моль ​1, ‑і, ж.

1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.

2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.

моль ​2, ‑я, м.

Спец.

1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.

моль ​3, ‑я, м.

Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць ​1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Наперакор, не згодна з чым‑н. Гаварыць насуперак. □ Ігнат усё намагаўся, каб сказаць якое слова насуперак, але дзе там. Лынькоў. А недзе насуперак варушылася ў душы другая думка: «А ці не прылячу я назад?» Пестрак.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насуперак» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натру́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Стаміцца, прыйсці ў хваравіты стан (ад працяглай або цяжкай працы, хады і пад.). Не забуду братэрскі я поціск Загрубелых прасоленых рук, Што натрудзіліся на спякоце... Будзь здароў, італьянскі наш друг! Панчанка. // Папрацаваць многа, да стомы. [Люба:] — Большай пакуты [раджаць] мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла, я натрудзілася страшэнна была. Чорны. Не да сустрэч і забаў вечарамі, калі так натрудзішся за дзень, што кожная часцінка цела патрабуе спачыну. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўва́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому не ўласціва неабходная ўвага; рассеяны. Няўважлівы вучань. □ Як і заўсёды, першай размову пачынае Тася. Але сёння яна на дзіва разгубленая і няўважлівая да заняткаў. Гарбук. // Які робіцца без увагі. Няўважлівае чытанне.

2. Які не выказвае ўвагі да каго‑, чаго‑н.; няветлівы. [Мікола] папракаў сябе, што быў такі няўважлівы да жонкі. Новікаў. — Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. — І то праўда. Ах, няўважлівы. Ткачоў.

3. Такі, што не можа быць прыняты да ўвагі. Няўважлівыя прычыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто спявае, падпяваючы каму‑, чаму‑н. Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася. Колас.

2. перан. Разм. Той, хто падтрымлівае каго‑н. з карыслівых меркаванняў. — Ах ты, падпявала мамін! — сказаў Зыбін, беручы на руку сына. Мележ. — Слухай ты, кулацкая падпявала, на Салаўкі захацела, контра? — Вера гаварыла праз зубы, ціха, але пагрозліва. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Не паспелі мы апамятацца, як тут жа падбеглі нейкія людзі, пачалі націскаць нам рукі, вітаць з прыездам, і нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган. // Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Палкі агітатар. Палкі змагар за нацыянальнае вызваленне.

2. Вельмі страсны, гарачы. Палкі пацалунак. Палкі позірк. □ Плывуць на памяць успаміны, Усё перажытае ўстае, Як вобраз любае дзяўчыны, Як палкі бляск яе вачэй. Гурло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ранка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Запраўленая паранай бульбай ці мукой і завараная кіпнем сечка або мякіна на корм жывёле. [Гаспадар:] — Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць,.. дык я мякіну бяру... Галавач. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. Грахоўскі.

2. Параная бульба ў лушпінах. Бацька мой служыў калісьці У пана за парабка. Век галодны, рад быў лыжцы Саладухі з паранкай. Гілевіч. Увайшлі [Галя і Васіль] у цёмныя сенцы — запахла бульбай-паранкай, нечым кіслым, але прыемным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.

2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.

3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)