ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.​М.​Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.​М.​Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.​М.​Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.​М.​Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.​І.​Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.​І.​Корк (в.а. сак.—крас. 1924), А.​І.​Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.​А.​Селіванаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧА́К Аляксандр Васілевіч (16.11.1874, Пецярбург — 7.2.1920),

расійскі ваенна-марскі дзеяч, палярны даследчык, вучоны-гідролаг, адзін з кіраўнікоў белага руху ў грамадз. вайну. Адмірал (1918), правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1906). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1894). Служыў на караблях Балтыйскага (з 1895) і Ціхаакіянскага (з 1896) флатоў. Удзельнік палярных экспедыцый 1900—03 і 1908—11 (гідролаг; яго імем быў названы адзін з астравоў у Паўн. Ледавітым ак.), рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—09 і 1911—14 у Марскім генштабе, адначасова выкладаў у Марской акадэміі (з 1908), эксперт па ваенна-марскіх пытаннях у 3-й Дзярж. думе (1907—12). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. як камандуючы Чарнаморскім флотам (1916—17). У жн. 1917 камандзіраваны ў Вялікабрытанію і ЗША. У кастр. 1918 разам з брыт. ген. А.​Ноксам прыбыў у Омск, дзе 4 ліст. прызначаны ваен. і марскім міністрам ва ўрадзе Уфімскай дырэкторыі. 18.11.1918 скінуў дырэкторыю, прыняў званне «вярх. правіцеля» рас. дзяржавы і галоўнакамандуючага яе ваен. сіламі (да 4.1.1920), устанавіў у Сібіры, на Урале і Д. Усходзе ваен. дыктатуру (гл. Калчака ўрад). Намагаўся аднавіць «адзіную і непадзельную» Рас. імперыю. Пасля разгрому сваёй арміі, узброенай і забяспечанай з дапамогай Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Японіі (да 400 тыс. чал., у т. л. 130—140 тыс. на фронце) перабраўся ў Іркуцк, каля якога (станцыя Інакенцьеўская) 15.1.1920 выдадзены вайскоўцамі Чэхаславацкага корпуса эсэра-меншавіцкаму «Паліт. цэнтру», потым перададзены бальшавіцкаму Іркуцкаму ВРК, паводле пастановы якога расстраляны. Асн. праца — «Лёд Сібірскага і Карскага мораў» (1909). Гл. таксама Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Літ.:

Арестант пятой камеры. М., 1990;

Плотников И.Ф. А.​В.​Колчак: Жизнь и деятельность. Ростов н/Д, 1998.

А.В.Калчак.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),

ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вайна грамадзянская, гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў СССР 1918—20, Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65 і Рэканструкцыя Поўдня 1865—77

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГІСТО́РЫІ ПА́РТЫІ пры ЦК КПБ, Гісторыка-палітычных даследаванняў інстытут (з кастр. 1990),

навукова-даследчая ўстанова ў структуры былой Кампартыі Беларусі ў 1929—91. Папярэднікам ін-та была камісія [Гістпарт пры ЦБ КП(б)Б], створаная ў 1921 для збору, вывучэння і выдання дакументаў і матэрыялаў па гісторыі КП(б)Б і рэв. руху на Беларусі. У 1929 пераўтворана ў Ін-т гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. Меў аспірантуру. У 1937—38 многія навук. супрацоўнікі рэпрэсіраваны, ін-т ліквідаваны. У 1945 адноўлены. У пасляваен. гады ў структуру ін-та ўваходзілі сектары: гісторыі партыі; парт. будаўніцтва; перакладаў; падрыхтоўкі і выдання прац па гісторыі барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў; парт. архіў, навук. б-ка, Дом-музей I з’езда РСДРП. Пасля перабудовы ў 1990 меў аддзелы: гісторыі Кампартыі Беларусі і паліт. партый сацыяліст. арыентацыі; тэорыі грамадскага развіцця і сучаснай палітыкі партыі; рэдакцыйна-выдавецкі. Спецыялізаваны савет ін-та прымаў да абароны канд. і доктарскія дысертацыі па гіст. навуках. Пры ін-це працаваў Бел. рэсп. савет па каардынацыі распрацоўкі гісторыі КПСС і КПБ.

