1) астр.з’ява кароткай успышкі невялікага нябеснага цела, якое з вялікай хуткасцю ўлятае ў зямную атмасферу з міжпланетнай прасторы, а таксама само такое цела;
2) перан. што-н. нечаканае, яркае, але хуткацечнае, недаўгавечнае.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
эпіцэ́нтр
(п.-лац. epicentrum, ад гр. ері = над + kentron = цэнтр)
1) вобласць на паверхні Зямлі, размешчаная непасрэдна над ачагом землетрасення або выбуху;
2) перан. месца, дзе з найбольшай сілай праяўляецца якая-н.з’ява, падзея (напр. э. пажару, у эпіцэнтры падзей).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ, акцэлерацыя,
1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.
2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ СВЯТЛА́,
з’ява агінання святлом контураў непразрыстых цел, якая прыводзіць да парушэння законаў геаметрычнай оптыкі. У больш шырокім сэнсе Д.с. — сукупнасць эфектаў, якія назіраюцца пры распаўсюджванні святла ў асяроддзі, з яўна выражанымі неаднароднасцямі.
Д.с. тлумачыцца праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла і адбываецца, калі святло праходзіць праз вузкія шчыліны і адтуліны ў непразрыстых экранах ці каля краёў непразрыстых цел (памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі святла). Дыфракцыйная карціна з’яўляецца вынікам інтэрферэнцыі дыфрагаваных хваль і вызначаецца суадносінамі паміж памерамі перашкод ці адтулін і даўжынёй хвалі святла і характарызуецца адпаведным размеркаваннем інтэнсіўнасці. Разлік найпрасцейшых дыфракцыйных карцін робіцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу. Пры Д.с. ад кропкавай крыніцы (сферычная хваля) на круглай адтуліне ці круглым экране (дыфракцыя Фрэнеля) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных кольцаў (дыфракцыйны відарыс перашкоды). Пры дыфракцыі плоскай светлавой хвалі на вузкай шчыліне (дыфракцыя Фраўнгофера) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных палос (дыфракцыйны відарыс крыніцы святла). Д.с. на дыяфрагмах і аправах аб’ектываў абмяжоўвае раздзяляльную здольнасць аптычных прылад (мікраскопаў, тэлескопаў і інш.). На Д.с. заснавана дзеянне дыфракцыйных рашотак, узнаўленне галаграфічных відарысаў і інш выкарыстанні галаграфіі.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыя святла. Размеркаванне інтэнсіўнасці (1) і дыфракцыйная карціна (2) пры дыфракцыі Фраўнгофера на вузкай шчыліне шырынёй b, φ — вугал дыфракцыі.Да арт.Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная карціна пры дыфракцыі Фрэнеля на круглай адтуліне (1) і круглым экране (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ННЕў філасофіі,
акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.
П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,
помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр.Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСВЯДО́МАСЦЬ,
усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.
Літ.:
Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;
Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;
Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;
Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аб’е́кт
(лац. objectus = прадмет)
1) філас. усё тое, што складае частку знешняга, матэрыяльнага свету, існуе незалежна ад нашай свядомасці;
2) з’ява, прадмет, на якія накіравана пэўная дзейнасць (напр. а. назірання);
3) прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго-н. як месца чалавечай дзейнасці (напр. а. будаўніцтва, ваенны а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),
вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант.атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.Бэкан, Г.Галілей, Р.Дэкарт, І.Ньютан, М.В.Ламаносаў, К.Лышчынскі, Б.Спіноза, С.Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.
Літ.:
Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ.М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКО́Н,
унутраная істотная і ўстойлівая сувязь з’яў, якая абумоўлівае іх развіццё і ўпарадкаванае змяненне. Паняцце З. блізкае да паняцця заканамернасці як сукупнасці ўзаемазвязаных па змесце законаў, якія забяспечваюць устойлівую тэндэнцыю або накіраванасць ў змяненні сістэмы. З. выяўляе і адзін з бакоў сутнасці (гл.Сутнасць і з’ява). У сістэме аб’ектыўнага ідэалізму ён трактуецца як выяўленне сусв. розуму, увасобленага ў прыродзе і грамадстве. З пункту погляду суб’ектыўнага ідэалізму З. прыўносіцца ў рэальны свет суб’ектам, які яго пазнае: розум дае законы прыродзе. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з таго, што З. мае аб’ектыўны характар, выражае рэальныя адносіны рэчаў і адлюстроўвае іх у свядомасці. На ранніх ступенях развіцця навукі ўстанаўліваліся эмпірычныя, або фенаменалагічныя З., якія выяўлялі сувязь паміж уласцівасцямі рэчаў і з’яў, што назіраліся пачуццёва (напр., Бойля—Марыёта закон). Тэарэт. З. раскрываюць глыбокія ўнутр. сувязі працэсаў, механізмы іх выкарыстання, уводзяць аб’екты (малекулы і атамы), што назіраюцца тэарэтычна. З пункту погляду дакладнасці прадказанняў адрозніваюць статыстычныя і дынамічныя законы. У залежнасці ад ступені агульнасці і сферы дзеяння адрозніваюць прыватныя, або спецыфічныя З., якія выражаюць сувязь паміж канкрэтнымі фіз., хім. або біял. ўласцівасцямі (напр., З. узаемасувязі масы і энергіі), і ўсеагульныя, або універсальныя З., якія выражаюць узаемасувязь паміж універсальнымі ўласцівасцямі і атрыбутамі матэрыі (напр., З. захавання і ператварэння энергіі, З. сусв. прыцягнення, З. дыялектыкі). Паміж агульнымі і прыватнымі законамі існуе дыялект. ўзаемасувязь: агульныя З. дзейнічаюць праз прыватныя, а апошнія уяўляюць сабой праяўленне агульных. Чалавек як звяно натуральнага працэсу сам падпарадкоўваецца З. гэтага працэсу. Але дзякуючы свайму веданню прыроды ён можа ўнутры вядомых межаў выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах яе ўласныя заканамернасці. З. дапамагаюць людзям тлумачыць з’явы працэсы рэчаіснасці, прымаць рашэнні і ажыццяўляць практычныя пераўтварэнні ў розных сферах дзейнасці.