МУРА́НАЎ Леў Барысавіч (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.​Вагнера, «Музычныя вечары» Б.​Брытэна паводле Дж.​Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.​Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛІЁВІЧ Леў Майсеевіч (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.

Тв.:

4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф. арк.;

канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.​Шастаковіча (1976) з сімф. арк.;

арыя для скрыпкі і камернага арк.;

санаты;

фп. цыкл «Фрэскі»;

паэма для голасу з фп.;

зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Ф.​Цютчава, Р.​Бёрнса, А.​Пушкіна;

«Партызанскія балады» на вершы А.​Астрэйкі, М.​Танка, У.​Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;

хары, песні, музыка да радыёспектакляў.

Літ.:

Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.

Р.​М.​Аладава.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ ФАНТА́ЗІЯ,

адначасткавы сімфанічны твор; адзін з жанраў праграмнай музыкі. Спалучае рысы фантазіі (свабода тэматычнага развіцця і будовы, часам са значнымі адхіленнямі ад традыц. тыпаў) і сімфанічнай паэмы (пераважаюць карцінна-выяўл. тып праграмнасці, элементы фантастыкі).

У замежнай музыцы прадстаўлена асобнымі ўзорамі («Дачка Поўначы» Я.​Сібеліуса), шырока і рознабакова — у творчасці рус. кампазітараў П.​Чайкоўскага, А.​Глазунова, М.​Мусаргскага, С.​Рахманінава, І.​Стравінскага і інш. Блізкія да С.ф. уверцюры-фантазіі Чайкоўскага, М.​Глінкі. У рус. музыцы сфарміраваўся своеасаблівы від С.ф., заснаваны на свабодным сімф. развіцці фалькл. муз. тэм (фантазія «Камарынская» Глінкі на тэмы дзвюх рус. нар. песень, «Фантазія на сербскія тэмы» і «Іспанскае капрычыо» М.​Рымскага-Корсакава, «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага, «Уверцюра на 3 рускія тэмы» М.​Балакірава і інш.).

У творчасці бел. кампазітараў прадстаўлены традыцыйныя віды С.ф.: уверцюры-фантазіі «Зары насустрач», «Дума пра пагранічніка Лагоду» і капрычыо на тэмы бел. нар. песень М.​Аладава, С.ф. Ю.​Бяльзацкага, І.​Лучанка, «Янка» П.​Падкавырава, «Перапёлачка» Р.​Пукста, «Свята» А.​Мдывані і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Праграмная музыка, Сімфанічная паэма.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАРО́Ў Васіль Андрэевіч (7.3.1872, г. Таганрог, Расія —25.5.1964),

рускі і бел. кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1932), нар. арт. Беларусі (1949). Праф. (1918). Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М.Балакірава і А.Лядава, скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1900, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1909—33 выкладаў у кансерваторыях і муз.-драм. ін-тах у Расіі і на Украіне, у 1933—41 — у Бел. кансерваторыі. Творча развіваў рэаліст. традыцыі рус. класічнай музыкі. Напісаў шэраг твораў на матэрыяле фальклору розных народаў, у т. л. ўкр., узб., малд., туркм. і інш. У бел. муз. культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах нар. легенд «Князь-возера» (паст. 1949, Дзярж. прэмія СССР 1950; на тую ж музыку паст. балеты «Аповесць пра каханне», 1953, і «Палымяныя сэрцы», 1955); сімфонія «Беларусь» (4-я, 1934), танц. сюіта і уверцюра-фантазія на бел. тэмы (1937) для сімф. арк.; Маленькая сюіта на тэмы зах.-бел. нар. песень для хору а капэла (1943); цыкл апрацовак нар. песень для голасу з сімф. арк. «Кантрасты» (1939). Сярод інш. твораў: опера «Дзекабрысты» (паст. 1925), 4 кантаты, 6 сімфоній, 6 стр. квартэтаў і інш. Аўтар манаграфіі «Фуга» (1932) — першай рус. працы, спецыяльна прысвечанай гэтай муз. форме.

Літ. тв.: Воспоминания... М., 1957; Фуга. 3 изд. М., 1965.

Літ.:

Нисневич С. В.​А.​Золотарев. М., 1964.

С.​Г.​Нісневіч.

В.А.Залатароў.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́ЛЬ (Ravel) Марыс Жазеф (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),

французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.​Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.​Рымскага-Корсакава, А.​Барадзіна, асабліва М.​Мусаргскага (з І.​Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел. т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.

