СА́БІНА ((Sabina) Карал) (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),
дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.Сметаны «Прададзеная нявеста».
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙДА,
горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.
т. 14, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАНС ((Simons) Генры Калверт) (1899—1946),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКІ (Уладзімір Іванавіч) (н. 1.9.1956, чыг. ст. Галынец Магілёўскага р-на),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Муж С.А.Салодкай. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1985). З 1979 артыст Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1984 — ансамбля нар. музыкі «Свята». З 1985 спявае ў дуэце з Салодкай. З 1994 адзін са стваральнікаў і саліст ансамбля нар. песні «Вяселле», з 1996 саліст Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, а таксама аўтарскія творы, у т. л. «А дзе ж ты, бурлак, валачыўся» (балада), «Чапурушачка», «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» (У.Будніка).
Н.Г.Мазурына.
т. 14, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦІ́ ((Satie) Эрык Альфрэд Леслі) (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),
французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.Както і П.Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.
т. 14, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАРЖЭ́ЦКІ Баляслаў Часлававіч [1831, маёнтак (цяпер вёска) Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 1888], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це; у час эміграцыі — у ваен. школе ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губ. к-та ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861. У 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. Знаходзіўся пры атрадзе С.Ляскоўскага. Увосень 1863 эмігрыраваў. Сядзіба Свентаржэцкіх у Багушэвічах была знішчана паводле загаду М.М.Мураўёва.
Літ.:
Кісялёў Г.В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА,
трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоў для жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл. Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл. Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.
т. 14, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ГО́ДЭНС ((Saint-Gaudens) Агастэс) (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),
амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык ў Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.Л.Стывенсана (1899—1900) і інш.
т. 14, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРЭ́НКА-САЛДАЦЕ́НКА (Савелій Герасімавіч) (15.12.1905, в. Чырвоны Бераг Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.10.1980),
адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т імя Леніна (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1927, з 1938 нач. штаба дывізіі, пам. нач. аператыўнага аддзела штаба БВА, нач. разведвальнага, аператыўнага аддзелаў штаба арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 у партызанах, са жн. 1943 камандзір Магілёўскага партыз. злучэння, чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. наркома асветы БССР, у 1946—62 на гасп. рабоце.
т. 14, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)