САЛАНЕ́ВІЧ (Лук’ян Міхайлавіч) (20.10.1866—1938?),

бел. і рускі журналіст і выдавец, краязнавец і грамадскі дзеяч. Бацька І.​Л.​Саланевіча. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1886), працаваў у нар. вучылішчах Гродзенскай губ. (1886—96), потым у Гродзенскім губ. праўленні (да 1907). Адначасова з канца 1890-х г. супрацоўнічаў у «Гродненских губернских ведомостях». Чл. Гродзенскага царк.-археал. к-та, манархісцкай арг-цыі «Селянін». Разам з П.​В.​Каранкевічам заснаваў у 1908 Беларускае таварыства. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Прыхільнік гіст. канцэпцыі М.​В.​Каяловіча і паліт. платформы П.​А.​Сталыпіна. З 1909 у Вільні, дзе пачаў выдаваць газ. «Белорусская жизнь» (з 1911 — «Северо-Западная жизнь»). З 1916 у Ялце (Крым). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адышоў ад журналісцкай і грамадскай дзейнасці. Пасля ўцёкаў сына Івана з СССР (1934) арыштаваны і паводле некаторых звестак загінуў у лагеры г.п. Севера-Енісейскі Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1989.

Літ.:

Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996.

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)