ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Падзяляюцца на грунтавыя (гліны, суглінкі, пяскі, супескі), каменныя прыродныя (жвір, бутавы камень, друз, брусчатка і інш.) і штучныя (асфальтабетон, цэментны і палімербетон і інш.), керамічныя (клінкер, тратуарныя пліткі, цагляны друз, трубы для дрэнажу), шлакавыя (шлакавы друз, адлітыя з шлакавага расплаву камяні і пліты), арган. і мінер. вяжучыя рэчывы (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты; цэмент, вапна, гіпс), бетоны і вырабы з іх, палімерныя матэрыялы (ідуць пераважна на плёнкаўтваральныя ахоўныя пакрыцці і ўмацавальныя дабаўкі да грунтоў). Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.

А.​Ю.​Пятросава.

Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКІ ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ, Гайцюнішскі «замачак»,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.​Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.

Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.

У.​М.​Пярвышын.

Гайцюнішскі дом-крэпасць.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,

бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчына ў мотальскім кажуху.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Падму́рак ’каменная або цагляная кладка пад чым-н.; фундамент’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), подму́рок ’тс’ (ТС), ’невялікая прыбудова да адрыны’ (Шушк.), падмуро́вак ’падмурак’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.), падмуро́ўка ’тс’ (Касп., Янк., Жд. 2, Сл. ПЗБ), ’выступ каля печы’ (Мат. Гом.). Запазычанне з польск. podmurek, podmurówka, дзе яны з’яўляюцца дэрыватамі ад podmurować ’падвесці каменны (цагляны) фундамент’. Гл. таксама мур.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карабо́к, ‑бка, м.

1. Невялікі кораб (у 1 знач.). Ссыпаць зерне ў карабок.

2. Невялікая стандартная каробка для запалак, алоўкаў і пад. Пачулася шорганне запалкі аб карабок. Пальчэўскі. На стале ляжала ў кардонным карабку даміно. Марціновіч.

3. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Адзін цагляны карабок нагадваў, што некалі тут, на беразе Дняпра, узвышаўся прыгожы будынак. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фунда́мент

(лац. fundamentum = аснова)

1) падмурак, аснова якога-н. збудавання, машыны і інш. (напр. цагляны ф.);

2) перан. база, аснова ведаў, пачуццяў, дзеянняў (напр. навуковы ф. эканомікі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.​К.​Радзівіла, Е.​Булгака і А.​Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.

Т.​В.​Габрусь.

Клецкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.​Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Т.​І.​Чаркяўская.

Мінскай жаночай гімназіі будынак.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

камяні́ца, ‑ы, ж.

1. Каменны або цагляны будынак. [Пан Францішак] прадаў сваю частку фальварка, купіў у ваяводскім Навагрудку камяніцу на восем кватэр. Брыль. Ціхія вулкі ўсё яшчэ чакалі таго часу, калі.. на месцы аджыўшых свой век драўляных домікаў пачнуць узвышацца шматпавярховыя камяніцы. Хадкевіч.

2. Абл. Пра камяністую глебу. Сурвіла «літасціва» дазволіў Леапольду ўзяць сабе пару дзесяцін каля Гушкавай хаты. Гэта была не зямля, а пустэча, страшэнная камяніца. Кудраўцаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)