Літ.:

Крейн Ю. Симфонические произведения М.​Равеля. М., 1962;

Мартынов И. М.​Равель. М., 1979;

Равель в зеркале своих писем: Пер. с фр. Л., 1988.

В.​У.​Мазанік.

М.Равель.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІКО́ЦКІ Яўген Карлавіч (26.12.1893, С.-Пецярбург — 23.11.1970),

бел. кампазітар, адзін з заснавальнікаў бел. прафесійнай музыкі. Нар. арт. Беларусі (1953). Нар. арт. СССР (1955). Вучыўся ў Пецярбургу ў псіханеўралагічным ін-це (1911—14), ун-це (1914—15), адначасова ў прыватным муз. вучылішчы З.​Бонч-Бруевіч. З 1920 жыў у Бабруйску; адзін з арганізатараў (1927) і выкладчык муз. школы. З 1934 у Мінску. У разнажанравай яго творчасці пераважала гіст.-рэв. тэматыка, гераічныя вобразы. Вытокі яго муз. мовы ў бел. фальклоры і масавай песні. У муз. драматургіі оперных, сімф., вак.-інстр. твораў развітая лейтматыўная сістэма. Сярод твораў: оперы «Міхась Падгорны» (паст. 1939; 2-я рэд. 1957), «Алеся» (паст. 1944; новая рэд. «Дзяўчына з Палесся», паст. 1957; канчатковая рэд. «Алеся», паст. 1967) і інш.; араторыі «Вызваленне» (1939) і «У.​І.​Ленін» (1946, абедзве не скончаны); гераічная паэма для баса, хору і сімф. аркестра «Песня пра Буравеснік» (1920; 3-я рэд. 1944); 6 сімфоній (1927, 1941, 1948, 1955, 1958, 1963); сімф. паэма «50 гадоў» (1966); уверцюра «Свята на Палессі» (1953); канцэрты для трамбона (1934) і фп. (1954) з аркестрам; хары; песні; музыка да спектакляў і фільмаў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (1950—63). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Гусин И.Л. Е.​К.​Тикоцкий. М.; Л., 1965;

Нісневіч С.Г. Яўген Цікоцкі. Мн., 1972;

Дубкова Т.А. Сімфоніі Я.​Цікоцкага // Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974.

Т.​А.​Дубкова.

Я.К.Цікоцкі.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РШВІН (Gershwin) Джордж (26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),

амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.​Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л. фп. стылю Ф.​Ліста, М.​Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей!» (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.

Літ.:

Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;

Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;

Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.

Дж.Гершвін.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РУС Рыгор Фёдаравіч (н. 22.7.1942, г. Улан-Удэ, Бурація),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, кл. А.Багатырова). У 1969—72 выкладаў у муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Для творчасці С. характэрны пазітыўнае светаўспрыманне, пашыраны вобразна-тэматычны і жанравы дыяпазон: ад героікі да мяккага гумару, ад акадэмічнасці да фалькларызму і эстраднасці, ад інстр. мініяцюр да буйных муз.-тэатр. кампазіцый. Музыка вызначаецца дэмакратычнасцю, сувязямі з фалькл. крыніцамі, пранікнёны меладызм спалучаецца з гнуткай выразнай рытмікай; шырока выкарыстоўвае прынцып астынатнасці, поліфанію. Сярод твораў: нар. муз. камедыя «Несцерка» (паст. 1979), гераічная муз. камедыя «Судны час» (паст. 1984); балет «Кірмашовыя забавы» (1993); сюіта «Сваток» (1972) і паэма «Памяці герояў» (1975) для салістаў, хору і сімф. арк.; сімф. варыяцыі (1966), «Святочная уверцюра» (1979), сімфонія (1969; 2-я рэд. 1992), канцэрт «На Купалле» (1995), сімфонія-канцэрт «Каляды. Ражаство» (2000; усе для сімф. арк.); канцэрты для скрыпкі з арк. (1972), «Юнацкі» для фп. з арк. (1987); творы для арк. бел. нар. інструментаў, для эстр. арк., у т. л. «Інтэрмецца» (1964), «Святочны вальс» (1975), «Восеньскі накцюрн» (1977), «Лірычны экспромт», «Рамантычны вальс» (абодва 1984), «З добрай раніцай», «Успамін» (абодва 1985), «Аднойчы вечарам», «Зорны вальс», «Бэзавы сад» (усе 1986); творы для фп., баяна, цымбалаў, скрыпкі, флейты, кларнета; вак. і хар. творы a’cappella на бел. тэксты (больш за 20), у т. л. кантата «Шлюбная» (1998), апрацоўкі бел. нар. песень, рамансы, песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу «Па месцах баявога паходу» (1980).

