лакані́зм, ‑у, м.

Гранічная і дакладная сцісласць (выказвання, выражэння). Лаканізм апісання. □ Лаканізм уступу, яго дзелавы тон падкрэслівае пашыранасць апісанага факта. У. Калеснік. Лепшым байкам.. [Крапівы] уласцівы выразнасць ідзі, стройнасць кампазіцыйнага рашэння, лаканізм формы. Гіст. бел. сав. літ.

[Грэч. lakonismos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасякне́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. прасякнуць (у 2 знач.). Калі Маякоўскі дакранаўся да факта ці з’явы, можа ўбачаных і апісаных іншымі, яны пачыналі выглядаць зусім па-новаму, .. пачыналі першаіснаваць. Гэта ішло ад глыбокага прасякнення наватарскім духам часу. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дамы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разважыўшы, прыдумаць дадаткова, дадумаць да канца. Аднак і пры наяўнасці самых дбайных адносін да канкрэтнага факта пісьменнік павінен нешта дадумаць, дамысліць і абагульніць. «ЛіМ». [Азгур] перш пачаў сам мне паказваць і тлумачыць замыслы, кампазіцыі, але ўгледзеў, што гэта мяне скоўвае, не дае дамысліць і пашукаць рашэння самому. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праламле́нне, ‑я, н.

1. Спец. Адхіленне, змяненне напрамку (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое. Праламленне святла. Праламленне радыёхваль.

2. перан. Суб’ектыўнае асэнсаванне якога‑н. факта, якое мяняе яго сэнс, змест. Андрэй, слухаючы Грышу, адчуваў, што ў ім, у Грышы, паўтараецца ў нейкім сваім праламленні яго, Андрэя, палітычная маладосць. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ ТЭАЛО́ГІЯ, тэалогія крызісу,

кірунак у пратэстанцкай евангелічнай тэалогіі, што склаўся ў 1920-я г. ў Германіі і Швейцарыі. Пачатак Д.т. дала праца К.​Барта «Тлумачэнне і пасланне апостала Паўла да рымлян» (1919), якая стала маніфестам і праграмай новага руху. Канцэпцыі Д.т. распрацоўвалі таксама Э.​Брунер, Р.​Бультман, Ф.​Гогартэн, П.​Тыліх і інш. Д.т. выходзіла з ідэі ранняга экзістэнцыялізму і факта татальнага адчужэння чалавека, абумоўленага стратай Бога або памылковым яго ўсведамленнем. Разуменне Бога ў Д.т. канкрэтызуецца ў ідэі здольнасці асэнсаваць парадаксальнасць быцця, кульмінацыяй якой з’яўляецца спалучэнне божай любові з панаваннем зла ў свеце. Ірацыянальная дыялектыка, якая характарызуе адносіны людзей з Богам, не дазваляе чалавеку спадзявацца на ўласныя сілы і розум, а падае яму толькі надзею на божую ласку. Прадстаўнікі Д.т. аднаўлялі лютэраўскае разуменне тэалогіі, найперш як адносін чалавека і Бога, рэабілітавалі трактоўку веры як асабістага дыялогу з Богам. У 1940—60-я г. Д.т. набыла характар выключна акадэмічнай з’явы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

факты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факта (у 1, 2 знач.); які адпавядае фактам; сапраўдны. Фактычных доказаў на Тварыцкага не было: у той час ён, як і заўсёды, быў дома, нікуды .. не адыходзіў. Чорны. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя памылкі і недакладнасці. Шкраба. // Які існуе ў наяўнасці, але не ўзаконены юрыдычна. Фактычныя шлюбныя адносіны. □ Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Багуцкага, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),

1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).

2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.

3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,

пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г. Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.​Лойд-Джордж), Францыі (А.​Мільеран), Італіі (Ф.​Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл. Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

факт в разн. знач. факт, род. фа́кта м.;

соверши́вшийся факт здзе́йснены факт;

общеизве́стный факт агульнавядо́мы факт;

привести́ фа́кты прыве́сці фа́кты;

◊

с фа́ктами в рука́х з фа́ктамі ў рука́х;

факт налицо́ факт у ная́ўнасці.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),

філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.​Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.​Шарон, П.​Бейль і інш.). У філасофіі Д.​Юма, І.​Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.​Конта, Г.​Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.

Літ.:

Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб, 1910;

Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч. М., 1975. Т. 1;

Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)