праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксамаінш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл.таксамаАвечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),
раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).
Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз.эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл.таксамаДозы выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЕГАВА́НАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т. л.крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн.га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл.таксамаСіласаўборачны камбайн).
К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ,
прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).
Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 103 да 4 103кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксамаатмафільныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Й МЕХАНІЗА́ЦЫІ СРО́ДКІ,
ручныя машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія разам з асн.тэхнал. абсталяваннем забяспечваюць комплексную механізацыю вытв. працэсаў. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, лясной, дрэваапрацоўчай і інш. галінах прам-сці, а таксама ў сферы быту і абслугоўвання насельніцтва.
Да М.м.с. адносяць транспартныя і грузападымальныя сродкі (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, цялежкі, самаходныя шасі і інш.), грузазахопныя прыстасаванні, сродкі кантэйнерызацыі і пакетавання (кантэйнеры, паддоны, касеты, падхопы і інш.), захоўвання і падачы матэрыялаў (бункеры, бочкі, скрыні і да т.п.), арг-цыі рабочых месцаў (рыштаванні, памосты, люлькі, драбіны і інш.), спец. сродкі для мантажных, апалубачных. буд. работ і інш. Да М.м.с. адносяць таксама ручныя машыны і ручны інструмент.
Літ.:
Сухачев В.П., Каграманов Р.А. Средства малой механизации и вспомогательное оборудование для производства строительно-монтажных работ. М., 1981.