ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,

ваўнуха (Lactarius torminosus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.

Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.

Ваўнянка ружовая.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),

мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.

Бледная паганка.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кало́цыбе

(н.-лац. calocybe)

шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых, які расце на ламаччы, лясным подсціле, глебе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

су́іл

(н.-лац. suillus)

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых, які расце пераважна ў хваёвых лясах; масляк.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бальбі́тый

(н.-лац. bolbitius)

шапкавы базідыяльны грыб сям. бальбітыевых, які расце на ўгноенай глебе ў лясах; неядомы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

панеёл

(н.-лац. panaeolus)

шапкавы базідыяльны грыб сям. гнаевіковых, які расце на багатай перагноем глебе, гною; неядомы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трыхало́ма

(н.-лац. tricholoma)

шапкавы базідыяльны грыб з групы гіменаміцэтаў, які расце на пнях, глебе ў лясах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фламулі́на

(н.-лац. flammulina)

шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых, які расце на глебе ў лясах; зімовы грыб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кліто́піл

(н.-лац. clitopilus)

шапкавы базідыяльны грыб сям. ружовапласціннікавых, які расце на палянах, узлесках; адзін з відаў — падвішань.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)