дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),
паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс.км². Найб.глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНТАРЫ́ЗМ (gongorismo),
культэранізм, культызм, адна з 2 асн. школ ісп.барока (разам з кансептызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт Л. дэ Гонгара-і-Арготэ. З’ява, тыпалагічна роднасная марынізму ў Італіі, прэцыёзнай літаратуры ў Францыі, каралінскай школе ў Англіі. У аснове гангарызму непрыняцце пачварнай і хаатычнай рэчаіснасці, супрацьпастаўленне ёй сапраўднай рэальнасці мастацтва, артыстызму і прыгажосці. Паслядоўнікі гангарызму імкнуліся да выразнасці і вытанчанасці формы, займаліся пошукамі незвычайных метафар, неалагізмаў, складаных сінтаксічных канструкцый. Канкрэтная пачуццёвасць і жывапіснасць у гангарызме спалучаецца з эмацыянальнай і філас. насычанасцю, інтэлектуалізмам. Найб. ярка гангарызм праявіўся ў лірыцы.
Літ.:
Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮФА́І ((Dufay) Гіём) (каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),
нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз. формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-БАС (ням. Generalbaß літар. агульны бас),
баса кантынуа, лічбаваны бас, спосаб запісу муз.сугуччаў лічбамі пры басовым голасе, на аснове якога выканальнік стварае акампанемент; аснова вучэння аб гармоніі. Умоўнасць запісу дае выканаўцу-арганісту (клавесіністу) свабоду ў выбары дэталей фактуры, магчымасць імправізацыі. Генерал-бас як тып суправаджэння склаўся ў Італіі ў 2-й пал. 16 ст. Яго пашырэнне звязана з развіццём гамафоніі ў еўрап. музыцы 2-й пал. 16 — 1-й пал. 18 ст. Узоры генерал-баса сустракаюцца ў творах К.Мантэвердзі, Г.Шутца, Г.Пёрсела, А.Карэлі, А.Вівальдзі, Ж.Ф.Рамо, І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і інш. Лічбаваны спосаб запісу партыі акампанементу адрадзіўся ў джазе і эстр. музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́БРЫЯ (Calabria),
паўвостраў на ПдІталіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м.Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-растудз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),
італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Сярод вучняў Дж.Лаўры-Вольпі, Я.М.Рэшке.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎФМАН ((Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка) (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),
швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.І.Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.В.Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.Г.Клопштака).