СКАБАЛАНО́ВІЧ (Мікалай Апанасавіч) (1848, Гродзенская губ. — 10.11.1918),
гісторык-візанцініст. Магістр. гісторыі (1873). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, з 1873 узначальваў там кафедру агульнай грамадзянскай гісторыі. У 1886—92 рэдактар час. «Церковный вестник». Асн. яго твор — «Візантыйская дзяржава і царква ў XI ст.» (1884), дзе на аснове грэч., лац. і ўсх. крыніц разглядаліся праблемы візант. адміністрацыі, суда, войска, царквы, мясц. кіравання, быў першай працай у рас. візанціназнаўстве. Сярод інш. прац найб. значныя: «Візантыйская навука і школы ў XI ст.», «Рэлігійны характар барацьбы асманскіх туркаў з грэка-славянскім светам», «Палітыка турэцкага ўрада ў адносінах да хрысціян і іх рэлігій», «Галілей перад судом рымскай курыі», «Раздзяленне цэркваў пры патрыярху Міхаіле Кіруларыю».
В.М.Чарапіца.
т. 14, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),
ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.Я.Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.
Тв.:
Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;
Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНКЕ́ВІЧ (Сцяпан Рыгоравіч) (23.1.1867—1919?),
бел. гісторык правасл. царквы, прапаведнік, грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя (1899). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891), потым выкладаў у ёй. У 1901—08 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та. У 1901—17 займаў і адм. пасады ў Св. Сінодзе. Вёў дабрачынную дзейнасць, рэліг.-павучальныя чытанні. Гіст. погляды Р. склаліся пад уплывам М.В.Каяловіча. Навук. дзейнасць пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі» (1892—94). Падрыхтаваў і выдаў фундаментальнае «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» (т. 1—2, 1897—1907). Аўтар прац па гісторыі Мінскай епархіі, артыкулаў у гродзенскіх, літоўскіх, мінскіх «Епархиальных ведомостях» і інш.
Тв.:
Краткий исторический очерк столетия Минской епархии... Мн., 1893;
История Минской архиепископии (1793—1832 гг.). СПб., 1893;
Жизнеописания западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897.
В.М.Чарапіца.
т. 13, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНІЧ (Міхаіл Леанардавіч) (падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),
дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́ВІЧ (Лук’ян Міхайлавіч) (20.10.1866—1938?),
бел. і рускі журналіст і выдавец, краязнавец і грамадскі дзеяч. Бацька І.Л.Саланевіча. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1886), працаваў у нар. вучылішчах Гродзенскай губ. (1886—96), потым у Гродзенскім губ. праўленні (да 1907). Адначасова з канца 1890-х г. супрацоўнічаў у «Гродненских губернских ведомостях». Чл. Гродзенскага царк.-археал. к-та, манархісцкай арг-цыі «Селянін». Разам з П.В.Каранкевічам заснаваў у 1908 Беларускае таварыства. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Прыхільнік гіст. канцэпцыі М.В.Каяловіча і паліт. платформы П.А.Сталыпіна. З 1909 у Вільні, дзе пачаў выдаваць газ. «Белорусская жизнь» (з 1911 — «Северо-Западная жизнь»). З 1916 у Ялце (Крым). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адышоў ад журналісцкай і грамадскай дзейнасці. Пасля ўцёкаў сына Івана з СССР (1934) арыштаваны і паводле некаторых звестак загінуў у лагеры г.п. Севера-Енісейскі Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1989.
Літ.:
Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996.
В.М.Чарапіца.
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́ВІЧ (Іван Лук’янавіч) (13.11.1891, в. Руднікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1953),
бел. і рускі публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, пісьменнік, грамадскі і спарт. дзеяч. Сын Л.М.Саланевіча. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1909 працаваў у газ. бацькі «Белорусская жизнь» (Вільня), з 1912 — у газ. «Новое время» (Пецярбург). Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спарт. т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік грамадз. вайны на баку белых. З 1926 у Маскве. У 1933 за спробу ўцячы з СССР зняволены і накіраваны на буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала. У жн. 1934 з сынам уцёк з лагера і прабраўся ў Фінляндыю. Потым у Балгарыі, дзе напісаў кнігу «Расія ў канцлагеры» (1936), выдаваў газ. «Голос России» (1936—38), якая стала цэнтрам рас. правапатрыят. эміграцыі, распаўсюджвалася ў 52 краінах, у т. л. даходзіла да Зах. Беларусі. Прапагандаваў ідэю «нацыянальнай праваслаўнай манархіі». Пасля забароны газеты балг. ўладамі (1938) пераехаў у Германію, знаходзіўся пад наглядам гестапа. З 1948 у Аргенціне. Заснаваная ім у Буэнас-Айрэсе газ. «Наша страна» стала цэнтрам народна-манархічнага руху, які меў на мэце ўвядзенне ў Расіі ладу нар. манархіі. Асн. філас.-паліталагічная праца «Народная манархія» (у першай рэд. «Белая імперыя», 1952).
Тв.:
Народная монархия. Мн., 1998.
Літ.:
Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996.
В.М.Чарапіца.
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Сяргей Міхайлавіч) (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),
расійскі гісторык. Бацька У.С.Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.М.Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.
Тв.:
Соч. Кн. 1—20. М., 1988—96.
Літ.:
Иллерицкий В.Е. С.М.Соловьев. М., 1980;
Цимбаев Н.И. Сергей Соловьев. М., 1990.
В.М.Чарапіца.
т. 14, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)