французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.Іванова (В.Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.Вароўскі, Н.Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр.гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.Гурыновічу.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫШЧЫ́НСКІ (Казімір) (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),
бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч.філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т. л.абсац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.
Літ.:
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;