стэрэ́ум

(н.-лац. stereum)

губавы базідыяльны грыб сям. стэрэумавых, які расце на адмерлых дрэвах і кустах, на пнях і апрацаванай драўніне, радзей на жывых лісцевых і хвойных дрэвах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэалі́ты

(ад гр. zeo = кіплю + -літ)

група мінералаў класа сілікатаў, водазмяшчальныя алюмасілікаты пераважна кальцыю, натрыю, калію, радзей барыю, стронцыю, штучныя цэаліты выкарыстоўваюцца для ачышчэння вады, фарбавання і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вы́сечы і (радзей) вы́секчы, ‑секу, ‑сечаш, ‑сеча; ‑сечам, ‑сечаце, ‑секуць; пр. высек, ‑ла; зак., што.

1. Ссячы ўсё, знішчыць. У час вайны тут высеклі ўвесь лес, але за апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам. Шуцько. // Ссячы, выбраўшы што‑н. патрэбнае. Высечы жардзіну.

2. Секучы, дастаць, выняць што‑н. Высечы кавалак лёду.

3. Зрабіць, стварыць высечкай. Высечы паз. Высечы надпіс. Высечы помнік з граніту.

4. Выбіць, выкрасіць. Куля высекла іскру на валуне і са свістам зрыкашэціла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бронь ​1 і (радзей) бро́ня, ‑і, ж.

Замацаванне якой‑н. асобы або прадмета за кім‑, чым‑н., якое робіць іх недатыкальнымі для іншых, а таксама дакумент на такое замацаванне. У Паўла і Васі .. была бронь, аднак хлопцы вырашылі ісці на фронт. Брыль. [Ермаліцкі] падаў на подпіс бронь на зарплату. Скрыган. Леў Раманавіч раптам адчуў, што.. хавацца далей за паперкай-бронню непрыстойна і нават злачынна. Асіпенка.

бронь ​2,

У выразе: бронь божа — тое, што і барані божа (гл. бог).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКРАДЭРМАТЫ́Т [ад акра... + дэрматыт(ы)],

група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЛАСКУ́РЫЯ (Echinodermata),

тып беспазваночных жывёл. 3 падтыпы: сцябліністыя (Crinozoa, або Pelmatozoa) з 1 сучасным кл. марскіх лілей; эхіназоі (Echinozoa) з 2 кл. — марскія вожыкі і галатурыі; астэразоі (Asterozoa) з 2 кл. — марскія зоркі і афіуры. Стараж. І. ўзніклі ў дакембрыі, у раннім палеазоі, мяркуюць, існавала 23 кл. І., большасць з якіх вымерла ў палеазоі, у т. л. бластаідэі, крынаідэі, цыстаідэі і інш. Каля тыс. сучасных і 16 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах ад літаралі да глыб. 11 км. На Беларусі шматлікія рэшткі І. трапляюцца ў адкладах ардовіку, радзей — у сілурыйскіх, дэвонскіх, кам.-вуг. і зрэдку ў юрскіх адкладах.

Памеры ад некалькіх міліметраў да 1 м 20 м у некат. выкапнёвых). Форма цела нагадвае агурок, бочачку, дыск, зорку, кветку або бутон на сцябле, сэрца, чарвяка, шар. У будове цела характэрна прамянёвая (радыяльная) сіметрыя і вапнавы ўнутр. шкілет з іголкамі, шыпамі і інш. на паверхні. Свабоднарухомыя або прымацаваныя. Ёсць унікальная для І. воднасасудзістая (амбулакральная) сістэма для перамяшчэння або дыхання. Пераважна раздзельнаполыя. Развіццё з утварэннем пелагічнай лічынкі і са складаным метамарфозам. Кормяцца жывёльнай ежай, радзей водарасцямі і рэшткамі расліннасці. І. — корм для прыдонных рыб. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Некат. знішчаюць прамысл. малюскаў.

Ігласкурыя. Марскія лілеі: 1 — метакрынус, 8 — птэраметра. Марскія зоркі: 2 — цэрамастэр, 6 — ктэнадыскус. Афіуры: 3 — змеяхвостка калючая, 10 — афіяплеўра. Марскія вожыкі: 4 — странгілацэнтротус звычайны, 5 — гетэрацэнтротус. Галатурыі: 7 — трахастома арктычная, 9 — галатурыя чорная.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.

Літ.:

Акимушкин И.И. Первопоселенцы суши. М., 1972;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Павукападобныя: 1 — павук-кругапрад нефіла плямістая; 2 — павук-скакун геліяфанус; 3 — сенакосец абідосус; 4 — павук-бакаход; 5 — вадзяны клешч піёна; 6 — ілжэскарпіён пячорны.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НЦЫ,

зрубная (радзей дашчаная) прыбудова да хаты з боку ўваходу або памяшканне, якое злучае хату з інш. жылой ці гасп. пабудовай. Уваход у С. часта вылучаецца ганкам або верандай. С. больш надзейна захоўваюць цяпло ў жылых памяшканнях. Вядомы ў нар. жыллі многіх краін свету. Узніклі ў старажытнасці з развіццём шматкамерных жылых дамоў.

У бел. нар. 2-камерным жыллі С. — зрубная (у выглядзе трысцена), радзей каркасная (з дошак, дыляў, плятня) прыбудова да жылога зруба; у 3-камерным жыллі С. злучалі 2 жылыя памяшканні або жылое памяшканне з клеццю ці істопкай. У сял. жыллі да пач. 20 ст. С. нярэдка не мелі столі і драўлянага памоста, служылі дапаможным памяшканнем, дзе знаходзіліся рознае начынне і прылады працы. Часам С. выкарыстоўвалі як рамесную майстэрню. У С. звычайна адгароджвалася камора, у бедных сялян — закут для жывёлы. У цэнтры і на Пд Беларусі пад С. рабілі скляпы. Летам у С. спалі. У жыллі шляхты з 16 ст. С. нярэдка абаграваліся камінам. У багатых сядзібах С. былі падобныя да прыхожай, у іх стаялі сталы, лавы і інш. мэбля. Ператварэнню С. у параднае памяшканне садзейнічаў іх падзел на 2 часткі: парадныя С., якія былі злучаны з жылымі пакоямі, і гасп., што злучалі жылую і гасп. часткі дома.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ірэзі́нэ

(н.-лац. iresine)

травяністая, радзей кустовая або дрэвавая расліна сям. аксамітнікавых з зеленаватымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Аўстраліі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ктэні́дыі

(н.-лац. ctenidia, ад гр. kteis, -enos = грэбень)

1) органы дыхання ў малюскаў; жабры;

2) грэбеняпадобныя хіцінавыя пласцінкі на галаве, радзей на грудзях і брушку ў некаторых насякомых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)