ро́дзіч, ‑а, м.
1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).
2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ручны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.
2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.
3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадаро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які рухаецца ў адным кірунку з чым‑н. Якраз дзьмуў вецер спадарожны. Аўрамчык. Ад бліжэйшай да МТС чыгуначнай станцыі юнак дабіраўся на спадарожнай машыне. Даніленка. / у знач. наз. спадаро́жны, ‑ага, м. Спадарожныя стаялі на беразе і казалі: «Глядзі ты, які .. наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць». Колас.
2. Які сустракаецца на шляху, на дарозе. Спадарожная станцыя. Спадарожная вёска.
3. Які існуе поруч, разам з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. асноўнаму. Спадарожныя газы. □ У каментарыях .. не прыводзяцца спадарожныя элементы бытавання і расказвання казак, запісаных у пасляваенны час. Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стру́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.
2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; незак., каго.
1. Тузаць, торгаць каго‑н. [Начальнік разведкі] .. пачаў тармасіць аднаго з разведчыкаў за плячо. — Лёша, Лёша, падымайся. Ёсць заданне. Асіпенка. Тармасілі .. [Хомку] разы два, што блін гарачы ёсць, з ячнае мукі. Гарэцкі. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных Віцю і Міхася. Чарнышэвіч. — Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі! Даніленка. / у безас. ужыв. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Пташнікаў.
2. перан. Прыставаць да каго‑н. з якімі‑н. справамі, патрабаваннямі, роспытамі; надаядаць каму‑н. Тармосяць Параньку, распытваюць, як гэта ёй удалося [прывезці сетку на агароджу]. А яна спакойна адказвае. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Раптоўнае загаранне, непрацяглы бляск, нядоўгае ззянне. Успышка бензіну. □ Зноў на рэйках нікога няма, а ад участка да ўчастка пакаціліся вогненныя ўспышкі. Васілеўская. Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. І следам за ўспышкай зарніц Даносіла ветрам здалёку Дыханне бурлівых крыніц. Кірэенка.
2. Раптоўнае кароткачасовае і моцнае праяўленне чаго‑н. Успышка тыфу. □ Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. // Нечаканае праяўленне раздражнення, абурэння. Валенда панура маўчаў. Успышка гневу не зрабіла яго цвярозым. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурва́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.
2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элева́тар, ‑а, м.
1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».
2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.
3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.
[Ад лац. elevator — які падымае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. за кім-чым, каго-што, з дадан. сказам і без дап. Уважліва сачыць вачыма за кім‑, чым‑н. Варанецкі здалёк наглядаў за работай экскаватара, за якім цягнулася доўгая града чорнага торфу. Дуброўскі. Я стаяў і, сцяўшы зубы, наглядаў, як дужыя санітары знялі з саней насілкі. Даніленка.
2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Тое, што і назіраць (у 2 знач.). За некалькі дзён прабывання на невялікім участку заходняй граніцы я меў магчымасць наглядаць людзей, якім радзіма даверыла ахову нашай працы і нашага шчасця. Брыль. Раней Ларысе ніколі не прыходзілася наглядаць, як ажывае новы дом. Даніленка.
3. каго-што, за кім-чым і без дап. Тое, што і назіраць (у 3 знач.).
4. за кім-чым. Тое, што і назіраць (у 4 знач.). [Майстар] сам адрэгуляваў накладку, сам зрабіў заліўку і змазку машыны. Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — наглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль. Паснедаўшы, Кастусь пайшоў з Максімам і Феліксам у клуню, а Саўку і Язэпа папрасіў наглядаць за ваколіцай. — Калі што якое, — сказаў ён, — сігнальце. Якімовіч.
5. Тое, што і нагледжваць. Прыскочыўшы ў лес, Сомік пакінуў каня на тым месцы, дзе браў нядаўна кавалак [дзерава], а сам нібыта пайшоў наглядаць другі кавалак. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.
1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.
2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.
3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).
4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).
•••
Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.
І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.
Матаць (сабе) на вус гл. матаць 1.
Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.
Самі з вусамі гл. сам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)