паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).
Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBB → pC + qD роўная: v = kCnAACnBB, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЯ ПАКА́ЗЧЫКабсалютны, адносіны скорасці святла (c) у вакууме да фазавай скорасці святла (v) у дадзеным асяроддзі: n = c/v. Залежыць ад хім. саставу асяроддзя, яго стану (т-ры, ціску і інш.) і частаты святла (гл.Дысперсія хваль). З дыэлектрычнай (ε) і магнітнай пранікальнасцямі (μ) звязаны суадносінамі:
. Адносны П.п. — адносіны фазавых скарасцей святла (ці хваль інш. прыроды) у 1-м (vi) і ў 2-м (v2) асяроддзях:
(Снэля закон) і ў той жа час адносіны сінуса вугла падзення (α) да сінуса вугла пераламлення (β):
(гл.Пераламленне святла). З абсалютнымі П.п. асяроддзяў звязаны суадносінамі
. Для анізатропных асяроддзяў П.п. залежыць ад напрамку распаўсюджвання выпрамянення і яго палярызацыі. Паглынальныя асяроддзі апісваюцца камплексным П.п. (гл.Металаоптыка, Паглынанне святла, Паглынанне хваль).
Да арт.Пераламлення паказчык: n−sinα/sinβ — паказчык пераламлення; α і β — вуглы падзення і пераламлення адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́ЛІ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння полівінілавага спірту з альдэгідамі.
Цвёрдыя аморфныя бясколерныя рэчывы. Паводле прыроды арган. радыкала R (вадарод, алкіл, фурфурыл і інш.) тэрмапласты ці тэрмарэактапласты, мал. м. (15—200)∙10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Раскладаюцца пры t > 150 °C і апрацоўцы мінер. к-тамі. Атрымліваюць звычайна гідролізам полівінілацэтату з наступным далучэннем альдэгіду да полівінілавага спірту, (полівінілбутыраль); x, y, z — колькасць адпаведна ацэтальных, вінілспіртавых і вінілацэтатных звёнаў у макрамалекуле, што ўтварыўся пры гідролізе, таму макрамалекулы П. акрамя асн. ацэтальных звёнаў (гл.Ацэталі) маюць вінілспіртавыя і вінілацэтатныя звёны. Найважн. П. — полівінілфармаль (П. на аснове фармальдэгіду) і полівінілбутыраль (на аснове масленага альдэгіду). Тэрмапласты. Вызначаюцца высокай адгезіяй да металаў, шкла і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюць полівінілфармаль пераважна для вырабу электраізаляцыйных лакаў, полівінілбутыраль — для вырабу сінт. кляёў (тыпу БФ), лакаў, грунтовак, эмаляў, атрымання антыкаразійных і дэкар. пакрыццяў на металах, у вытв-сці безасколачнага шкла трыплекс.
М.Р.Пракапчук.
Агульная формула полівінілацэталей. R — вадарод (полівінілфармаль) ці арганічны радыкал, напр., C3H7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́НКА,
рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАКШЫ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Swiętokrzyskie),
адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал. (1999), гарадскога 47%. Адм. цэнтр — г.Кельцы. Найб. гарады: Астровец-Свентакшыскі, Скаржыска-Каменна, Старахавіцы, Сандамір. Размешчана пераважна на Келецка-Сандамірскім узв., у межах якога вылучаюцца Свентакшыскія горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ад -4,5 °C у Свентакшыскіх гарах да -2,5 °C на Пд, ліп. 16,5 °C і 18,5 °Cадпаведна. Гал. рака Вісла з прытокамі Ніда, Каменна, Чарна. Глебы падзолістыя, на У бурыя і чарназёмныя. Пад лесам 27%. Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 63%. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, цукр. буракі, бульбу, рапс. Садоўніцтва (асабліва каля Сандаміра). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коней, птушак. Прам-сць: маш.-буд. (трансп., эл.-тэхн.), чорная металургія (электрасталь, пракат), буд. матэрыялаў (цэмент, шкло, кераміка і інш.), харч. (цукр., кансервавая і інш.), лёгкая (швейная, абутковая). Здабыча жал. руды, сыравіны для буд. матэрыялаў. Турызм. Бальнеагразевы курорт Буска-Здруй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЯНЫ́Я КІСЛО́ТЫ,
прыродныя карбонавыя к-ты, якія прадуцыруюцца раслінамі хвойных парод; асн. кампанент жывіцы (62—65%), талавага масла (30—45%) і прадукту іх перапрацоўкі каніфолі (60—92%).
