ІВАНО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (н. 16.7.1929, Масква),
ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.К.Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУ Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.А.Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял. Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.
Л.Л.Ачыновіч.
т. 8, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЫРАЎСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,
удзельнікі барацьбы супраць польск. інтэрвентаў у ваколіцах Мінска ў 1919—20. Партыз. атрад створаны ў кастр. 1919 пад кіраўніцтвам Мінскага падп. к-та КГІ(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца, Гатава і інш. Камандзір С.С.Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую л-ру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх салдат, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі аб праціўніку, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, знішчалі жывую сілу ворага. 27—28.4.1920 дэфензіва арыштавала 24 партызаны, 7 мая з іх расстраляны В.С.Васілеўскі, А.І.Кепе, В.П.Пагірэйчык, С.Р.Плашчынскі, М.Процкі, Л.В.Путырскі, У.В.Шумскі (пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках, на магіле помнік).
т. 8, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1959, адкрыты ў 1961 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў, сабраных гісторыкам М.Ф.Мельнікавым. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак Крычаўскага замка, калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай, зброі 11—19 ст., звон 1748, адліты ў Крычаве, матэрыялы пра Грунвальдскую бітву 1410, Крычаўскае паўстанне 1743—44, Крычаўскую суднаверф, стварэнне і дзейнасць партыз. руху і падполля ў час Вял. Айч. вайны. Захоўваюцца асабістыя рэчы ўраджэнцаў Крычаўшчыны М.С.Кісялёва, І.І.Гусакоўскага, А.Я.Смалякова і інш., калекцыі нар. адзення, прылад працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. ганчароў, творы прыкладнога мастацтва, жывапісу.
Н.М.Марозава.
т. 8, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968 у г. Любань Мінскай вобл., адкрыты ў 1971. Пл. экспазіцыі 175,5 м², 9,4 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў калекцыя археал. знаходак эпохі неаліту і бронзы, манетны скарб часоў Рэчы Паспалітай, матэрыялы пра 1-ю сусв. вайну, рэв. рух на Любаншчыне ў 1905—07 і 1917, асушэнне Мар’інскіх балот і дзейнасць чырвонаармейскай камуны і яе заснавальнікаў, партыз. рух і дзейнасць патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза П.Р.Алейнікава, З.Р.Лышчэню, Дз.С.Наруцкага, Герояў Сац. Працы, дзеячаў літаратуры і навукі, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі раёна ў пасляваенны час. У экспазіцыі музея карціны самадз. мастакоў, тканыя і ганчарныя вырабы мясц. майстроў.
Н.М.Сіняк.
т. 9, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 273,2 м², каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.
І.І.Васількова.
т. 9, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ АБЛАСНЫ́ АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА Існаваў у 1945—62 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Створаны на базе агітатрада імя М.Горкага, які пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў працягваў дзейнасць пад назвай Партыз. ансамбль Вілейскай вобл. З 1946 прафес. калектыў, у 1947 папоўнены артыстамі расфарміраванага Мазырскага (Палескага) ансамбля песні і танца. Кіраўнікі: А.С.Нікалаеў і Ф.Р.Ягадзінскі, з 1952 А.І.Білібін. Манера выканання акадэмічная. Выступаў у суправаджэнні баяністаў. У рэпертуары апрацоўкі бел. («Ой, ляцелі гусі з броду»), рус. і ўкр. нар. песень, творы муз. класікі, арыгінальныя вак.-харэаграфічныя кампазіцыі «Партызанскія танцы», «Ураджайная». Расфарміраваны.
Літ.:
Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди Нарочанского края. Мн., 1975.
Г.І.Цітовіч.
т. 9, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)