Асн. кірункі работы: гісторыя рэв. руху на Беларусі, роля ў ім бальшавіцкіх арг-цый, інш. партый, утварэнне КПБ і БССР, арганізатарская і ідэалаг. дзейнасць КПБ на розных этапах, грамадз. вайна і ваен. інтэрвенцыя на тэр. рэспублікі, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, удзел бел. народа ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны. У розны час ін-т узначальвалі А.​А.​Сянкевіч, В.​А.​Сербента, П.​В.​Саевіч, І.​А.​Раманчук (в.а.), М.​А.​Ляўкоў, У.​С.​Пасэ, Я.​Р.​Пузыроў (в.а), І.​С.​Чымбург, Ф.​А.​Новікава, М.​М.​Мяшкоў, Н.​В.​Каменская, М.​Ф.​Капіч, І.​М.​Ігнаценка, Р.​П.​Платонаў. У 1991 ін-т перададзены ў падпарадкаванне Галоўархіва Рэспублікі Беларусь і пераўтвораны ў Бел. н.-д. цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі (з 1994 бел. н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, з 1996 Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы). Парт. архіў ін-та стаў асновай Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Р.​П.​Платонаў.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.​Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Крылы» А.​Карнейчука, «У добры час!» В.​Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.​Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.​Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.​Дэнеры і Ф.​Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.​Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.​Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.​Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага, «Зімовая казка» У.​Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Разлом» Б.​Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.​Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.​Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.​Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона, «Залатая карэта» Л.​Лявонава і «Першы грэх» А.​Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.​Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.​Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.​Эніка і А.​Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.​Караткевіча, «Гора і слава» А.​Петрашкевіча, «Узлёт» А.​Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.​Кавалёва паводле Я.​Баршчэўскага, «Купала» А.​Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.​Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.​Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.​Васільева, «Гульня і не больш» Д.​Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.​Цурбакоў, Л.​Гамуліна, Л.​Гарбунова, Т.​Скарута, С.​Давыдаў, А.Г. і А.​С.​Каменскія, М.​Маліноўскі, У.​Слаўкоў, М.​Кукліна, Р.​Сувораў, Л.​Усанава, Я.​Дашкоў, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў; рэжысёры: С.​Гурыч, Я.​Батурын, Б.​Насоўскі, В.​Шутаў, В.​Яснагародскі, Г.​Вагаў, В.​Бартосік; мастакі: А.​Ясафава, А.​Свішчоў, М.​Гафт, А.​Белазёраў, А.​Кляўзер, Дз.​Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.​Іваноў, Л.​Лаўрыновіч, М.​Пало, В.​Чэпелеў, Ю.​Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.​Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.​В.​Сабалеўскі, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.​Петрашкевіча.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУ́ТА, Смутны час,

тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, у якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл. Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн. Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.​М.​Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.​В.​Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.​Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.​Мініна і Дз.​Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.​Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г. рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац. дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.

Літ.:

Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;

Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;

Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;

Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;

Яго ж. Смутное время СПб., 2001;

Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;

Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;

Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;

Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;

Смута в Московском государстве. М., 1989;

Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 15, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс. чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.

Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль у 1,5 раза і дасягнула 350 тыс. чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв. к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦК РСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн. прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал. паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв. к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.

Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.

Кр.:

Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63;

Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957;

Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89;

Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;

Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ. М., 1993;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;

Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;

Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;

Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;

Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;

Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ. М., 1990;

Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ. М., 1989;

Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.

Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,

вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс. чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн. дол. зброі і на 51,6 млн. дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал. лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав. Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр. сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр. Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.

У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс. чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.​Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.​М.​Гіціс (з 7.7.1919), М.​М.​Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.​І.​Ягораў (10.1—31.12.1920), чл. РВС: Р.​І.​Берзін (10.1—18.12.1920), Х.​Г.​Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.​В.​Сталін (10.1—1.9.1920), С.​І.​Гусеў (29.8—14.10.1920), С.​І.​Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.​Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).

12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс. чал. (камандуючы П.​А.​Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.​М.​Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.

Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс. чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.​Дз.​Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл. Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.

Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв. сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт. Пінская ваенная флатылія).

Літ.:

Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;

Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;

Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел. гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,

самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл. Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.

Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.

Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн. чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв. «дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл. Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач. чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл. Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.​Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн. ч. франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл. Бітва за Англію 1940—41).

Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.

22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш. ваен. баз на Б.​Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.

Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр. СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.

7.12.1941 Японія нападам на амер. ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.

Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп. фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп. ВМФ.

Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл. Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн. амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас. сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм. вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.

Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.​М.​Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.​Я.​Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.​Д.​Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн. чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн. чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.

Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;

Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;

Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;

Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ. Кн. 1—3. М., 1991;

Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

У.​І.​Гуленка.

Да арт. Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)