усяля́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
1. Самы разнастайны, розны. Ламачча ўсялякага тут хапала, хоць гаць гаці. Гурскі. Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны. / у знач. наз. усяля́кае, ‑ага, н. У жыцці здараецца ўсялякае, і нельга яшчэ з аднаго факта рабіць вывады. Дзятлаў.
2. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б там ні быў. Дзень прайшоў без усялякіх здарэнняў. Новікаў. — [Хлопец] ужо два разы назначаў мне спатканне, — без усялякай хітрасці казала Ліна. Алешка. Сяброўкі хацелі ўкутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хало́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).
2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.
3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўру́снік, ‑а, м.
Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памянш.-ласк. да храпа 1.
хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрып, ‑у, м.
1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.
2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ціка́віць, ‑каўлю, ‑кавіш, ‑кавіць; незак., каго-што.
1. Выклікаць цікавасць, імкненне даведацца пра каго‑, што‑н.; звяртаць на сябе ўвагу каго‑н. Цяпер Галы цікавілі .. [Андрэя] з другога боку. Ён вывучаў іх як спецыяліст і прыкідваў, як прыступіцца да іх, каб асушыць. Дуброўскі. Рыгора цікавіла ўсё, што ён бачыў перад сабою. Гартны.
2. Разм. Выклікаць захапленне, прыхільнасць да сябе. [Марыльку] цікавіць толькі Сярожа. Брыль. [Лабановіч] нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе [Ядвісіных] вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́ць, ‑эе; незак.
1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.
2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.
3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
этымало́гія, ‑і, ж.
1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае роднасныя сувязі і паходжанне слоў. Антрапанімія.. закансервавала пэўную частку лексем, якіх не захавала мова, і дае надзвычай каштоўны матэрыял для гістарычнай лексікалогіі і этымалогіі. Бірыла.
2. Паходжанне якога‑н. слова і яго роднасныя адносіны да іншых слоў той жа ці іншай мовы.
3. Уст. Раздзел школьнай граматыкі, які ўключае фанетыку і марфалогію. Чарга падыходзіць да вучняў Філюка.. — Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу вашы вучні значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі, — зазначае інспектар. Колас.
•••
Народная этымалогія — пераробка запазычанага слова па ўзору блізкага па гучанню слова роднай мовы.
[Грэч. etymología ад étymon — сапраўднае значэнне слова, ісціна і lógos — вучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
fit2 [fɪt] adj.
1. (for) прыго́дны, прыда́тны;
This meat is not fit to eat. Гэта мяса не прыдатнае для ежы./Гэта мяса нельга есці.
2. (for) здаро́вы;
He is still not fit for work. Ён яшчэ не можа працаваць.
3. у (до́брай) фо́рме;
He’s very fit this season. Ён у вельмі добрай форме ў гэтым сезоне;
keep fit захо́ўваць (до́брую) фо́рму;
I run every morning to keep fit. Я займаюся бегам кожную раніцу, каб заставацца ў форме.
♦
(as) fit as a fiddle infml у до́брым здаро́ўі;
He is over ninety now, but still as fit as a fiddle. Яму зараз за дзевяноста, але ён яшчэ добра сябе адчувае.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)