ПАРТНО́ВА Зінаіда Мартынаўна (20.2.1926, С.-Пецярбург, Расія — студз. 1944),

удзельніца камсам. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З 1942 чл. к-та Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля. Распаўсюджвала лістоўкі, удзельнічала ў дыверсіях на цагельным з-дзе, электрастанцыі і вадакачцы чыг. ст. Обаль і інш. Разведчыца партыз. атрада імя Варашылава: пранікала ў варожыя гарнізоны і здабывала каштоўныя звесткі. У снеж. 1943 пасля выканання чарговага задання схоплена фашыстамі. На допыце застрэліла афіцэра. Закатавана.

З.М.Партнова.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНФІ́РАВА Вольга Аляксандраўна (2.5.1917, г. Самара, Расія — 13.12.1944),

удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыла Батайскую ваен. авіяшколу (1942). На фронце з мая 1942. Камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка. Капітан С. ў час Беларускай аперацыі 1944 бамбіла тэхніку праціўніка каля Магілёва, Гродна, на пераправе цераз р. Пціч. На яе рахунку 630 баявых вылетаў. Пры вяртанні з баявога задання яе самалёт падбіты, загінула на мінным полі. У Гродне яе імем названа вуліца.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́Н Надзея Віктараўна (н. 24.10.1921, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Канд. мед. н. (1962). Скончыла 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1947). З пач. Вял. Айч. вайны на падп. рабоце ў Смалявічах, адна са стваральнікаў падп. камсамольскай арг-цыі, потым разведчыца партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». Удзельніца падрыхтоўкі забойства ген. камісара Беларусі гаўляйтэра В.​Кубэ. Пасля вайны выкладчык ВНУ, дырэктар Усесаюзнага НДІ сан. асветы СССР, старшыня выканкома сав. Чырв. Крыжа, прарэктар 1-га Маскоўскага мед. ін-та.

Н.В.Траян.

т. 15, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА Надзея Аляксандраўна (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),

адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.

С.​У.​Жумар.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́ЛЬ (Michel) Луіза (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),

французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.

Літ.:

Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;

Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.​І.​Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.

Тв.:

Рус. пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

Р.Люксембург.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́ЙКА Вера Фамінічна (11.9.1907, в. Бераставічаны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.11.1984),

удзельніца рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 чл. Бераставіцкага райкома, з 1931 інструктар Беластоцкага акр. к-та, з 1932 — ваен. аддзела ЦК КПЗБ. У 1936—38 чл. Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. Няраз была арыштавана польск. ўладамі і зняволена ў турму. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР у вер.—снеж. 1939 старшыня Часовага выканкома на радзіме. У 1940—57 на сав., парт. і гасп. рабоце ў Пінску. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́НІК Алена Рыгораўна (4.4.1914, в. Паддзягцярня Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.4.1996),

удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1943). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыла Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948), Мінскі пед. ін-т (1952). У ноч на 22.9.1943 выбухам міны, пастаўленай М. па заданні камандавання партыз. атрада «Дзіма», быў знішчаны ген. камісар Беларусі В.Кубэ. З вер. 1943 у партызанах, потым у Маскве. З 1948 у Мін-ве дзярж. кантролю БССР. У 1952—60 нам. дырэктара цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа АН БССР. Аўтар кн. «Помста» (2-е выд., 1988).

А.Р.Мазанік.

т. 9, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІВО́НІК Васіліса Сямёнаўна (1907, в. Літвінкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1990),

удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. Брэсцкага, сакратар Гродзенскага, Слонімскага і Пінскага акр. к-таў КПЗБ. Дэлегат II з’езда КПЗБ (май 1935). У сак. 1936 арыштавана польск. ўладамі і прыгаворана да 10 гадоў турмы. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У Вял. Айч. вайну ўдзельніца партыз. барацьбы на тэр. Жабінкаўскага і Брэсцкага р-наў, чл. Жабінкаўскага раённага антыфаш. к-та. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце ў Брэсце. Ганаровы грамадзянін г. Брэста (1969). Аўтар успамінаў.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ Вера Кліменцьеўна (сапр. Берта Браніславаўна; 17.9.1874, Мінск — 12.11.1917),

удзельніца рэв. руху на Беларусі. З 1901 чл. Бунда, з 1902 чл. РСДРП(б). У 1898 зняволена, потым жыла ў Мінску пад наглядам паліцыі, у 1901 за рэв. агітацыю выслана ў мяст. Мір, у рэвалюцыю 1905—07 у Мінску. З 1909 у эміграцыі. З 1913 на парт. рабоце ў Пецярбургу. У 1917 чл. Петраградскага гар. к-та, сакратар Васільевостраўскага райкома РСДРП(б), чл. жаночага бюро ЦК РСДРП(б), чл. выканкома Петраградскага Савета. Загінула каля Царскага Сяла ў час наступлення войск Керанскага—Краснова на Петраград. Яе імем названа вуліца ў Мінску.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)