ЛЯВО́НАЎ (Леанід Максімавіч) (31.5. 1899, Масква — 8.8.1994),
расійскі пісьменнік. Акад.АНСССР (1972). Герой Сац. Працы (1967). Засл. дз. маст. Расіі (1949). Друкаваўся з 1915. У апавяданнях, аповесцях 1920-х г., раманах «Барсукі» (1924), «Злодзей» (1927, 2-і варыянт 1959) драм. падзеі і трагічныя вынікі рэв. барацьбы, крытыка мяшчанства. Раман «Рускі лес» (1953; Ленінская прэмія 1957) пра падабенства рус. характару з рус. прыродай і згубнасці для народа яе бяздумнага пакарэння; рамант. патэтыка мяжуе часам з рыторыкай, а ўзвышаныя персанажы з ідэалізацыяй. Аўтар аповесцей «Evgenia Ivanovna» (1938, апубл. 1963), «Узяцце Велікашумска» (1944), раманаў «Соць» (1930), «Дарога на акіян» (1935), п’ес «Нашэсце» (1942, 2-я рэд. 1964; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Залатая карэта» (1946, 3-я рэд. 1964), кінааповесці «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1961, аднайм. фільм 1976; Дзярж. прэмія СССР 1977), літ.-крытычных артыкулаў (зб-кі «Літаратура і час», 1964; «Літаратурныя выступленні», 1966) і інш.Асн. рысы яго твораў — напружаная філас.-этычная праблематыка, шырыня сац.-гіст. абагульненняў, псіхал. глыбіня, маляўнічасць і метафарычнасць стылю. Быў знаёмы з Я.Купалам. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі М.Стральцоў, У.Ягоўдзік. П’есы ставіліся ў т-рах Беларусі: «Скутарэўскі» (1934), «Палаўчанскія сады» (1938), «Звычайны чалавек» (1955) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Нашэсце» (1943), «Лёнушка» (1975) у т-ры імя Я.Коласа; «У мяцеліцу» (1966), «Залатая карэта» (1971) у т-ры імя Я.Купалы і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1981—84;
Публицистика. М., 1987;
Пирамида: Роман-наваждение. Ч. 1—3. М., 1994;
Бел.пер. — Дарога на акіян. Мн., 1938.
Літ.:
Леонид Леонов — мастер художественного слова. М., 1981;
Леонид Леонов и современность. Саратов, 1983;
Леонид Леонов: Творч. индивидуальность и лит. процесс. Л., 1987;
Верность человеческому: Нравств.эстет. и филос. позиция Л.Леонова. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),
турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;
Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.
Літ.:
Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;
Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,
літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.Джойсам, В.Вулф (Англія), У.Фолкнерам, Г.Стайн, (ЗША), М.Прустам (Францыя) і інш.
Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.Фрэйда.
Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст.маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.Грынам, Г.Грасам, А.Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.Чорнага.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;
Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр.Главацкі
(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),
«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Брыль, П.Бітэль, М.Чарнецкі.
Тв.:
Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;
Listy. Warszawa, 1959;
Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;
Бел.пер. — Міхалка. Мн., 1930;
Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;
На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—7. М., 1961—63.
Літ.:
Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;
Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́КАЗКА,
кароткі, лаканічна і граматычна завершаны афарыстычны выраз, які адлюстроўвае шматвяковы жыццёвы вопыт і мудрасць народа найчасцей у мастацка-вобразнай форме і ўжываецца пераважна ў пераносным значэнні; жанр нар. паэтычнай творчасці. Тэматычна П. вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі. Першыя запісы П. прыпісваюць Арыстоцелю. Зб. антычных П. у 1500 склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самыя даўнія выданні П. — зб. С.Рысінскага (Любча, 1618), публікацыі 1-й пал. 19 ст. П.Шпілеўскага, Я.Чачота і інш. Па структуры П. звычайна двухчленныя, нярэдка рыфмаваныя, мова іх багатая метафарамі, параўнаннямі, эпітэтамі, алегорыямі і інш.выяўл. сродкамі: «Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа», «як пасцелешся, так і выспішся», «хто працуе, той святкуе». Лаканічнасць і трапнасць думкі, маст. выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне П. ў жывой гутарковай мове, у творах маст. л-ры. Бел. П. збіралі У.Дабравольскі, Я.Ляцкі, І.Насовіч, Е.Раманаў, М.Федароўскі, Ф.Янкоўскі, Я.Рапановіч і інш.
Публ.: Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. [Т.] I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі. прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд.Мн., 1992; Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2 выд.Мн., 1974; Прыказкі і прымаўкі / Скл. М.Я.Грынблат. Кн. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Янкоўскі М.А.Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Я гож. Прыказкі і прымаўкі // Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга
(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм.т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм.т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ (Адам) (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац.раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел.пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр.кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т. л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл.драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.Багданава.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Собр. соч. американского периода: В 5 т.Т. 1—4. СПб., 1997;
Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;
Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;
Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.
Літ.:
Шаховская З. В поисках Набокова;
Отражения. М., 1991;
Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;
Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;
Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.