КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш.нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.
У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна 2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 смшыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш.бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розныхсац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТЫ́ЗМ,
форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл.Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш.Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).
Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСПЕКТЫ́ВАў мастацтве,
метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.
Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.
Літ.:
Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;
Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;
Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл.Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл.Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.Бэканам і Дж.Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;
Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.