АРША́НСКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

адмоўная геаструктура Усх.-Еўрапейскай платформы на ПнУ Беларусі і сумежнай тэр. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з ПдЗ на ПнУ на 250 км, у шырыню на 120—210 км. Абмежавана на З Беларускай, на У Варонежскай антэклізамі, на Пд Жлобінскай, на Пн і ПнЗ Веліжскай і Латвійскай седлавінамі. Фарміраванне пачалося ў сярэднім рыфеі, скончылася ў раннім вендзе. Адасоблена толькі па паверхні фундамента і адкладах рыфею і ніжняга венду. Паверхня фундамента найб. апушчана ў цэнтры Аршанскай упадзіны — да -1,6 км у Віцебскай, да -1,4 км у Магілёўскай мульдах, якія падзелены Цэнтральна-Аршанскім горстам; на ПдЗ вылучаецца Чэрвеньскі структурны заліў. Платформавы чахол уключае адклады сярэднерыфейскага (да 450 м магутнасцю), верхнерыфейска-ніжнявендскага (да 900 м), верхнявендскага (да 280 м), сярэднедэвонсканіжнекаменнавугальнага (да 200 м) і юрска-антрапагенавага (да 190 м) комплексаў. Разломы расчляняюць у асн. рыфейскія і ніжнявендскія адклады. З Аршанскай упадзінай звязаны Аршанскі гідрагеалагічны басейн.

Літ.:

Айзберг Р.Е., Гарецкий Р.Г., Климович И.В. Тектоника Оршанской впадины. Мн., 1985.

Р.​Я.​Айзберг.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).

М.​Г.​Ясавееў.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.​Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн. ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.

Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.

т. 6, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СВІДА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас. р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб. шыр. каля 4,9 км, найб. глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і З да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах. ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб. выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс. км²) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб. глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб. выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр. Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр. Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр. Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзолупадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)