В’ЕТНА́МСКАЯ ВАЙНА́ 1964—73,

вайна ЗША і іх саюзнікаў (Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд. Карэі, Тайланда, Філіпін) супраць нац.-вызв. сіл Паўд. В’етнама. Гл. ў раздзеле Гісторыя арт. В’етнам.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТУРЫ́Я

(ад гемата... + грэч. uron мача),

наяўнасць крыві ў мачы пры хваробах нырак і мочавывадных шляхоў. Гл. ў арт. Мочакамянёвая хвароба, Мочавыдзяляльнай сістэмы хваробы, Піеланефрыт, Прастатыт, Цыстыт і інш.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Абвешчана венг. камуністамі і сацыял-дэмакратамі ва ўмовах рэв. ўздыму пасля 1-й сусв. вайны. Існавала 133 дні (21.3—1.8.1919). Гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ Медэя Пятроўна

(н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКІ Аляксей Яўгенавіч

(3.5.1858, Масква—22.1.1930),

рускі літ.-знавец, фалькларыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). Аўтар даследаванняў і нарысаў пра Дз.Фанвізіна, В.Бялінскага, М.Лермантава, І.Тургенева; Дантэ, У.Шэкспіра і інш. Перакладаў араб. казкі, творы Нізамі, Р.Тагора. Адзін з першых даследчыкаў тэкстаў Тургенева і Л.Талстога. Вывучаў бел. фальклор і этнаграфію. У арт. «З этнаграфічных назіранняў у Рэчыцкім павеце Мінскай губ.» (1891) расказаў аб побыце прафес. старцаў-жабракоў Лоеўшчыны, выканаўцаў духоўных вершаў і псалмаў, іх рэпертуар, упершыню апісаў бел. ліру. У арт. «Духоўныя вершы (Мінская губ., Рэчыцкі пав.)» (1898) даследаваў бел. эпічныя і лірычныя нар. песні на сюжэты старазапаветных казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Рэдагаваў «Зборнік народных дзіцячых песень, гульняў і загадак» (М., 1898) П.В.Шэйна і пасля смерці фалькларыста апублікаваў пра яго арт. «П.В.Шэйн» (1901).

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАРЭ́ЛЬ

(франц. aguarelle ад лац. agua вада),

фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.

Акварэль (з дамешкам бяліл, гл. Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.Тэрнер, Р.Бонінгтан), Францыі (Э.Дэлакруа, А.Дам’е), Расіі (К.Брулоў, А.Іваноў, У.Бяхцееў, А.Астравумава-Лебедзева, А.Фанвізін, М.Урубель).

На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Дамель, К.Кастравіцкі, М.Кулеша, Н.Орда, І.Пешка, Ф.Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.Астаповіч, В.Волкаў, У.Кудрэвіч, М.Лебедзева, М.Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.Лейтмана, А.Волкава, В.Цвіркі, І.Сталярова. Новы этап развіцця акварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл. Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.Паслядовіч, У.Стальмашонка, З.Літвінавай, П.Драчова, Г.Шутава, Ф.Гумена, І.Пратасені, Г.Паплаўскага, Ф.Кісялёва, В.Паўлаўца, Л.Марчанкі.

Літ.:

Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.

У.І.Рынкевіч.

Да арт. Акварэль. М.Урубель. Партрэт Т.СЛюбатовіч у ролі Кармэн. 1890-я г.
Да арт. Акварэль. Л.Марчанка. Бэз. 1994.
Да арт. Акварэль. І.Пратасеня. Набат 1863. К.Каліноўскі і Марыся. 1990.
Да арт. Акварэль. Г.Паплаўскі. Буслы Браслаўшчыны. 1994.
Да арт. Акварэль. В.Паўлавец. Стажкі. 1991.
Да арт. Акварэль. Э.Дэлакруа. Стрэл (фантазія). 1832.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА, беспрадметнае мастацтва,

нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).

Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).

Да арт. Абстрактнае мастацтва. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. Дж.Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. В.Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМЕ́ЙКА Марыя Уладзіміраўна

(20.5.1929, Днепрапятроўск — 13.6.1990),

беларуская спявачка. Засл. арт. Беларусі (1963). З 1952 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі. Выканальніца бел. нар. жартоўных песень і прыпевак (сола і ў дуэце з Г.Аўдзеенка).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВА Юлія Канстанцінаўна

(н. 17.3.1925, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1962), нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1985). Пасля заканчэння Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1949) у Маскоўскім акад. т-ры імя Я.Вахтантава. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, і ў кіно), Прынцэса Турандот (аднайм. п’еса К.Гоцы), Ліка Мізінава («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна). За выкананне роляў Валі («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Паўліны Казанец («Кухарка замужам» А.Сафронава) і Маўры Пакрытчанка («Праўда і крыўда» М.Стэльмаха) Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1966.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЛІЯ́К Ніна Львоўна

(н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),

спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т.л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т.л. ўпершыню шэраг твораў С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.Пісарэнка, Т.Тугарынава, А.Ільіна.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)