1.У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.
2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух.// Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка.Карпаў.
3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся.Чорны.// Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. □ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся.Лынькоў.На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы.Няхай.// Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся.Маўр.Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца.Васілевіч.Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы.Корбан.
4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра.Шыцік.Яны сачылі за кожным рухам настаўніка.Якімовіч.
5.перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць.Шамякін.
6.перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.
7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.
8. Развіццё дзеяння (уякім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.
•••
Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,
літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.Джойсам, В.Вулф (Англія), У.Фолкнерам, Г.Стайн, (ЗША), М.Прустам (Францыя) і інш.
Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш.У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.Фрэйда.
Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст.маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.Грынам, Г.Грасам, А.Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. Убел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.Чорнага.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;
Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
напра́мак, ‑мку, м.
1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак.М. Ткачоў.Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.В. Вольскі.// Бок, уякім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў.Брыль.
2.перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці.// Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа.Алешка.
3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры.Калеснік.У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам.«Звязда».
4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку.«Звязда».
5.узнач.прысл.напра́мкам. Укірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле.Гартны.
•••
Браць (узяць) напрамакгл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),
прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.
Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.Мірабо, Г.Летрон, П.Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.
На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.Ф.Карповіч, В.Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНЁСЛАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.
Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-й пал. 20 ст.У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.
Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант.кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст.уеўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́НКА Аляксандр Рыгоравіч (н. 30.8.1954, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Скончыў гіст.ф-т Магілёўскага пед. ін-та (1975),
Беларускую с.-г. акадэмію (1985). У 1975—77, 1980—82 праходзіў службу ў пагранічных войсках і ва Узбр. Сілах СССР. У 1977—78 на камсамольскай і сав. рабоце ў Магілёве. У 1978—80 адказны сакратар Шклоўскай раённай арг-цыі т-ва «Веды». З 1982 на адказных пасадах у аграпрамысловым комплексе. У 1990—94 дэпутат Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Узначальваючы камісію Вярх. Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзярж. кіравання (камісія па барацьбе з карупцыяй, крас. 1993 — ліп. 1994), зарэкамендаваў сябе як непрымірымы праціўнік карупцыі, як прадстаўнік новай генерацыі палітыкаў са сваёй цвёрдай і паслядоўнай пазіцыяй па галоўных кірунках рэфармавання і дэмакратызацыі бел. грамадства. 10.7.1994 абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пачаў ажыццяўляць актыўную ўнутраную і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна адстойвае курс на кансалідацыю грамадства, дзярж. ўздзеянне на эканам. і сац. пераўтварэнні, вывад краіны з эканам. і сац.-паліт. крызісу, развіццё нац. культуры і навукі, паляпшэнне дабрабыту народа, умацаванне бел. дзяржаўнасці. Яму належыць ініцыятыва выпрацоўкі новага стратэгічнага кірунку на развіццё сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Па яго ініцыятыве праведзены рэферэндум 14.5.1995, на якім большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь адобрыла ідэю інтэграцыі з Расіяй, выказалася за новую дзярж. сімволіку, наданне рус. мове роўнага статуса з беларускай; на рэферэндуме 24.11.1996 — за стварэнне замест Вярх. Савета двухпалатнага парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, інш. змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994. Ініцыятар падпісання Дагавораў аб стварэнні Супольнасці (2.4.1996) і Саюза (2.4.1997) Беларусі і Расіі. Выбраны старшынёй Вышэйшага Савета Саюза Беларусі і Расіі. 8.12.1999 разам з Прэзідэнтам Рас. Федэрацыі падпісаў Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Разам з кіраўнікамі інш. дзяржаў на саміце АБСЕ у Стамбуле падпісаў Хартыю еўрапейскай бяспекі (19.11. 1999). Развіваючы інтэграцыю, Л. адначасова ўмацоўвае суверэнітэт, нац. незалежнасць Рэспублікі Беларусь, праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку ў развіцці сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету, актывізуе ўдзел Рэспублікі Беларусь уміжнар. арг-цыях. Выступае за стварэнне бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, супраць пашырэння НАТО на Усход. Л. з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі Рэспублікі Беларусь, узначальвае Савет Бяспекі. У 1995 абраны ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі сацыяльных навук, у маі 1997 — прэзідэнтам Нац. алімпійскага камітэта Беларусі. У 1997 яму прысуджана Міжнар. прэмія імя М.А.Шолахава.