Сярод С.к. найб. пашыраны ненасычаныя трыцыклічныя карбонавыя к-ты агульнай ф-лы C19H29COOH, якія адрозніваюцца пазіцыяй падвойных сувязей у малекулах, а таксама іх дыгідра-, тэтрагідра- і дэгідравытворныя (C19H31COOH, C19H33COOH і C19H27COOH адпаведна). У жывіцы хвойных дрэў пераважаюць к-ты абіяцінавая (у жывіцы піхты яе 46—52%, кедра 32% па масе) і левапімаравая (27—36% у жывіцы хвоі). Індывід С.к. — бясколерныя крышталі без паху, добра раствараюцца ў ацэтоне, бензоле, дыэтылавым эфіры, не раствараюцца ў вадзе. Для С.к. характэрныя рэакцыі з удзелам карбаксільнай групы (утвараюцца солі і эфіры) і па падвойных сувязях. С.к. са спалучанымі падвойнымі сувязямі лёгка акісляюцца ў паветры і ізамерызуюцца адна ў другую (першасны кампанент жывіцы — левапімаравая к-та лёгка пераходзіць у абіяцінавую). У прам-сці атрымліваюць і выкарыстоўваюць у выглядзе каніфолі.
Я.Г.Міляшкевіч.
Структурныя формулы смаляных кіслот: а — абіяцінавай; б — левапімаравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,
ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЬФАКІСЛО́ТЫ, сульфонавыя кіслоты,
арганічныя злучэнні, якія маюць аднавалентную сульфагрупу, ці сульфонавую групу (SO2OH), злучаную з арган. радыкалам. Агульная ф-ла С. — RSO3H, дзе R — алкіл, арыл або гетэрацыклічны радыкал. Класіфікуюць паводле прыроды арган. радыкала, наяўнасці інш. замяшчальнікаў і колькасці сульфонавых груп у малекуле. Найважн. С. — алкан-, аксі- і амінасульфакіслоты, араматычныя С.
Большасць С. — крышт. гіграскапічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе. Моцныя к-ты, утвараюць солі і эфіры (сульфанаты), галагенангідрыды (сульфагалагеніды RSO2Hal), аміды (сульфаміды RSO2NH2). Араматычныя С. пры награванні гідралізуюцца да вуглевадародаў з вылучэннем сернай к-ты. Араматычныя С. атрымліваюць сульфіраваннем, аліфатычныя — сульфакісленнем і сульфхлараваннем (сульфіраванне пры сумесным дзеянні дыаксіду серы SO2адпаведна з кіслародам ці хлорам у прысутнасці ініцыятараў або пры апрамяненні). Араматычныя С. з’яўляюцца паўпрадуктамі ў вытв-сці фенолаў, нафтолаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў (гл.Сульфанілавая кіслата), іонаабменных смол і інш.Тэхн. сумесь метан-, этан- і прапансульфонавых кіслот выкарыстоўваюць як каталізатар арган. рэакцый, растваральнік, солі алкансульфонавых кіслот — як мыйныя сродкі, паверхневаактыўныя рэчывы, эмульгатары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.
Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл.Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.
Літ.:
Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТРЭ́ХЦКІ МІР 1713,
агульная назва шэрагу двухбаковых мірных дагавораў, якія разам з Раштацкім мірам 1714 завяршылі ў Еўропе вайну за іспанскую спадчыну. Падпісаны ў г. Утрэхт (Нідэрланды) у ходзе міжнар. кангрэса: 11 крас. — паміж Францыяй і яе праціўнікамі (Вялікабрытанія, Галандыя, Прусія, Савоя, Партугалія), 13 ліп. — паміж Іспаніяй і Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Савояй (пазней адпаведна 26.6.1714 і 6.2.1715 паміж Іспаніяй і Галандыяй, Іспаніяй і Партугаліяй). За Філіпам V Бурбонам прызнана права на Іспанію і яе заакіянскія ўладанні, пры ўмове адрачэння яго і яго нашчадкаў ад правоў на франц. карону. Іспанія страціла ўладу над Сіцыліяй, Манферата, ч. Міланскага герцагства (на карысць Савоі), ч. Верхняга Гелдэрна і інш. землямі (на карысць Прусіі). Францыя прызнала тытул «караля прускага» за курфюрстам Брандэнбурга. Найб. выгадныя ўмовы міру былі для Вялікабрытаніі, пад уладу якой ад Іспаніі перайшлі Гібралтар і порт Маон (в-аў Менорка), а ад Францыі — шэраг уладанняў у Паўн. Амерыцы (землі вакол Гудзонава заліва, в-аў Ньюфаўндленд і інш.). У.м. спрыяў зацвярджэнню гандл. і калан. панавання Вялікабрытаніі.