помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн.аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧА,
вадасховішча у Мінскім р-не, на р.Вяча (бас. Свіслачы), за 19 км на Пн ад Мінска. Створана ў 1970. Пл. 1,68 км², даўж. 5,3 км², найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 8 м, аб’ём вады 5,1 млн.м³. Катлавіна выцягнутая. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, складзены з пяскоў, супескаў і суглінкаў. Парослыя хваёвым лесам і хмызнякамі. Берагавая лінія (даўж. 15,2 км) слаба парэзаная, ёсць заліў даўж. 300 м. Моцнапраточнае, упадае р. Чарняўка. Вярхоўі вадасховішча зарастаюць чаротам і асокамі. Зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.
Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).
Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл.Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗГА́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь (9 км ад вусця), каля в. Гезгалы, за 14 км на Пн ад г. Дзятлава. Створана ў 1959. Пл. 1,22 км², даўж. 2,5 км, найб.шыр. 1 км, найб.глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 1,22 млн.м³. Правы бераг выш. 2,5—3 м, парослы лесам, левы спадзісты, пад лугам. Дно выслана глеем і пяском. Ёсць 9 астравоў агульнай пл. 0,1 км². Сярэднегадавы сцёк 278 млн.м³. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Гезгальская ГЭС), для рыбагадоўлі і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЕ ЎЗВА́ЖВАННЕ,
метад вымярэння шчыльнасці вадкасцей і цвёрдых цел, заснаваны на Архімеда законе.
Для вызначэння шчыльнасці цвёрдага цела яго ўзважваюць двойчы: у паветры (вызначаецца маса цела) і ў вадкасці вядомай шчыльнасці, напр., у дыстыляванай вадзе (аб’ём цела — па рознасці 2 вынікаў). Пры вызначэнні шчыльнасці вадкасці ў ёй узважваюць цела вядомых мас і аб’ёму (напр., шкляны паплавок). У залежнасці ад патрэбнай дакладнасці праводзяць з дапамогай вагаў аналітычных, тэхн. або ўзорных; пры масавых вымярэннях выкарыстоўваюць спец. гідрастатычныя вагі, якія забяспечваюць хуткія вымярэнні, напр., вагі Мора—Вестфаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАПЛАЗІ́Я (ад гіпа... + грэч. plasis утварэнне),
недаразвіццё тканкі, органа, часткі цела ці ўсяго арганізма; анамалія развіцця. У аснове гіпаплазіі, як і аплазіі, ляжыць прыроджаная адсутнасць органа ці часткі цела. Прычыны ўзнікнення гіпаплазіі: эндагенныя (анамаліі першаснай закладкі зародкавых клетак) і экзагенныя (прамянёвая энергія, траўмы, ціск на цяжарную матку, уздзеянні тэмпературы, алкаголю, наркотыкаў на арганізм маці, анамальны аб’ём і інш.) фактары, што неспрыяльна ўплываюць на фарміраванне і рост зародка і плода, а таксама хваробы, у т. л. інфекцыі (краснуха, грып, поліяміэліт і інш.), што перадаюцца ад маці плоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.
Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.Шабунеўскі, інж. Р.Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял.Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУР-ЭМІ́Р, Гуры-Эмір,
маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр.арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).
Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.
Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.
Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).