Літ.:
Александр Лукашенко — Президент Республики Беларусь. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́ЎСКІ (сапр.Аляксееў) Канстанцін Сяргеевіч
(17.1.1863, Масква — 7.8.1938),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатр. мастацтва. Нар.арт.СССР (1936). Рэфарматар т-ра, заклаў фундамент навукі аб сцэн. мастацтве (гл.Станіслаўскага сістэма). Тэатр. дзейнасць пачаў у 1877 на аматарскай сцэне як акцёр і рэжысёр. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Т-ва мастацтва і л-ры (1888). Найб. поўна і ярка талент С. раскрыўся ў Маск. маст. т-ры (МХТ), які ён заснаваў з У.Неміровічам-Данчанкам у 1898. У першай пастаноўцы «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога дасягнуў гіст. праўды, акцёрскай верагоднасці, дакладнай распрацоўкі масавых сцэн. З адкрыццём новага кірунку ў сцэн. мастацтве звязаны пастаноўкі п’ес А.Чэхава «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901), «Вішнёвы сад» (1904, усе з Неміровічам-Данчанкам), якім уласцівы глыбокі псіхалагізм, высокая паэтычнасць, ансамблевасць ігры, зладжанасць усіх маст. кампанентаў. Грамадзянскім гучаннем вызначаліся пастаноўкі драматургіі М.Горкага «Мяшчане» і «На дне» (1902, апошняя з Неміровічам-Данчанкам). Наватарствам, дакладным прачытаннем літ. твораў адметныя спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906), «Рэвізор» М.Гогаля (1908), «Жывы труп» Л.Талстога (1911), «Дзе тонка, там і рвецца» І.Тургенева (1912, усе з Неміровічам-Данчанкам). Сац. напоўненасцю і завостранасцю, яркасцю фарбаў вызначаліся спектаклі «Гарачае сэрца» А.Астроўскага (1926), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927), «Мёртвыя душы» паводле Гогаля (1932). Вобразам, створаным С.-акцёрам, уласціва тонкая псіхал. распрацоўка (Трыгорын — «Чайка», Астраў — «Дзядзька Ваня», Вяршынін — «Тры сястры»), высокі грамадзянскі пафас (Сацін — «На дне», Штокман — «Доктар Штокман» Г.Ібсена), сатыр. завостранасць, тэатр. яркасць, кідкасць (Фамусаў — «Гора ад розуму», Круціцкі — «На ўсякага мудраца хапае прастаты» Астроўскага, Арган — «Прытворна хворы» Мальера). Вёў пед. работу ў драм. і оперных студыях. Распрацоўваў метады работы над п’есай, роляй, вёў пошукі новых шляхоў усцэн. творчасці. З дзейнасцю С. звязаны новы кірунак утэатр. мастацтве, вышэйшы этап у развіцці сцэн. рэалізму. Дасягненні абгрунтаваў утэарэт. працах. Практычная дзейнасць С., тэарэт. працы зрабілі вялікі ўплыў на сусв.сцэн. мастацтва, у т. л. на беларускае.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61.
Літ.:
О Станиславском: Сб. воспоминаний, 1863—1938. М., 1948;
Станиславский: Писатели, артисты, режиссеры о великом деятеле рус. театра. М., 1963;
Полякова Е.И. Станиславский — актер. М., 1972;
Яе ж. Станиславский. М., 1977;
Сибиряков Н.Н. Мировое значение Станиславского. М., 1974;
Виноградская И.Н. Жизнь и творчество К.С.Станиславского: Летопись. Т. 1—4. М., 1971—76;
Соловьева И.Н., Шитова В.В. К.С.Станиславский. М., 1985;
Сабалеўскі А. Станіслаўскі і сучаснасць // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПОЗНЯГА АДРАДЖЭННЯ І РАННЯГА БАРОКА (канец 16 — пач. 17 ст.)
