сімулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што і без дап.

1. Прытварыцца (прытварацца) хворым. Расказаў сам Сербаноўскі: — Вам, гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, .. [здраднік] сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. Шамякін.

2. Стварыць (ствараць) ілжывае ўяўленне аб чым‑н. Андрэй пайшоў з райкома з нейкім цяжкім асадкам у душы: .. падтрымаў сімулянта, чалавека, які хаваў хлеб ад дзяржавы і сімуляваў голад. Лобан.

[Ад лац. simulare.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. Той, хто вельмі хутка ходзіць, бегае. — А я думаю: што гэта за скараходы наперадзе, дагнаць немагчыма! — адразу пажартаваў.. [лейтэнант]. Лось. / у перан. ужыв. Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля: — Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Ваданосаў. // Спартсмен, спецыяліст па скарасному бегу (на каньках, лыжах і пад.). // Даўней — пасыльны, ганец.

•••

Боты-скараходы гл. боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трухля́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што струхлела, разбурана трухленнем. А калі ён [Гіляр] добра топнуў нагой і скарыначку тую прабіў, дык адразу праваліўся ў гнілізну, у трухляціну. Дубоўка. Піць, увесь час хочацца піць, а балота дыхае на нас нейкай трухляцінай. Бажко. / у перан. ужыв. [Вольга Віктараўна:] — Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удаскана́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. што.

1. Зрабіць больш дасканалым. Удасканаліць машыну. Удасканаліць вытворчы працэс. Удасканаліць улік. □ Андрэй загадаў падняць узвод і да світання ўдасканаліць абарону, акапацца як можна глыбей. Кулакоўскі.

2. Павысіць, палепшыць майстэрства чаго‑н. Аднойчы гэты сшытак .. [Арлоўскі] даў Паўлу, які хацеў удасканаліць свой почырк і любіў што-небудзь перапісваць. С. Александровіч. // Развіць, зрабіць больш успрымальным, вострым, віртуозным (пра пачуцці і пад.). Удасканаліць музыкальны слых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛАНЧЫВА́ДЗЕ,

грузінскія кампазітары. Бацька і сын.

Мелітон Антонавіч (5.1.1863, в. Баноджа, каля г. Цхалтуба — 21.11.1937), нар. арт. Грузіі (1933). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.​Рымскага-Корсакава. Збіраў нар. песні, кіраваў харамі. У 1918 заснаваў Кутаіскае муз. вучылішча (цяпер яго імя). Адзін з пачынальнікаў груз. оперы («Тамара Каварная», 1897, паводле драм. паэмы «Дарэджан Каварная» А.​Цэрэтэлі) і раманса.

Андрэй Мелітонавіч (н. 1.6.1906, С.-Пецярбург), нар. арт. СССР (1968), Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Тбіліскую (1926, клас М.​Іпалітава-Іванава) і Ленінградскую (1931) кансерваторыі. З 1935 выкладаў у Тбіліскай кансерваторыі (з 1942 праф.). Адзін з заснавальнікаў груз. кампазітарскай школы сав. часу. Аўтар 3 опер. у т. л. «Мзія» (1950), першага нац. балета «Сэрца гор» («Мзечабукі», 1936), балетаў «Старонкі жыцця» (1961), «Мцыры» (1964), 4 сімфоній, 4 канцэртаў для фп. з арк., канцэрта для фп. і струннага арк. (1978), камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хароў, песень, музыкі да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946 і 1947. Дзярж. прэмія Грузіі 1969.

Літ.:

Хучуа П. Мелитон Баланчивадзе Тбилиси, 1964;

Орджоникидзе Г. Андрей Баланчивадзе. Тбилиси, 1967;

А.​Баланчивадзе: Сб. статей и материалов. Тбилиси, 1979.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ (Андрэй) (сапр. Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),

рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр. рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб. арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў матэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.​Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.​Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.​Горкага), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.​Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.​Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.

Г.М.Гарбук.
Г.Гарбук у ролі Андрэя Буслая.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІ́ШЫ,

дзяржаўныя дзеячы герба «Лебедзь» у ВКЛ. Магчыма, іх род з’яўляецца адным са шматлікіх адгалінаванняў літоўскага баярскага роду, які прыняў герб «Лебедзь» у час заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Родапачынальнік Завіша ўпамінаецца ў 1443—86. Найб. вядомыя:

Мельхіёр (1525?—1592), маршалак гаспадарскі ў 1578—88, кашталян віцебскі з 1588. Ян (каля 1550—1626), падкаморы лідскі ў 1593—96, ваявода мсціслаўскі ў 1596—99, ваявода віцебскі і староста суражскі з 1599. Ян Мікалай (каля 1585—1647), кашталян віцебскі з 1626. Андрэй (каля 1557—1604), ваявода мінскі ў 1596—98, падскарбі земскі ВКЛ з 1598. Крыштоф (каля 1600—70), лоўчы ВКЛ у 1629—37, пісар вялікі ВКЛ у 1637—49, староста мінскі ў 1631—45 і браслаўскі з 1645, маршалак надворны ў 1649—54, маршалак вялікі ў 1654—69, кашталян віленскі з 1669. Крыштоф Станіслаў (20.4.1666—15.8.1721), староста чачэрскі з 1684, мінскі з 1685, ваявода мінскі з 1720. У мемуарах апісаў паліт. падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай. Ігнацы (каля 1690—16.8.1738), мечнік ВКЛ у 1730—34, падкаморы ВКЛ у 1734—36, маршалак надворны з 1736, староста мінскі, чачэрскі, хаславіцкі, сумілішскі і індурскі, ген.-маёр кавалерыі. Ян Казімір (1820—87), гл. Завіша Я.К.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (24.3.1900, с. Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),

расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно), Ўладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

Літ.:

Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.​С.​Козловского. М., 1964.

І.С.Казлоўскі.
І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.​Ніжнікавай пасля спектакля.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в. Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).

А.​М.​Кулагін, А.​А.​Ярашэвіч.

Княжыцкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)