сера́ль

(фр. sérail, ад тур. seraj < перс. särāj)

назва палаца і яго ўнутраных пакояў (гарэма) у султанскай Турцыі і некаторых іншых краінах Усходу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сераскі́р

(тур. serasker < перс. sär’askär, ад sär = галава + ар. ’askar = воін)

галоўнакамандуючы ў султанскай Турцыі 16—18 ст., з 19 ст. — ваенны міністр.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Бака́н від чырвонай фарбы’ (БРС). Рус., укр. бака́н. Запазычанне з тур.-араб. baḳḳam ’дрэва, з якога рабілі такую фарбу’. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 16–17; Фасмер, 1, 109. Адносна храналогіі параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мусяля́к (груб.) ’нязграбны чалавек’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Рус. пск., цвяр. мусли́к, мусля́к ’неахайны чалавек’, уладз., казан. муслюм ’нязграбны, дурнаваты мужчына, сапляк’. Апошняе, аднак, Корм (AfslPh, 9, 657) выводзіць з араб.-тур. muslim ’мусульманін’. Да мусоліцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сама́н ’цэгла-сырэц, вырабленая з сумесі гліны, гною і сечанай саломы’ (ТСБМ), ’ферма’ (Жд. 2). Рус. сама́н ’тс’. Цюркізм, параўн. чагат., крым.-тат., тур. saman ’салома’, гл. Радлаў, 4, 432; Фасмер, 3, 552. Магчыма рускае пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУТАКО́Ў (Рыгор Іванавіч) (9.10.1820, Рыга — 12.6.1882),

расійскі флатаводзец, заснавальнік тактыкі паравога браняноснага флоту. Адмірал (1878). Чл. Дзярж. савета (1882). Брат А.І.Бутакова. Настаўнік С.​В.​Макарава. Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1836). Служыў на Балтыйскім (БФ) і Чарнаморскім (ЧФ) флатах. У 1847—50 разам з І.​А.​Шастаковым склаў першую сістэм. лоцыю Чорнага м. У Крымскую вайну 1853—56 на чале каманды парахода-фрэгата «Уладзімір» 17.11.1853 правёў першы ў гісторыі бой паравых караблёў, узяў у палон тур. параход «Перваз-Бахры»; камандаваў атрадам параходаў-фрэгатаў у час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1856—60 гал. камандзір ЧФ, ваен. губернатар Мікалаева і Севастопаля. У 1867—77 камандзір эскадры браняносных караблёў БФ. З 1881 гал. камандзір Пецярбургскага порта. Аўтар працы «Новыя асновы параходнай тактыкі» (1863), «Правіл манеўру паравога карабля», якімі карысталіся на ўсіх флатах свету.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШНАКІ́,

члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),

дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,

помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Deichmann A Hagia Sophia. New York, 1974.

Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Канстанцінопальскага Сафійскага сабора.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),

Георгій Чорны (сапр. Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)