— гэта своеасаблівы пераходны этап, калі адначасова суіснавалі рэфармацыйна-гуманіст. і новыя барочныя тэндэнцыі, калі адбывалася алітаратурванне дзелавога пісьменства і эпісталаграфіі (Л.Сапега, Б.Радзівіл, К.Астрожскі, І.Пацей і інш.). Выдатным яго ўзорам служаць «Лісты» Ф.Кміты-Чарнабыльскага, багатыя на замалёўкі рэальнага побыту і каларытныя карціны жыцця вайскоўцаў. Упершыню ў літаратуры ўзнікае апавяданне аўтара пра сваю біяграфію і акалічнасці прыватнага жыцця. Аўтабіяграфічны пачатак развіваўся і ў паломніцкай літаратуры. У «Перэгрынацыі» М.К.Радзівіла Сіроткі (1601) прасочваецца пераход ад персаніфікаванага паломніцкага апавядання да літ. апісання вандроўкі на Усход. Адным з першых ва Усх. Еўропе аўтар зрабіў сваю асобу аб’ектам маст. выяўлення, што праклала шлях да ўзнікнення гіст.-мемуарнай літаратуры. Першым мемуарным творам стаў дыярыуш Ф.Еўлашоўскага, уякім малюнкі жыцця бел. шляхты пададзены ў цеснай сувязі з біяграфіяй аўтара. Разам з тым на мяжы 16—17 ст. пачынаецца працэс адасаблення дзелавога пісьменства ад літаратуры і вызваленне яе ад сувязей з абрадам, этыкетам і службова-прыкладнымі функцыямі. Г.Пельгрымоўскі ў час дыпламат. місіі ў Маскве (1600—01) склаў дыярыуш, уякім занатаваў ход перагавораў, умовы жыцця паслоў, даў тэксты дзелавых дакументаў і інш. Пасля аўтар перапрацаваў уласныя нататкі ў літ.кірунку і надаў ім вершаваную форму; частка іх захавалася ў выглядзе вершаванага дыялогу «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём...». Імкненне да паэтызацыі апавядання, разнастайнасць маст. дэталей і апісанняў выяўляюць у творы элементы барочнай паэтыкі, але ўзнаўленне ант. формы дыялогу і гумарыст. характар разважанняў герояў пра рэлігію адлюстроўваюць свядомасць чалавека эпохі Адраджэння.
На этапе пераходу ад Адраджэння да барока адбывалася станаўленне бел. паэзіі, пачатак якой быў пакладзены раней. Асн.паэт. жанрам таго часу былі эпікграмы — кароткія вершы панегірычнага і апісальнага зместу, прысвечаныя магнатам, іх палацам, гербам і інш. Першыя вершаваныя панегірыкі пісаў А.Рымша: эпікграмы на гербы Л.Сапегі і Т.Скуміна, дзе магнаты ўслаўляюцца як патрыёты і абаронцы ВКЛ. Рымшу належыць таксама вершаваная беларускамоўная «Храналогія» (1581), якую можна лічыць першым узорам школьнай паэзіі, і польскамоўная эпічная паэма «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (1585), у якой аўтар творча развівае традыцыі Я.Вісліцкага. Найб. значнае дасягненне ў ліра-эпічнай паэзіі — «Лямант на смерць Рыгора Осціка», напісаны невядомым аўтарам на польскай мове. Гіст. тэматыка, якая на працягу стагоддзяў распрацоўвалася толькі ў летапісах, хроніках і аповесцях, на пераходным этапе рэалізавалася ў велізарных гісторыка-літ. кампіляцыях. Шэраг паэтычных твораў на польскай мове склаў М.Стрыйкоўскі. Яго празаічна-вершаваныя хронікі «Ганец цноты...» (1574), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (1575—78) і «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) заснаваны на дакумент. крыніцах, у т. л.бел.-літоўскіх, і вылучаюцца шырынёй ахопу падзей, сцвярджэннем адзінства слав. народаў, услаўленнем іх гераічнага мінулага. З заснаваннем шырокай сеткі езуіцкіх школ і калегіумаў звязана ўзнікненне школьнага тэатра. Для пастановак выкарыстоўваліся лацінамоўныя і польскамоўныя драматургічныя тэксты на біблейскія сюжэты. Паміж актамі школьных драм. разыгрываліся інтэрмедыі, паводле паходжання і характару напаўфальклорныя твары, прасякнутыя нар. гумарам: «Цімон Гардзілюд» К.Пянткоўскага (каля 1584), ананімныя «Іван і царкоўны стораж» (1651), «Чорт Асмалейка» (пач. 17 ст.) і інш. Упершыню ў драматург. творах героем становіцца прадстаўнік трэцяга саслоўя (мужык, рамеснік-шавец, шкаляр). Развіццё брацкага руху і школьнай адукацыі садзейнічала выданню слав. граматык, сінкрэтычных па змесце: «Граматыка-буквар» (1574) і «Азбука» (1578) І.Фёдарава, «Граматыка славенская...» Л.Зізанія (1596), «Грамматики словенския правильна синтагма...» М.Сматрыцкага (1618—19) і інш. Граматыкі ўключалі вершы, прадмовы, прысвячэнні, рэкамендацыі навучэнцам, чым садзейнічалі пашырэнню філалагічных ведаў і ўзняццю літаратуры на прафесійную вышыню. Змена сістэмы вартасных арыентацый бел. грамадства выклікала павелічэнне цікавасці да твораў свецкай замежнай літаратуры. Ажыццяўляюцца творчыя пераклады помнікаў рэнесансавай рыцарскай літаратуры: «Аповесці пра Трышчана і Іжоту», у якой развіваецца прыгодніцкі аспект сюжэта; «Аповесці пра Баву», дзе ўзмацняецца любоўна-авантурны змест; «Гісторыі пра Атылу» і «Аповесці пра Скандэрбега», у якіх на першы план выходзяць героіка-патрыятычныя элементы, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАРА́С НА ПАРНА́СЕ»,
