Тож ’таксама’ (Некр. і Байк., Гарэц., Растарг., Сцяшк. Сл., Федар. 4), тож, то́жэ ’тс’ (ТС, Сл. ПЗБ), тож, то́же ’тс’ (Вруб.), то́жа ’тс’ (калінк., З нар. сл.; Жд. 1), то́жо ’тс’ (Сл. ПЗБ), тыж ’тс’ (зэльв., Нар. словатв.), ст.-бел. тожде ’так, таксама’ (Ст.-бел. лексікон), а таксама ў спалучэннях jak na tu ’як на зло’, tuoż tu, tuoż bo to ’значыцца, зразумела, сапраўды’ (Федар. 4), то́‑шта ’як жа’ (Воўк-Лев., Татарк.). Параўн. укр. дыял. тож ’таксама’, рус. то́же, дыял. тож ’тс’, польск. toż ’тое самае’, ’ж, жа’, ’вось’, старое ’таксама, тое ж’, чэш. дыял. tož ’значыцца, вось жа’, славац. дыял. tož ’менавіта, значыцца’, славен. torej ’тс’, ст.-слав. тоже, тожде ’таксама, дакладна, так, сапраўды’. Прасл. *to‑že ’дакладна тое’, параўн. літ. taĩgi ’такім чынам, значыцца’, для некаторых форм, магчыма, *to‑dje (з часціцай *‑dje/*dʼe няяснага паходжання) ’таксама, такім жа чынам’ (ESSJ SG, 2, 693–694, 667; Бязлай, 4, 191, 203–204; Борысь, 630, 639). Гл. то, тое1, ж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхнуць ‘дыхнуць’, ‘павеяць, дунуць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яруш., Нас., Гарэц.): не можэ тхнуць без гарэлкі (Сержп. Прымхі), ‘перавесці дух’ (Шат., Сцяшк.), ‘перадавацца ў паветры праз пахі, смярдзець’ (ТСБМ, Гарэц., ТС), ‘патыхаць смуродам’ (Некр. і Байк., Зайка Кос.; слонім., Нар. словатв.), тхну́ті ‘дыхнуць’ (Бес., Вруб., Кітаб Луцкевіча), тхну́ты ‘перавесці дух’ (кобр., Жыв. сл.), ‘трохі смярдзець, патыхаць’ (драг., З нар. сл.), ст.-бел. тхнути, тхнуть ‘дыхнуць’ (ГСБМ). Параўн. укр. тхну́ти, дхну́ти ‘дыхнуць, павеяць’, рус. пск. тхнуть ‘задыхнуцца (ад недахопу кіслароду, пра рыбу)’; польск. tchnąć ‘дыхнуць’, ‘дыхаць’, ‘удыхнуць’, ‘павяваць’, ст.-польск. dchnąć ‘тс’, чэш. паэт. tchnouti, ст.-чэш. dchnúti ‘дыхнуць, павеяць’. Узыходзіць да праслав. *dъxnǫti > дыхнуць, дыхаць (гл.). Формы з пачатковым т‑ з’явіліся ў выніку прыпадабнення звонкай д‑ да глухой ‑х‑ пасля страты рэдукаваных (Фасмер, 4, 129; Праабражэнскі, 2, 23–24; Брукнер, 567 і 86; Слаўскі, 1, 143; ЕСУМ, 5, 690; Борысь, 629). Сюды ж тхне́ньне ‘подых’ (Ласт.), тхнець ‘пах’: чаромхаў тхнець (А. Салавей).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЗЕ́ННЕ,

штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).

Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш. еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст. бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел. нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел. нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц. нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.

Літ.:

Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский эгнографический сборник. М., 1956;

Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;

Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.

М.Ф.Раманюк.

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Верціхвост ’разнавіднасць вераб’я’ (КТС). Укр. палес. вэртыхви́стка ’сітаўка’; ’пліска’. Да вярцець і хвост (гл.). Аналагічна ў іншых слав. мовах: рус. вертише́йка, вертиголо́вка, укр. вертигу́зка, палес. ве̂ртыго̂ло́в, серб. вр̀тигуз, вр̀тиреп ’сітаўка, Motacilla alba’. У выніку пераносу значэння ўтварылася міёр. вярціхво́ст ’непаседлівы чалавек, які ўвесь час снуе ўзад-уперад’ (З нар. сл.). Сюды ж верціхвостка ’назва птушкі’, а таксама ’шалахвостка (пра жанчыну)’. Аналагічна рус. вертихвостка ’тс’ і ўкр. вертихвістка ’ветрагонка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́правіць ’зрабіць правільным, ліквідаваць недахопы; адправіць, накіраваць, падрыхтаваць у дарогу’ (БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Рус. вы́править, укр. ви́правити, польск. wyprawić ’адправіць, сабраць (у дарогу)’, славац. vypraviť ’тс’. Ад правіць у яго першапачатковым значэнні ’рабіць прамым’ (параўн. рус. править), якое ў сваю чаргу ад правы ’які мае быць’ (Шанскі, 1, В, 229). Сюды ж, відавочна, вы́правытыся ’здохнуць, выпруціцца’ (З нар. сл.), г. зн. ’зрабіцца прамым’; у семантычных адносінах параўн. выпруціцца, апруцянець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вырва1 ’яма (ад дажджу)’ (Яшк.). Укр. ви́рва ’круты схіл гары, круча’, польск. wyrwa ’канава, яма, якая ўтварылася ад дзеяння вады’, чэш. мар. výrva ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць (гл. рваць) (Махэк₂, 526; Нітшэ, 66). Адносна энанціасеміі значэнняў (’яма’ — ’круча’) гл. Талстой, Геогр., 98 і наст.

Вырва2 ’вельмі бойкая і гарэзлівая дзяўчына’ (З нар. сл.). Рус. смал. лаянкавае слова вы́рва, польск. wyrwa ’насмешнік, франт’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́ступкі ’старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (Бір. Дзярж.); ’лёгкі жаночы абутак’ (Сцяшк.); ’апоркі, старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (З нар. сл.), вы́ступці ’туфлі’ (Бес.). Рус. вы́ступки, вы́ступцы ’старыя боты з адрэзанымі халявамі, вялікія і нязграбныя боты для хадзьбы па гною; від жаночых чаравікаў на абцасах; пантофлі’, укр. ви́ступці ’туфлі’. Ад іменнай або дзеяслоўнай асновы выступ‑ (гл. ступаць) з суф. ‑к‑ (Вахрас, Наим. об., 76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)