КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,

нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.

Літ.:

Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг. М., 1970.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАДЫ́К Махамед (1880, Тэгеран — 5.3.1967),

іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэза-шаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,

ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-та Сусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.​Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.​Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПАЎСТА́НЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1863,

арганізацыя па падрыхтоўцы і кіраўніцтву паўстаннем 1863—64 у Мінску і Мінскай губ. На першым этапе гал. ролю ў ёй адыгрывалі «чырвоныя»: А.​Трусаў, І.Козел, К.Марцінкевіч і інш.; у Навагрудскім пав. — У.Борзабагаты і В.Клімовіч, у Барысаўскім — М.​Цюндзявіцкі. Арг-цыя паступова набыла характар сістэмы губ., гар. і пав. органаў з падзелам на цывільныя і ваенныя. Вясной 1863, з далучэннем да паўстання партыі «белых», многія важныя пасады апынуліся ў руках памяркоўных элементаў, звязаных з памешчыкамі. Асн. ваен. сілу ў арг-цыі складалі «чырвоныя», што дазволіла паўстанцкім атрадам у крас. 1863 арганізавана выступіць супраць царызму. З лета 1863 паўстанцкім губ. камісарам стаў доктар М.Аскерка. Увосень 1863 К.​Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка І.Яманта, які разам з Аскеркам і К.Пялікшам (губ. цывільны начальнік) рэарганізаваў арг-цыю. Разгромлена царскімі ўладамі ў пач. 1864.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ Фёдар Іларыёнавіч (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ў пач. ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.

Ф.І.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,

група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц. якабінцаў. Гал. дзеячы — К.​Канопка, Ю.​Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн. Т-ва польскіх рэспубліканцаў.

Літ.:

Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.

т. 12, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,

легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.​Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.​Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.

В.​В.​Швед.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ Аляксей Мікалаевіч (н. 19.1.1923, с. Раждзественскае Паворынскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1976). Скончыў Балашоўскую ваен. авіяц. школу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1950). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Ленінградскім і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна, нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі штурмавога авіяц. палка капітан П. зрабіў 238 баявых вылетаў, вызначыўся ў баях пры прарыве блакады Ленінграда, Беларускай, Вільнюскай і Усходне-Прускай аперацыях, пры фарсіраванні рэк Нарва, Вуокса, Нёман і інш. З 1950 на камандна-штабных пасадах, з 1968 на выкладчыцкай рабоце ў ваен.-навуч. установах.

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;

Гринько А.И., Улаев ГФ Богатыри земли Воронежской. Воронеж, 1965.

Аляксей Мікалаевіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЯ́ТЫ ПОЛК» (шталаг №313) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 на паўн.-зах. ускраіне г. Віцебск для масавай загубы сав. ваеннапалонных на тэр. б. сав. ваен. гарадка 5-га чыг. палка. За калючым дротам утрымлівалася адначасова да 40 тыс. вязняў. У сак.—крас. 1943 сюды змясцілі каля 20 тыс. грамадзян горада і навакольных вёсак, схопленых у часы аблаў. Пасля знішчэння ваеннапалонных лагер выкарыстоўвалі да лют. 1944 як перасылачны, потым як лагер для цывільнага насельніцтва. Праз лагер прайшло больш за 150 тыс. чал., з іх загублена больш за 80 тыс., у т. л. каля 12 тыс. мірных жыхароў. 3.6.1944 сав. войскі вызвалілі каля 8 тыс. чал. На месцы лагера помнік на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.

Літ.:

В памяти народной. Мн., 1969;

Витебск: Энцикл. справ. Мн., 1988. С. 215.

В.​М.​Кучарэнка.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,

арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.​І.​Леніна, Г.​В.​Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)