ГІ́ПІУС Зінаіда Мікалаеўна (20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),

руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт. кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.​Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр. рэв. і сав. улады.

Тв.:

Стихотворения;

Живые лица. М., 1991;

Сочинения: Стихотворения, проза. Л., 1991.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (сапр. Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч

(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),

расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед. ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл. РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг. філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.

Тв.:

Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;

Революция и философия. СПб., 1905;

Философия живого опыта. СПб., 1913;

Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;

Ч. 3. Берлин;

Пг.;

М., 1922;

Введентие в политическую экономию. М., 1917;

Борьба за жизнеспособность. М., 1927.

А.А.Багданаў.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЦАЛЬ (Worcell) Станіслаў Габрыэль (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),

польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц. сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.​Каліноўскіх.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎЦКІ (Kautsky) Карл (16.10.1854, Прага — 17.10.1938),

дзеяч аўстр., герм. і міжнар. с.-д. руху, адзін з тэарэтыкаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. Скончыў Венскі ун-т (1879). З 1875 у аўстр. с.-д. руху. У 1881 у Лондане пазнаёміўся з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. У 1883 заснаваў і да 1917 рэдагаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Германіі (СДПГ) час. «Die Neue Zeit» («Новы час»). Выступаў супраць рэвізіянізму Э.Бернштэйна і рэв. радыкалізму Р.Люксембург, пазней супраць інтэрпрэтацыі марксізму У.​І.​Леніным («бальшавізм»). У 1910—12 ідэолаг цэнтрызму. У 1-ю сусв. вайну (1914) выступаў пераважна з пазіцый пацыфізму. У 1917—22 чл. Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Амстэрдам. Аўтар фундаментальных прац «Эканамічнае вучэнне Карла Маркса» (1887), «Папярэднікі сацыялізму» (1909—21), «Матэрыялістычнае разуменне гісторыі» (1927), брашуры «Дыктатура пралетарыяту» (1918) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Происхождение христианства. М., 1990.

Літ.:

Брайович С.М. Карл Каутский — эволюция его воззрений. М., 1982.

К.Каўцкі.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,

«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.​А.​Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.

М.​М.​Забаўскі.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),

ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.​Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.​Чаховіц.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;

Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.

С.​А.​Падокшын.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,

«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.​Тусакоўскі, М.​Ладыжанскі, М.​Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай у 1862 Балакіравым і Г.​Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус. рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.​Глінкі, А.​Даргамыжскага, яны развівалі нац. муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф., фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус. муз. культуры.

Літ.:

Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.

Т.​А.​Дубкова.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ВІЦ Марцін (ліст. 1632, г. Збоншынь, Польшча — ліст. 1613),

тэолаг і пісьменнік-палеміст, ідэолаг левага крыла радыкальна-рэфармацыйнага руху ў ВКЛ і Польшчы. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це. З 1559 настаўнік пратэстанцкай школы ў Вільні. З пач. 1560-х г. прыхільнік і прапагандыст анабаптызму і антытрынітарызму. Быў прапаведнікам у кальвінісцкім зборы, удзельнічаў у сінодах бел. і літ. антытрынітарыяў. Пад націскам кальвіністаў і гар. магістрата ў 1565 выехаў у Польшчу, жыў у Куявіі ў маёнтку аднадумца Я.​Немаеўскага, з якім арганізаваў антытрынітарскую суполку, потым пераехаў з ім у Люблін і ўзначаліў антытрынітарскую суполку. У 1581 у мяст. Лоск (каля г. Валожын) вёў палеміку з С.Будным і В.Цяпінскім. Лічыў веру асабістай справай чалавека, патрабаваў рэліг. верацярпімасці, выступаў супраць прыгонніцтва, Контррэфармацыі і езуітаў, адмаўляў свецкую ўладу і войны. Этыка Ч. грунтавалася на прынцыпах евангельскага вучэння і запаветаў Ісуса Хрыста. Аўтар твораў «Хрысціянскія размовы» (1575), «Пра паходжанне памылак дзетахрышчэнцаў» (1582) і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​А.​Падокшын.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Б З КАЛІ́НАЎКІ (Каліноўскі, Калінаўка, Каліновіус; ? — 1583),

бел. гуманіст, ідэолаг левай, плебейска-сял. плыні радыкальна-рэфармацыйнага руху на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., антытрынітарый. Паслядоўнік Пятра з Ганёндза і М.Чаховіца. З 1560 прапаведнік у магната-кальвініста А.​Валовіча. У 1568 пакінуў гэту службу, верагодна, з прычыны актыўнага ўдзелу ў антытрынітарскім руху ў ВКЛ. З 1567 удзельнічаў у арыянскіх сінодах у Польшчы і ВКЛ. На сінодзе ў Скрынску (пад Радамам) абраны на дыспут з дытэістамі (пратэстанты, якія прызнавалі дваістую прыроду Бога). У 1568 разам з Паўлам з Візны палемізаваў з С.Будным на сінодзе ў Іўі (каля Валожына). Каля 1569 выехаў у Польшчу і там з групай сваіх прыхільнікаў з ВКЛ заснаваў у Ракаве (цяпер у Свентакшыскім ваяв.) прымітыўна-камуніст. рэліг. суполку. Каля 1575 знаходзіўся ў Любліне. На радзіму, напэўна, ён так і не вяртаўся. Выступаў супраць эксплуатацыі, свецкай улады, войнаў, адстойваў сац. і нац. роўнасць; прычынай сац. несправядлівасці лічыў прыватную ўласнасць.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая пол. XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​П.​Падокшын.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЦЕЎ Хрыста (6.1.1849, Калофер, Балгарыя — 1.6.1876),

балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг. рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.​Хведаровіч, Н.​Гілевіч, А.​Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

Літ.:

Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.

Г.​Я.​Адамовіч.

Х.Боцеў.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)