сатырычна-гумарыстычная паэма; помнік бел. літаратуры 19 ст. Верагодна, напісана ў 1850-я г. Доўгі час распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апубл. як ананімны твор угаз. «Минский листок» (№37 за 16.5.1889). Праблема аўтарства складаная. Выказваліся думкі, што паэма належыць пяру В.Дуніна-Марцінкевіча ці А.Вярыгі-Дарэўскага, але творчая манера гэтых пісьменнікаў далёкая ад манеры аўтара паэмы. Меркавалі, што паэму напісаў В.Равінскі, з імем якога звязвалі паэму «Энеіда навыварат», або беглы дзекабрыст, які пад імем Яўхіма Крупенькі жыў у Клімавіцкім пав. на Магілёўшчыне. Большасць даследчыкаў аддавала перавагу меркаванню этнографа Е.Р.Раманава, што аўтар паэмы — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Былі падставы думаць. што паэма напісана якім-н. пецярбургскім літаратарам-беларусам, цесна звязаным з рус.літ. коламі. Перспектывы для даследчыкаў адкрыў спіс паэмы з паметай: «К.Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок» (гл.Вераніцын К.В.). Апошнім часам паэма ўсё часцей друкуецца як аўтарскі твор Вераніцына. У снежні 2001 уг. Гарадок Віцебскай вобл. і на радзіме Вераніцына ў в. Астраўляны Гарадоцкага р-на ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы і яе верагоднага аўтара. Магчыма, у напісанні паэмы ўдзельнічаў гімназічны таварыш Вераніцына Я.Вуль.
Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўшыся аднойчы ў пушчу, трапіў знянацку на Парнас — месца знаходжання багоў і паэтаў. Некат. вонкавымі адзнакамі твор прымыкае да травесційных паэм (гл.Бурлеска), да «Энеіды навыварат». Але зніжэнне вобразаў стараж. багоў і герояў і барацьба з эстэтыкай класіцызму не гал. мэта аўтара. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэалій карціна побыту бел. сялян. З вял. сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін з першых рэаліст. вобразаў чалавека з народа ў бел. л-ры. Другая важная тэма — адлюстраванне становішча ў рус. л-ры сярэдзіны 19 ст., барацьбы перадавога і рэакц. кірункаў у ёй. Гэтаму прысвечана сцэна ўзыходжання пісьменнікаў на Парнас. Сімпатыі аўтара цалкам на баку перадавых пісьменнікаў, якія вызначалі сваёй творчасцю развіццё л-ры. Сваёй эстэт. сістэмай, дэмакр. сутнасцю паэма скіравана супраць эстэтыкі афіц. народнасці, супраць булгарынскай псеўданар. эстэтыкі. У паэме сатыр. выпады супраць славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, адмаўленне сентыменталізму, уласцівага некат. творам тагачаснай бел. л-ры. Паэма адстойвала сапраўдную народнасць л-ры, сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Твор напісаны 4-стопным ямбам пушкінскай школы, у аснове мовы — усх.-бел. гаворкі, якімі аўтар валодае віртуозна. Адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, нар. гумарыстычным апавяданнем. Вялікую ролю адыгрываюць нар. параўнанні, выслоўі, устойлівыя звароты. Арыгінальным сюжэтам, высокім узроўнем маст. дасканаласці «Т. на П.» — якасна новая з’ява ў бел. л-ры. Яна адыграла вял. ролю ў станаўленні бел.літ. мовы, развіцці бел. л-ры, ва ўмацаванні дэмакр.рэаліст. кірунку ў ёй. Перакладзена на рус., укр., польск., англ. мовы.
Публ.:
Энеіда навыварат;
Тарас на Парнасе. Мн., 1982;
Тарас на Парнасе: Нар. паэма. Мн., 1998.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Шаўцоў П. Спрадвечнае. Мн., 1973;
Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978;
Яго ж. Разыскивается классик...: Пер. с бел.Мн., 1989;
Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. [Вып. 1.];
Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX ст.Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ (Kant) Імануіл (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, уякім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.