Н.​А.​Юўчанка.

Р.Ф.Сурус.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́РКІН Мікалай Мікалаевіч (21.5.1869, г. Сцепанаван, Арменія — 27.12.1964),

бел. кампазітар, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў бел. прафес. музыкі. Нар. арт. Беларусі (1949). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча Рус. муз. т-ва (1892, кл. М.Іпалітава-Іванава), Пецярбургскую АМ (1899). З 1898 настаўнічаў, кіраваў аматарскімі хар. калектывамі ў Баку, з 1903 у Каўнасе, з 1905 у Вільні. З 1924 на Беларусі, працаваў педагогам настаўніцкай семінарыі, агульнаадук. школ, заг. муз. падсекцыі павятовага выканкома, арганізатарам маст. самадзейнасці ў г. Мсціслаў. З 1924 выкладчык пед. тэхнікума ў Магілёве, з 1935 у Мінску. Яго музыка адметная аптымізмам, строгай класічнай формай, меладычнасцю, апорай на бел. муз. фальклор. Збіраў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 бел., груз., арм., азерб., польскіх, літ., тадж. песень і танцаў). Сярод твораў: оперы «Вызваленне працы» (паст. 1922), «Раскіданае гняздо» паводле Я.​Купалы (клавір, 1959—64), радыёопера для дзяцей «Рукавічка» (паст. 1948); муз. камедыі «Кок-сагыз» (паст. 1939), «Песня Бярэзіны» (паст. 1947); 3 сімфаньеты (1925, «Беларускія карцінкі»; 1949, 1955), уверцюра «Памяці Янкі Купалы» (1952) для арк. бел. нар. інструментаў, сюіты для сімф. і нар. аркестраў, 11 стр. квартэтаў, хары, рамансы, песні для дзяцей на словы бел. паэтаў, музыка да драм. спектакляў. Апрацоўваў нар. necui і танцы (53 бел. нар. мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е.​Раманава, вып. 7, 1910). Складальнік зб-каў «Беларускія народныя песні і танцы» (1949) і «Беларускія народныя песні» (1959).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Большая дорога: Народный артист БССР Н.​Н.​Чуркин. Мн., 1964.

Дз.​М.​Жураўлёў.

М.М.Чуркін.

т. 17, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАТЫРО́Ў Анатоль Васілевіч (н. 13.8.1913, г. Віцебск),

бел. кампазітар, педагог. Нар. арт. Беларусі (1968). Праф. (1960). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1948 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (у 1948—62 рэктар). Сярод яго вучняў Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, С.Картэс, І.Лучанок, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан. Адзін з заснавальнікаў нац. оперы. У музыцы Багатырова гуманіст. ідэі перадаюцца яснай, пераканаўчай муз. мовай, заснаванай пераважна на інтанацыях бел. нар. песні. Узбагаціў многія жанры бел. музыкі. Сярод асн. твораў: оперы «У пушчах Палесся» (лібр. Я.​Рамановіча паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва», паст. 1939, Дзярж. прэмія СССР 1941; у 1982 здзейснена тэлеэкранізацыя 2-й рэд.), «Надзея Дурава» (лібр. І.​Келера, 1946, паст. 1956), кантаты «Сказ пра Мядзведзіху» (1937, сл. А.​Пушкіна), «Ленінградцы» (1942, вершы Джамбула), «Беларускім партызанам» (1942, вершы Я.​Купалы), «Беларусь» (1949, вершы Я.​Купалы, П.​Броўкі, П.​Труса), «Беларускія песні» (1967, сл. народныя і Н.​Гілевіча, Дзярж. прэмія Беларусі 1969), «Юбілейная» (1973); араторыя «Бітва за Беларусь» (1984, вершы Гілевіча); 2 сімфоніі (1946, 1947); «Святочная уверцюра» (1961); канцэрты для віяланчэлі (1962) і кантрабаса (1964) з арк.; фп. трыо; санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., трамбона і фп., кантрабаса і фп.; хары (у т. л. «Шумелі бярозы», «Калісьці бура на Карпатах»); вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Броўкі, А.​Куляшова, Пушкіна, М.​Лермантава, У.​Шэкспіра, Г.​Ахматавай; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да драмы Лермантава «Маскарад»), кінафільмаў.

Літ.:

Дубкова Т.А. Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;

Яе ж. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 150—162;

Ляшчэня Т. А.​В.​Багатыроў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.

Т.​А.​Дубкова.

А.В.Багатыроў.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)