нейтра́льны, -ая, -ае.

1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да дзяржаў, што ваююць.

Нейтральная краіна.

2. перан. Які не становіцца на чый-н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.).

Заняць нейтральную пазіцыю.

3. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі (спец.).

Н. раствор.

4. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду (спец.).

Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часціцай.

Нейтральная зона (паласа), нейтральныя воды — такія, на якіх, згодна з пагадненнем, не павінны весціся ваенныя дзеянні, размяшчацца ваенныя сілы.

|| наз. нейтра́льнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

міну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго-, чаго-н., пакінуўшы яго ззаду або збоку.

М. азярко.

2. пераважна з адмоўем, чаго. Пазбегнуць чаго-н.

Не м. бяды (безас.). Горш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.).

Вось і лета мінула.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму. Споўніцца (пра ўзрост).

Яму мінула сем гадоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ры́са, -ы, мн. -ы, рыс, ж.

1. Вузкая паласа, лінія.

Правесці рысу.

Падвесці рысу пад чым-н. (таксама перан.: падвесці вынік, скончыць з якой-н. справай).

2. Лінія (існуючая ці ўяўная), якая раздзяляе што-н., рубеж.

Р. пад’ёму вады.

3. Уласцівасць, адметная адзнака, якасць.

Рысы характару.

Рысы новага чалавека.

4. мн. Тое, што і рысы твару.

Дарагія рысы.

Рысы твару — абрысы, аблічча твару.

Прыгожыя рысы твару.

У агульных рысах — без падрабязнасцей.

|| памянш. ры́ска, -і, ДМы́сцы, мн. -і, -сак, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

схапі́цца, схаплю́ся, схо́пішся, схо́піцца; зак.

1. гл. хапацца.

2. Уступіць у бой, барацьбу, спрэчку.

С. з ворагам.

Зноў схапіліся юнакі дужацца.

3. Раптам успомніць пра што-н.; спахапіцца (разм.).

Схапілася пад вечар, ды позна ўжо.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняцца полымем.

Пуня схапілася полымем.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца цвёрдым, застыць (спец.).

Бетон схапіўся даволі хутка.

Схапіцца за галаву (разм.) — прыйсці ў адчай, жахнуцца.

|| незак. схо́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сцяг, -а, мн. сцягі́, -о́ў, м.

1. Палотнішча ўстаноўленага памеру, формы і колеру (колераў), звычайна з эмблемай дзяржавы, вайсковай часці, арганізацыі і інш., якое выкарыстоўваецца ў якасці іх сімвалу і, як правіла, прымацоўваецца адным бокам да дрэўка або шнура.

Дзяржаўны с.

Беларусі.

Палкавы с.

С.

Перамогі.

2. Кавалак тканіны пэўнай формы і афарбоўкі, які служыць знакам чаго-н., упрыгожаннем і інш.

Зялёны с.

Махаць сцягамі.

Пад сцягам міру — у імя міру.

Трымаць высока сцяг (чаго-н.) — захоўваць якія-н. ідэалы, запаветы (высок.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фармірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся; незак.

1. Складвацца, набываць пэўную форму, закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен.

Пэўныя рысы характару фарміруюцца ў дзяцінстве.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Стварацца, арганізоўвацца (пра групу, калектыў і пад.).

Фарміруецца група народнага кантролю.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку.

Фарміруецца цягнік на Берлін.

|| зак. сфармірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся.

|| наз. фармірава́нне, -я, н. і фарміро́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

це́сны, -ая, -ае.

1. Які займае недастатковую плошчу, непрасторны.

Ц. пакой.

Цесная вулачка.

2. Пра адзенне, абутак і пад.: малы па памеры.

Цесныя боты.

3. Шчыльна размешчаны адзін каля аднаго.

Дзеці сядзелі цесным радком.

Цесна (прысл.) паставіць кнігі.

4. перан. Абмежаваны, вузкі.

Цеснае кола знаёмых.

5. перан. Блізкі, непасрэдна звязаны з кім-, чым-н.

Ц. кантакт.

Цесная дружба.

Гэтыя праблемы цесна (прысл.) звязаны.

|| наз. цесната́, -ы́, ДМ -наце́, ж. (да 1 знач.) і цясно́та, -ы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чхаць, чха́ю, чха́еш, чха́е; незак.

1. Міжвольна з шумам выдыхаць паветра праз нос пры раздражненні слізістай абалонкі.

2. Утвараць рэзкія адрывістыя гукі пры нераўнамернай рабоце (пра маторы, механізмы і пад.; разм.).

3. перан., на каго-што. Не звяртаць увагі, выказваючы пагарду да каго-н. (разм., груб.).

Чхаў я на яго.

Чхаў ён на такія загады.

|| зак. чхнуць, -ну, -неш, -не; -нём, -няце́, -нуць; -ні (да 1 знач.).

|| наз. чха́нне, -я, н. (да 1 знач.).

|| прым. чха́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Ч. газ.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шу́снуць, -ну, -неш, -не; -ні; зак. (разм.).

1. Шмыгнуць, кінуцца куды-н.; хутка залезці куды-н., схавацца дзе-н.

Ш. за дзверы.

Ш. у ложак.

2. Зваліцца адкуль-н., нечакана праваліцца куды-н.

Ш. у адхон.

Ш. пад лёд.

3. Імкліва ўзняцца, узляцець уверх.

Шуснула чарада птушак.

4. 3 сілай выліць што-н.; раптам паліцца, пасыпацца.

Ш. памыйную ваду ў баразну.

Шуснуў дождж.

5. Утварыць лёгкі шум, шолах.

Шуснула галінка.

6. што. З сілай высыпаць.

Ш. лапату пяску на агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)