ГРУЗІ́НСКІ Аляксей Яўгенавіч
(3.5.1858, Масква—22.1.1930),
рускі літ.-знавец, фалькларыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). Аўтар даследаванняў і нарысаў пра Дз.Фанвізіна, В.Бялінскага, М.Лермантава, І.Тургенева; Дантэ, У.Шэкспіра і інш. Перакладаў араб. казкі, творы Нізамі, Р.Тагора. Адзін з першых даследчыкаў тэкстаў Тургенева і Л.Талстога. Вывучаў бел. фальклор і этнаграфію. У арт. «З этнаграфічных назіранняў у Рэчыцкім павеце Мінскай губ.» (1891) расказаў аб побыце прафес. старцаў-жабракоў Лоеўшчыны, выканаўцаў духоўных вершаў і псалмаў, іх рэпертуар, упершыню апісаў бел. ліру. У арт. «Духоўныя вершы (Мінская губ., Рэчыцкі пав.)» (1898) даследаваў бел. эпічныя і лірычныя нар. песні на сюжэты старазапаветных казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Рэдагаваў «Зборнік народных дзіцячых песень, гульняў і загадак» (М., 1898) П.В.Шэйна і пасля смерці фалькларыста апублікаваў пра яго арт. «П.В.Шэйн» (1901).
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)