ро́дзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́спіс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).

2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».

3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўніца, ‑ы, ж.

1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.

2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.

3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., каго-што і без дап.

Перадаваць прадметы на плоскасці ад рукі пры дапамозе графічных сродкаў (звычайна контурамі, рыскамі і пад.). [Дзед] браў вялізныя лісты медзі, рысаваў на іх розныя геаметрычныя фігуры. Бядуля. Не добра, аднак, рысаваць пры лямпе, святло жаўціць і цені вельмі вострыя, густыя. Брыль. // перан. Мысленна падаваць у якіх‑н. вобразах, формах. Яе дзіцячыя ўяўленні рысавалі ўсё як бы ў застылым моманце. Чорны. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала .. [Лабановічу] вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сава́, ‑ы; мн. совы, соў; ж.

Драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба. А дзесь з суседняй баравіны крычыць сава на ўсе лады. Колас. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

Ці савой аб пень, ці пяём аб саву — гаворыцца, калі чыё‑н. становішча мяняецца толькі на выгляд, а не па сутнасці. — Ці савой аб пень, ці пнём аб саву — усё адно, — рагоча Тоўсцік. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самагу́бства, ‑а, н.

Наўмыснае пазбаўленне сябе жыцця. Пакончыць жыццё самагубствам. □ Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства? Колас. На глебе беспрацоўя і галечы — жудасныя самагубствы, трагедыі, ад якіх ледзянее ў жылах кроў. Таўлай. // Шкода, якую чыніць сам сабе чалавек. [Шыковіч:] — У нашыя з вамі гады і пры нашай камплекцыі многа есці — самагубства. Шамякін. // перан. Банкруцтва, крах чаго‑н. Ажыццяўленне падобнай праграмы (уласнай праграмы аўтараў «credo») было б раўназначна палітычнаму самагубства рускай сацыял-дэмакратыі, раўназначна велізарнай затрымцы і прыніжэнню рускага рабочага руху і рускага рэвалюцыйнага руху. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саю́знік, ‑а, м.

1. Той, хто дзейнічае з кім‑, чым‑н. у саюзе (у 1 знач.). Гэта было найцяплейшае месца ў хаце, асабліва для тых, у каго ў такі час быў надзейны саюзнік — бабуля. Брыль. // перан. Тое, што садзейнічае, дапамагае каму‑, чаму‑н. Відаць, шторм быў добрым саюзнікам параходнай кампаніі, даваў ёй значную эканомію на харчаванні пасажыраў. Лынькоў. Добрае надвор’е — саюзнік студэнтаў. Навуменка.

2. Той, хто знаходзіцца ў саюзе (у 2 знач.) з кім‑н. [Брыль:] — [Саюз рабочага класа з сялянствам] абараніў нас ад навалы белых армій і іх саюзнікаў, замежнай буржуазіі, што ў смертнай схватцы прабавала задушыць нас. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад. Слова за слова — сварка разгаралася, як лясны пажар. Лынькоў. Свёкар не папускае.. [Любу] ў крыўду, але і яму абрыдне слухаць кожны дзень сварку і грызню. Васілевіч. // Абразлівыя словы, выразы; лаянка. Пайшлі праверкі і прамеры, Каб больш мець пэўнасці і веры І каб не выйшла перакосу І не зайсці ў чыю палосу, Во будзе крыку, будзе сваркі, — Няхай лепш цэлы будуць каркі. Колас. Не спрэчку трэба гнаць за дзверы, А, мабыць, сварку і разлад. Кусянкоў.

•••

Вязацца ў сварку гл. вязацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́к, ‑а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)