спартыўная гульня з мячом і бітай. Узнікла ў ЗША на пач. 19 ст. Гуляюць 2 каманды па 9 чал. на пляцоўцы ў выглядзе ромба з бакамі ў 90 футаў (27,4 м). Вуглы пляцоўкі лічацца «базай» («домам»). Спартсмены атакуючай каманды па чарзе стаяць каля «базы», адбіваюць бітай мяч, які кідаюць ім, і пакуль ён ляціць, перабягаюць да другой «базы». Сапернікі імкнуцца злавіць мяч і пацэліць ім у таго, хто перабягае да «базы». Калі гэта ўдаецца зрабіць тройчы, каманды мяняюцца месцамі. Каманда, якае мае найб. колькасць перабежак праз усе «базы» ў свой «дом» пасля 9 такіх змен, лічыцца пераможцай. Спрошчаны варыянт бейсболу — софтбол (можна гуляць на невял. пляцоўках, у т. л. ў зале). Падобныя на бейсбол гульні ёсць і ў інш. народаў: бел.апука, англ. крыкет, рус. лапта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІЦТВА,
лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 4 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр.нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,88 км², даўж. 3,75 км, найб.шыр. 1,6 км, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 15,2 км. Пл. вадазбору 249 км². Схілы катлавіны на Пн і У высокія, абразійныя, на Пд і З спадзістыя, месцамі забалочаныя. Берагавая лінія звілістая. У катлавіне вылучаюць цэнтр. плёс з плоскім дном, паўн., зах. і паўд. плёсы, аддзеленыя астравамі або падняццямі. 4 астравы агульнай пл. 0,11 км². Найб. глыбіні ў паўд. плёсе. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей выслана глеямі. Расліннасць каля берагоў утварае перарывістую паласу шыр. 15—20 м. Злучана пратокамі з азёрамі Струста і Неспіш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СА,
рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 183 км. Пл. вадазбору 6420 км². Выцякае з воз. Дрысы, цячэ на паўн.ч. Полацкай нізіны, праз азёры Астраўцы, Сіньша і Буза, вусце ў межах г. Верхнядзвінск. Асн. прытокі: Нешчарда, Нішча, Свольна (справа), Шчаперня і Дахнарка (злева). Даліна трапецападобная, месцамі скрынкападобная, ніжэй вусця р. Нішча на асобных участках невыразная, шыр. 200—500 м, у нізоўі — 1,5 км. Пойма нярэдка забалочаная, шыр. 100—500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 25—45 м. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак., доўжыцца каля 60 сут. Летне-асенняя межань каля 140 сут. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сак.—пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 45,6 м³/с. На рацэ г. Верхнядзвінск.
Рака Дрыса каля вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ (літ.Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас.р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр.ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс.км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́НАВА, Заронаўскае возера,
на мяжы Віцебскага і Шумілінскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Шэвінка, за 12 км на У ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,61 км², даўж. 7,6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 13,5 м, даўж. берагавой лініі 21,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м (на зах. 5—10 м), разараныя, часткова пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, месцамі супадаюць са схіламі, у залівах на З і У сплавінныя. Падводная ч. катлавіны падзяляецца на некалькі замкнёных глыбакаводных плёсаў. На ПдУ 5 астравоў агульнай пл. 3 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, уздоўж паўн. берагоў пясчана-галечнае з валунамі. Глыбакаводная зона глеістая. Упадаюць 10 ручаёў, у т. л. з воз. Княжно; на З выцякае р. Заронаўка. Уваходзіць у зону адпачынку Заронава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́Я,
рака на Д. Усходзе Расіі, левы прыток р. Амур. Даўж. 1242 км, пл.бас. 233 тыс.км². Пачынаецца на паўд. схілах Станавога хр., цячэ па Верхнязейскай раўніне ў даліне з шырокай поймай. Прарэзвае хр. Тукурынгра і Сактахан, утварае скалістую цясніну — Зейскія Вароты. У межах Амурска-Зейскай раўніны даліна месцамі пашыраецца да 10—20 км. Ніжэй вусця р. Селемджа цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне па шырокай забалочанай даліне. Асн. прытокі: Ток, Мульмуга, Бранта, Гілюй, Уркан (справа), Купуры, Аргі, Дэп, Селемджа, Том (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з ліст. да пач. мая, у вярхоўі перамярзае. Сярэдні гадавы расход вады 1900 м³/с. Пашырана шматгадовая мерзлата. У бас. З. больш за 19,5 тыс. азёр агульнай пл. 1021 км². Суднаходная ніжэй Зейскай ГЭС і па вадасховішчы. Зейскі запаведнік. На З. — гарады Зея, Свабодны, Благавешчанск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн.т, перспектыўныя 44 млн.т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на З ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх.ч. Сахары. Пл. каля 2 млн.км². Паўн.ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд.ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.