае месіва — дым з пылам. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даручэ́нне, ‑я, н.

1. Справа, даручаная каму‑н. для выканання; заданне. Партыйнае даручэнне. □ У больш тонкія пачуцці .. [шафёр] не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, павінен выканаць. Кулакоўскі. Было яшчэ даручэнне райкома праверыць суседні калгас «Бальшавік». Дуброўскі.

2. Дакумент, які дае каму‑н. права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала яго; даверанасць. Пакідаючы Закуцце, Ігар напісаў гаспадару даручэнне, каб той атрымаў у канторы саўгаса, як прыйдзе на гэта час, Ігараву зарплату. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад забіць ​1.

2. у знач. наз. забі́ты, ‑ага, м. Той, каго забілі. У хвіліны зацішша байцы хавалі забітых, санітаркі перавязвалі раненых. Мележ. Крушынскі толькі адным вокам зірнуў на забітага. Бядуля.

3. у знач. прым. Прыніжаны, запалоханы, даведзены да атупення. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. У цёмным, забітым, прыгнечаным мужыку малады юнак убачыў чалавека. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.

1. Даць жыццё каму‑н. шляхам родаў. У хутарской адзіноце Галена нарадзіла сына. Чорны.

2. перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць што‑н., быць прычынай з’яўлення чаго‑н. Рэвалюцыя нарадзіла Савецкую краіну. □ Гэта была незабыўная да смерці крыўда, яна нарадзіла глыбокую злосць. Быкаў. Цяпер.. [Славік] добра разумеў, што толькі вера ў сур’ёзнасць яго прызнання можа нарадзіць у Машы гэтакія ж пачуцці. Шамякін.

•••

У чым маці нарадзіла гл. маці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нікчэ́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нікчэмнага. Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсаў панямонскай інтэлігенцыі. Колас. // Крайняя нязначнасць каго‑, чаго‑н.; убоства. Апошнія калгасныя падзеі прымушалі.. [Чачыка] усё больш і больш задумвацца над сваёй нікчэмнасцю. Пташнікаў.

2. Нікчэмны чалавек. Чалавек, які сказаў некалькі пустых сказаў, мог.. [Макоўчыку] здацца нікчэмнасцю, надоўга страціць яго павагу. Мележ. — Калі б вы хоць гадзінку набылі з Тумашам, дык убачылі б, якая гэта нікчэмнасць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палыно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палыну. Палыновы пах. □ Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер. Савіцкі. // Які зарос палыном. Палыновы стэп. // перан. Горкі, як палын. Гэта праўнукі тых, што хадзілі сюды басанож, з палыновай горыччу ў сэрцы. Брыль.

2. Зроблены з палыну. Палыновым венікам.. [Акуліна] змяла з падлогі склычаныя недакуркі. Вітка. // Настоены на палыне. Палыновая настойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)